Понедельник, 4 ноября 2024

На маладзёжным кірмашы вакансій у Пружанах падлеткам расказалі, куды можна працаўладкавацца са школьным атэстатам

326

Каб паспрыяць працаўладкаванню выпускнікоў школ, днямі на базе гарадскога Палаца культуры прайшоў маладзёжны кірмаш вакансій, які быў арганізаваны па ініцыятыве райвыканкама работнікамі аддзела занятасці раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Сістэма агульнаадукацыйнага навучання заклікана падрыхтаваць падлетка да наступнага прафесійнага выбару. Аднак не ўсе выпускнікі школ паступаюць у спецыялізаваныя навучальныя ўстановы. Камусьці не хапае прахадных балаў, іншыя «стамляюцца» ад вучобы і бяруць год на «падумаць», трэція вымушаны адкласці паступленне з-за фінансавых праблем у сям’і. У любым выпадку пасля заканчэння ўступнай кампаніі некаторыя застаюцца без занятку, а гэта можа прывесці да непрыемных акалічнасцяў.

Здавалася б, які наймальнік возьме на працу маладога чалавека не тое што без працоўнага стажу, а і без спецыяльнай адукацыі? Аднак школьнікі, якія наведалі кірмаш, пераканаліся, што і такіх прапаноў ад арганізацый Пружанскага раёна нямала. Як паведаміла начальнік аддзела занятасці Алена Кудрэйка, у базе дадзеных вакансій ёсць больш за 200 варыянтаў працаўладкавання моладзі, пры гэтым больш за 100 з іх — для тых, хто жадае падзарабіць у час летніх канікулаў. Пацвярджэннем таму стаў непасрэдны ўдзел прадстаўнікоў патэнцыяльных наймальнікаў у кірмашы вакансій. Рабочыя месцы прапаноўвалі абласная бальніца «Магілёўцы», Шарашоўскі інтэрнат, ПМК-21, «Рамбуд», школа мастацтваў імя Р.Р. Шырмы, раённая клубная сістэма, камбінат кааператыўнай прамысловасці, ільнозавод, станцыя хімізацыі і шэраг сельскагаспадарчых таварыстваў.

Зразумела, што прэтэндэнтам ніхто не абяцае пасаду спецыяліста, бо тут патрэбны асаблівыя веды і ўменні. А вось некваліфікаваная праца — падсобным рабочым, садаводам, аператарам машыннага даення, слесарам і г.д. — даступная для тых, хто мае на руках толькі школьны атэстат.

У прыватнасці, памочнік кіраўніка па прававых пытаннях і карпаратыўным кіраванні санаторыя «Ружанскі» Алеся Бычэнка расказала, што арганізацыі патрэбны малады рабочы зялёнага будаўніцтва. У яго абавязках — падтрыманне належнага добраўпарадкавання санаторнай тэрыторыі. За выкананне гэтай работы кожны месяц будуць выплачваць 750 рублёў, у дадатак да таго — важкі сацыяльны пакет, які прадугледжвае ў тым ліку права на бясплатнае і неабмежаванае наведванне СПА-комплексу санаторыя (лазня, басейн, аквапарк). А яшчэ — харчаванне ў абед па зніжаным кошце.

Паралельна з непасрэднымі сустрэчамі з наймальнікамі юныя наведвальнікі кірмашу маглі прайсці тэсціраванне «Крок да прафесіі», якое дае магчымасць з дапамогай камп’ютарнай праграмы вызначыць уласныя схільнасці да той ці іншай спецыяльнасці.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік