
Нельга казаць, што наш райцэнтр адстае ад цывілізацыі, па некаторых накірунках Пружаны далёка апярэджваюць суседзяў. А вось электразапраўкі ў нашым горадзе дагэтуль не было.
Днямі гэты недахоп быў выпраўлены, дзякуючы рэалізацыі незвычайнага праекта кампаніі «Белтэлекам». Як расказаў начальнік Пружанскага цэха электрасувязi Аляксандр Валынскі, у 2022 годзе вядучы правайдар сувязі Беларусі, які займаецца развіццём i паслугамі тэлефоннай сувязi, інтэрактыўнага тэлебачання, высакахуткаснага доступу ў інтэрнэт, вiдэакантролю, гандлем высокатэхналагiчнымi таварамi, распачаў даволі не характэрны для сябе праект — устаноўку зарадных станцый для электрамабіляў. Хаця ўсё заканамерна: Белтэлекам арыентаваны на камфорт кліентаў, дык чаму не праявіць клопат пра тых, хто любіць падарожнічаць? Дарэчы, пачатак ініцыятыве быў пакладзены на Брэстчыне, у г. Пінску.
— За мінулыя два гады было зманціравана і ўведзена ў эксплуатацыю 200 электразаправак па ўсёй рэспубліцы, — расказвае Аляксандр Мікалаевіч. — Брэнд гэтага праекта «Evika!» добра стаў вядомы беларусам. Зразумела, што значная частка такіх станцый дзейнічае ў буйных гарадах краіны. Але вось такая магчымасць з’явілася і ў нас.
Праект рэалізуе філіял «Радыё, тэлебачанне і сувязь», які будзе абслугоўваць абсталяванне, хаця ў будучым разглядаецца пытанне аб перадачы кропак абласным падраздзяленням.
Цяпер некалькі слоў аб тэхнічных характарыстыках электра-АЗС. Для ўстаноўкі была падрыхтавана пляцоўка на вул. Заводскай, каля Воднага палаца. Па словах Аляксандра Валынскага, месца адпавядае патрабаванням, асноўныя — даступнасць і наяўнасць плошчы пад паркоўку аўто. Справа ў тым, што поўнасцю зарадзіцца ад станцыі можна за 4-8 гадзін у залежнасці ад паказчыкаў АКБ аўтамабіля. Такі фармат дазваляе знізіць нагрузку на батарэю і падоўжыць яе працаздольнасць. Значыць, уладальніку неабходна будзе на пэўны час пакінуць аўто, але зрабіць гэта можна без хваляванняў, таму што пляцоўка абсталявана відэаназіраннем.
Электразапраўка працуе па стандарце сілкавання Mode 3, мае раздым Туре 2 і магутнасць 22 кВт. Абсталяванне аднапаставое, таму за адзін раз падключаецца толькі адзін транспартны сродак. Але з улікам росту турыстычнай прыцягальнасці нашага райцэнтра не выключана, што падобныя станцыі з’явяцца і ў іншых мікрараёнах Пружан. Ва ўсялякім выпадку, як запэўніў Аляксандр Мікалаевіч, падобныя планы ўжо прапрацоўваюцца.
Карыстацца запраўкай вельмі проста, для чаго з мабільнага магазіна дадаткаў скачваецца праграма «Evika!», яшчэ гэта можна зрабіць праз скан QR-кода на пасту. Далей рэгістрацыя і ўнясенне плацежнага балансу са сваёй карткі з аплатай, пачынаючы за вызначаны аб’ём кВт да «Поўнага бака». І шчаслівай дарогі!
Алег Сідарэнка.
Фота Кацярыны Масік