Вторник, 14 января 2025

На малой радзіме Адама Міцкевіча пабывалі члены прафсаюзных пярвічак Пружаншчыны дзякуючы раённаму аб’яднанню прафсаюзаў

319

У мінулую нядзелю раённае аб’яднанне прафсаюзаў арганізавала турыстычную паездку ў старажытны Навагрудак.

Пабываць на малой радзіме Адама Міцкевіча, якога можна лічыць беларускім Пушкіным, дакрануцца да старажытнасці глыбокай прапанавала старшыня раённага аб’яднання Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Таццяна Гаманчук. Дарэчы, Таццяна Юр’еўна ўжо не першы раз арганізоўвае цікавыя паездкі па гістарычных мясцінах нашай краіны. Трэба ёй аддаць у гэтым належнае.

Дзень быў даволі насычаным. Спачатку мы трапілі на экскурсію ў Навагрудскі музей яўрэйскага супраціўлення. Экскурсавод, малады хлопец, якога звалі Кірыл, уразіў нас сваім веданнем тэмы. Але больш кранула тая гістарычная інфармацыя, якую мы пачулі. Сэрца сціскалася ад усведамлення таго, колькі пакутаў і жахаў вынеслі жыхары яўрэйскага гета, колькі іх загінула. Прага ж да жыцця, свабоды перамагла. Будзеце ў Навагрудку, прыйдзіце да гэтага святога месца, аддайце даніну павагі гераізму, мужнасці, пакланіцеся памяці загінулых.

Трапяткое адчуванне перапаўняла, калі прыйшлі ў дом-музей нашага славутага паэта, дзеяча, які праславіў беларускую зямлю, — Адама Міцкевіча. Сама сядзіба была разбурана ў часы Вялікай Айчыннай вайны, але адноўлена ў пасляваенны перыяд. Паслухаць пра нашага славутага Адама, аўтара «Гражыны», «Пана Тадэвуша», шматлікіх санетаў, вершаў, убачыць рэчы, якімі карыстаўся ён, было вельмі цікава. Не сумняваюся, што разуменне вялікага ўплыву творчасці Адама Міцкевіча на беларускую літаратуру ўзнікла не толькі ў мяне.

Пабывалі мы і на Замкавай гары, дзе ўбачылі рэшткі Навагрудскага замка, паглядзелі, як ідзе яго аднаўленне, зірнулі на пагорак Адама Міцкевіча.

Неаднолькавыя пачуцці, узрушэнне выклікала ў нашай групы наведванне сядзібы-музея «Літоўка». Некаторыя казалі, што нікому не будуць раіць тут пабываць. А я, наадварот, даю параду прыехаць сюды. Калі разабрацца па-сапраўднаму са сваімі пачуццямі, якія ўзнікаюць тут, то можна асэнсавана падысці да разумення свайго жыцця і таго, які след ты можаш пакінуць у ім. І ці будзе твой след прыкметны, або, калі цябе не стане, то ніхто пра цябе, акрамя родных, так і не ўзгадае…

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара