Кармавая кукуруза дае высокую ўраджайнасць і пажыўны корм, дзякуючы чаму мае рашаючае значэнне ў развіцці жывёлагадоўлі. Засваяльнасць кукурузы ў параўнанні з іншымі злакамі намнога вышэй, прыкладна 90%. Як высокапажыўны корм яна прыдатная для кармлення розных жывёл і птушак. Добра ведаюць пра гэтую акалічнасць і ў сельгаставарыствах нашага раёна. Кукурузу ў рэгіёне плануецца сёлета пасеяць на плошчы ў 21425 га. Першымі распачалі сяўбу сельгаскультуры на мінулым тыдні ў ААТ «Ружаны-Агра». Пры плане ў 3400 га на 17 красавіка пасеялі 770 га, што складае 22,6 %.
Каб павіншаваць з пачынам і пацікавіцца настроем, з якім узяліся за сяўбу кукурузы, карэспандэнты «раёнкі» і завіталі ў гаспадарку. Галоўны аграном ААТ «Ружаны-Агра» Ілья Юнаш падчас размовы шчыра ўсміхаўся і з азартам расказваў аб чарговай пасяўной кампаніі. Сапраўдныя хлебаробы атрымліваюць задавальненне ад сваёй працы. А яшчэ спрадвеку разумеюць, што зямелька наша не даруе няшчырасці ў адносінах да сябе і абыякавасці.
А што датычыцца канкрэтыкі, то ў гаспадарцы да сяўбы кукурузы было набыта 70% імпартных гібрыдаў насення сельгаскультуры. Каля трэці да патрэбнасці закупляецца на Івацэвіцкім калібровачным заводзе, астатняе – шляхам тэндару на прыватных прадпрыемствах.
Папярэднічае сяўбе карпатлівая праца: унясенне арганікі па восені, яе закрыванне і ўзворванне, а яшчэ – і перадпасяўная апрацоўка. З восені ўносіцца калій, а вясной – фосфар.
У сельгаставарыстве добра разумеюць, што сам працэс сяўбы кукурузы патрабуе, у першую чаргу, дакладнасці ў рабоце і прытрымлівання агранамічных тэрмінаў. Для гэтай работы ў ААТ «Ружаны-Агра» задзейнічаны энерганасычаныя трактары з пасяўнымі 16-раднымі агрэгатамі «Кінза-3600». Дадзеныя сеялкі абсталяваны маніторамі, якія адсочваюць дваццаць пяць паказчыкаў, у тым ліку хуткасць, расходаванне зерня, памер паміж радкамі і іншыя велічыні. Секцыі, з якіх складаецца апарат для высеву, можна адрэгуляваць па глыбіні і ціску на паверхню. На 1 га зрасходуецца 100 тыс. штук зярнятак кукурузы. У бункеры сеялкі можна загрузіць адразу 2 тоны насеннага матэрыялу. За дзень у сярэднім засяваецца больш за 80 га. А так як у ААТ «Ружаны-Агра» шмат палеткаў з вялікімі плошчамі, то працаваць на сяўбе, сапраўды, адно задавальненне, ды і заработная плата надае імпэту выканаць даручаную справу якасна.
Здаецца, нядаўна ішла ўборка кукурузы, і вось вам новая пасяўная. Час бяжыць, ды яшчэ як хутка. Земляробы ў каторы ўжо раз прыступаюць да сваёй цяжкай, але вельмі пачэснай працы. Няхай жа кожнае зярнятка, кінутае вамі ў зямлю, дасць добрыя ўсходы.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік