На мінулым тыдні член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрый Наркевіч з рабочым візітам наведаў Пружаншчыну.

На вышэйшым узроўні прадстаўнікі органаў улады і прафсаюзы атрымалі даручэнне сачыць за цэнамі. Таму невыпадкова адной з прыярытэтных задач, якія стаялі на гэты раз перад сенатарам, стаў маніторынг цэн на прадукты харчавання і лекі. Недапушчальнасць росту цэн на тавары першай неабходнасці, іх наяўнасць і запасы — пытанні не аднадзённыя, яны патрабуюць рэгулярнага кантролю. Маніторынг цэн прадстаўнікі Савета Рэспублікі ажыццяўляюць з кастрычніка мінулага года. І ён будзе працягвацца.

Сярод гандлёвых аб’ектаў горада ў поле зроку трапіў «Універсам №6»: штодзень тут атаварваецца да дзвюх тысяч пакупнікоў. У магазіне Юрыя Іосіфавіча запэўнілі, што тут няма праблем ні з асартыментам, ні і з цэнамі. «Наадварот, у нас рэгулярна праводзяцца акцыі, падчас якіх тыя ці іншыя прадукты рэалізуюцца са скідкамі. На гэтым тыдні гэта могуць быць мясныя паўфабрыкаты мясцовай вытворчасці, на наступным — напрыклад, макароны, мука. І тавары на паліцах нашага магазіна пераважна беларускай вытворчасці, іх ахвотней бяруць пакупнікі, — зазначыла загадчык магазіна Жанна Ліцкевіч. — Увогуле пытанняў наконт павышэння цэн у нас не ўзнікала».
Пакупнікі, з якімі пагутарыў сенатар, таксама не выказалі нараканняў на рост цэн на прадукты. «Росту цэн я не заўважыла, — падзялілася сваім меркаваннем пенсіянерка Вера Іванаўна. — Галоўнае — было б за што купляць. Мне пенсіі хапае».

Няма праблем і ў рабоце раённай аптэчнай сістэмы. Як расказала Юрыю Наркевічу загадчык ЦРА №7 Яўгенія Трапязон, ні беларускія вытворцы, ні «Фармацыя» цэны і гандлёвыя надбаўкі не павялічвалі. Наадварот, сёння цанавая палітыка прадпрыемства накіравана на тое, каб прымаць меры па зніжэнні цаны на рознічны тавар.

Але не ўсе кліенты аптэкі аказаліся згодны з тым, што цэны на лекі стаяць на месцы. Як правіла, выраслі ў цане тавары замежнай вытворчасці: уплыў на змяненне рознічных цэн імпартных лекавых сродкаў аказваюць змяненні курсу рубля адносна замежнай валюты і змяненне кантрактнай цаны самім вытворцам.

Таксама ў гэты дзень Ю.І.Наркевіч правёў «прамую тэлефонную лінію» і выязны асабісты прыём грамадзян у Навазасімавіцкім сельвыканкаме. Пытанні, якія ўздымалі жыхары раёна перад сенатарам, тычыліся выключна добраўпарадкавання: людзі прасілі звярнуць увагу мясцовых уладаў на навядзенне парадку, асвятленне і неабходнасць рамонту тратуараў.
У полі зроку сенатара аказаўся і шэраг арганізацый, якія знаходзяцца на тэрыторыі Навазасімавіцкага сельсавета. Падчас наведвання ТАА «БелавежХімПрам» і ТАА «Група кампаній «Нятканы свет» Юрыя Наркевіча цікавілі не толькі вытворчыя пытанні, але і стварэнне новых рабочых месцаў, выплата заработнай платы, умовы працы работнікаў, рэалізацыя тавараў, у тым ліку экспарт.

«Цэны — бадай, самая абмяркоўваемая сярод насельніцтва тэма, бо іх рост адлюстроўваецца на людскім дабрабыце. Таму невыпадкова, што гэтае пытанне Кіраўнік дзяржавы даручыў узяць пад кантроль, — падкрэсліў Юрый Наркевіч, падагульняючы вынікі паездкі па рэгіёне. — Але ні падчас прыёму, ні падчас «прамой тэлефоннай лініі» не паступіла ніводнага наракання наконт росту цэн. Аналізуючы сітуацыю непасрэдна на аб’ектах гандлю не пачуў скаргаў і ад пакупнікоў, што нейкія тавары значна падаражэлі. Так, ёсць нейкі рух цэн уверх, але нязначны. Сітуацыя пад кантролем».
Марына Вакульская, Кацярына Масік (фота).