Воскресенье, 14 июля 2024

На МТК «Руднікі» плюсуюць па надоях, а самая багатая на малако — карова Машка

762

Што патрэбна для таго, каб павысіць надоі малака ў каровы? Сюды мы можам аднесці дастатковасць корму і яго разнастайнасць, выкарыстанне вялікага аб’ёму вады і кармавых дабавак пры арганізацыі харчавання жывёлы. Немалаважнымі крытэрыямі з’яўляюцца і прытрымліванне графіка і правільнай тэхнікі даення, планаванне сезона ацёлу. А амерыканскія фермеры пайшлі яшчэ далей і сцвярджаюць, што для павышэння надояў каровам патрэбна… уключаць класічную музыку і рабіць масаж. Мне ж здаецца, што і догляд жывёлы знаходзіцца тут не на апошнім месцы.

Не чуў, каб на малочнатаварным комплексе «Руднікі» ААТ «Агра-Калядзічы» каровам уключалі музыку, а вось тое, што работа тут выконваецца адказна і з душой, бачыў на свае вочы. Засведчыў гэта і галоўны заатэхнік таварыства Іосіф Захарка.

Галоўны заатэхнік ААТ «Агра-Калядзічы» Іосіф Захарка і начальнік комплексу Кацярына Трыбух паказваюць, як на комплексе ўтрымліваюцца каровы.

— На комплексе справа наладжана сапраўды на належным узроўні, — сцвярджае Іосіф Казіміравіч. — Калі ж гаварыць канкрэтна па надоях, то на дадзены момант тут ад каровы ў дзень атрымліваюць 31,2 кг малака (+1,5 да адпаведнага перыяду мінулага года), таварнасць прадукцыі складае 94 %.

Па словах галоўнага заатэхніка ААТ «Агра-Калядзічы», усё малако рэалізуецца гатункам «экстра», а дзённы валавы надой складае 20 тон. За гэтымі лічбамі — дойныя каровы ў колькасці 720 галоў (увесь статак налічвае 920 БРЖ). Сам працэс даення наладжаны кругласутачна.

Начальнік комплексу Кацярына Трыбух адзначае, што дамагчыся такіх вынікаў без працавітых аператараў машыннага даення было б вельмі цяжка: тут вам і чалавечыя адносіны да жывёлы, і бездакорнае веданне сваёй справы, і строгае выкананне санітарных патрабаванняў. Вось, напрыклад, для Валянціны Невірэц, якая працуе аператарам з самага адкрыцця комплексу (а гэта нямала — 26 гадоў), кароўкі — сапраўдныя любіміцы, і нораў кожнай з іх жанчына ведае вельмі добра. Зразумела, што пры такім падыходзе да работы і вынік заўсёды будзе на патрэбным узроўні.

Самая багатая на малако кароўка Машка.

— Між іншым, самай багатай на малако з’яўляецца ў нас карова Машка, — расказвае карэспандэнтам Кацярына Леанідаўна. — У дзень яна дае 58 кг малака!

Валянціна Невірэц: калі любімая работа, то не возьме і нудота.

Канечне, ад галоднай каровы такіх надояў не дачакаешся. І ў гэтым заслуга жывёлаводаў комплексу, якія сочаць за тым, каб каровы былі забяспечаны кормам і вадой. У ліку такіх працаўнікоў — муж Валянціны Невірэц Анатолій, які побач з жонкай клапоціцца пра каровак і таксама мае 26-гадовы стаж на комплексе.

Аператар машыннага даення Святлана Яроменка і за-атэхнік-селекцыянер Святлана Паляшчук кантралююць кожную падапечную жывёлу.

На вытворчым аддзяленні належная ўвага надаецца вырошчванню прадуктыўнага маладняку — будучага дойнага статка. Гэты ўчастак работы даручаны заатэхніку-селекцыянеру Святлане Паляшчук, якая адказвае яшчэ за выкананне планаў па ўзнаўленні статка і рэалізацыю племяннога пагалоўя. Святлана Альбертаўна расказала, што на комплексе ствараюць усе ўмовы для цялят, пільна сочаць за іх здароўем.

Важна, што для самога калектыву МТК «Руднікі» работа не ў цяжар. Працаўнікі стараюцца, падтрымліваюць адзін аднаго, перажываюць за канчатковы вынік. А гэта добры заклад для яшчэ большых надояў малака.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік