Днём 19 красавіка ў РАНС паступіла паведамленне аб пажары ў Роўбіцку. Наступствы не вельмі істотныя: агонь пашкодзіў толькі дзве кухонныя шафкі.
Як мяркуецца, прычынай здарэння стала парушэнне правілаў эксплуатацыі газавых прылад. Праводзіцца праверка.
А раніцай 21 красавіка паступіла паведамленне з Шарашэва: там агонь палыхаў у будынку для сушкі драўніны, які належыць ПУП «Алеста Дрэў». Пашкоджанымі аказаліся каля пяці кубоў піламатэрыялаў. Сярод верагодных прычын пажару — парушэнне тэхналагічнага працэсу і правілаў эксплуатацыі печак і цеплагенерыруючых агрэгатаў.
24 красавіка ледзь не застаўся без жылля жыхар Ружан. Агонь у жылым доме аператыўна ўтаймавалі, але ён паспеў пашкодзіць дах і веранду. Прычынай здарэння па папярэдняй версіі спецыялістаў РАНС стала кароткае замыканне халадзільніка.
Вечарам наступнага дня ў гарадскім пасёлку здарыўся яшчэ адзін пажар — у шматкватэрным жылым доме з пячным ацяпленнем, які знаходзіцца на балансе «Камунальніка». Верагодна, што адзін з кватэраздымшчыкаў пры эксплуатацыі печкі парушыў правілы.
Акрамя таго, двойчы за мінулы тыдзень пажарныя разлікі выязджалі ў суседнія раёны: 23 красавіка ў Свіслацкі — там гарэла вагавая, на наступны дзень — у Зэльвенскі, дзе палала вясковая хата.
Райаддзел па надзвычайных сітуацыях нагадвае аб небяспецы пакінутых без нагляду запаленых печак і цеплагенерыруючых прыбораў.
Пры ўзнікненні ўзгарання тэлефануйце па нумарах 101 або 112.