Воскресенье, 19 января 2025

На чарговай дыялогавай пляцоўцы перад пружанскай моладзю выступіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання Аляксандр Ляўчук

390

У пятніцу на Пружаншчыне прайшла чарговая дыялогавая пляцоўка. Як і папярэднія чатыры, яна атрымала маладзёжны фармат.
Нагадаем, падчас папярэдніх дыялогавых пляцовак уздымаліся тэмы маладзёжнай палітыкі, гарантый маладым спецыялістам, маладзёжных субкультур. А вось тэму апошняй: «Сістэма дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь» — падказаў нядаўні Усебеларускі народны сход, на якім абмяркоўваліся пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Невыпадкова ўдзельнікамі дыялогавай пляцоўкі сталі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання Аляксандр Ляўчук, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Таццяна Кашкан, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Канстанцін Панімаш і старшыня райкама ГА «БРСМ» Аляксандр Бабігорац.


М.П.Кудравец не проста падзяліўся з вучнёўскай і працоўнай моладдзю сваімі ўражаннямі пасля ўдзелу ва Усебеларускім народным сходзе, згадаў палітычныя пытанні, якія абмяркоўваюцца на вышэйшым узроўні, але і запрасіў юнакоў і дзяўчат да дыялога, падчас якога прапанаваў выказацца пра адметныя падзеі апошніх месяцаў, асноватворныя ідэі Года народнага адзінства і прыярытэты, якія пастаўлены ў краіне на наступную пяцігодку.


Асобна Мікалай Пятровіч засяродзіў увагу на пытаннях мясцовага самакіравання і неабходнасці частковага рэфармавання гэтай сістэмы.


Якім чынам пабудавана дзейнасць парламента, як прымаюцца законы, пра Палату прадстаўнікоў як галіну ўлады і выбар будучай прафесіі з маладымі людзьмі гаварыў А.Г.Ляўчук. Да слова, карыстаючыся магчымасцю, дэпутату агучылі прапановы, якія тычацца галіны адукацыі: на думку педагогаў, удасканалення патрабуе сістэма выпускных і ўступных экзаменаў, якія праходзяць з зусім маленькім інтэрвалам.


Асобную ўвагу ва ўдзельнікаў форуму выклікала тэма вымірання малых вёсак. На жаль, сёння назіраецца значнае памяншэнне колькасці сельскіх жыхароў. Больш за тое, прыкладна ў пятай частцы населеных пунктаў раёна — а іх на Пружаншчыне амаль дзве з паловай сотні — сёння не пражывае і пяцідзесяці чалавек. Вастрыню набыло не толькі пытанне ўрбанізацыі, але і адтоку кадраў за мяжу.
Марына Вакульская. Фота аўтара.