Вторник, 14 января 2025

На чацвёртых спаборніцтвах па стральбе сярод членаў ГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» больш удачлівымі аказаліся навічкі

2 431

Чацвёртыя раённыя спаборніцтвы па стральбе сярод членаў грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» прайшлі ў мінулую нядзелю. Традыцыйна для выпрабаванняў па трапнасці быў выбраны палігон Ліноўскай паляўнічай дачы, непадалёк ад пас.Інтэрнацыянальны.


З асаблівасцей арганізацыі сёлетняга мерапрыемства — большы састаў удзельнікаў і ранні час пачатку спаборніцтваў. Тэндэнцыя да росту колькасці жадаючых паспрабаваць сваю ўдачу ў трапнасці існуе штогод. А вось ранні пачатак быў абумоўлены спёкай, што ўсталявалася на мінулым тыдні. Тым не менш, мерапрыемства прайшло ўдала, усе яго ўдзельнікі без выключэння засталіся задаволенымі.


Як расказвае старшыня раённай структуры ГА «БТПР» Д.В.Пракопчык, да ўдзелу было дапушчана 17 паляўнічых-аматараў, якіх разбілі на пяць каманд па колькасці паляўнічых калектываў: Пружанскага, Ружанскага, Мокраўскага, Ліноўскага і Зеляневіцкага, што зарэгістраваны ў структурным падраздзяленні таварыства. Трое ўдзельнікаў выказала жаданне абараняць уласныя інтарэсы.
Праграму выпрабаванняў сёлета вырашылі не карэкціраваць: пакінуць намінацыі, апрабаваныя ў папярэднія гады. Гэта стральба па мішэні «Бягучая казуля» і стэндавая стральба па талерках.

У першай намінацыі найбольшую колькасць балаў «выбіў» Павел Чэчка (пружанская каманда). Ён набраў 30 ачкоў. Дарэчы, летась Паўлу не пашчасціла нават увайсці ў лік прызёраў. Другое месца з 28 баламі заняў Уладзімір Цямаў (ліноўская каманда). Ён таксама навічок сярод лідараў. А «бронзу» ў гэтай намінацыі журы прысудзіла яшчэ аднаму «навічку» — Сяргею Францэвічу (ружанская каманда), які «выбіў» 26 ачкоў.


Ніводнаму з прызёраў папярэдніх гадоў у гэтай намінацыі не ўсміхнулася ўдача. Затое ў стэндавай стральбе ім пашанцавала.
У гэтым відзе спаборніцтваў трэба было паказаць спалучэнне трапнасці і хуткасці рэакцыі: талерка знаходзіцца ў паветры некалькі секунд. За гэты час неабходна прасачыць яе шлях, выбраць прыкладнае месца сустрэчы «здабычы» з куляй і, як мага хутчэй, выстраліць наўскідку.


Тут свой клас сярод іншых удзельнікаў пацвердзіў Уладзімір Саскевіч (пружанская каманда), які быў неаспрэчным пераможцам 2017 і 2020 гадоў. Ды толькі ўтрымацца сёлета на самай верхняй прыступцы п’едэстала яму не ўдалося. У выніку ён падзяліў трэцяе месца з Леанідам Гузарэвічам (ружанская каманда). Другое месца заваяваў усё той жа Павел Чэчка. А на першае месца ўзняўся Валерый Грышкевіч (мокраўская каманда).

Згодна з набранымі баламі, агульнакамандныя месцы размеркаваліся наступным чынам: «золата» за пружанскім калектывам, ружанскі і ліноўскі занялі другое і трэцяе месцы адпаведна. У асабістым заліку безумоўным лідарам прызнаны Павел Чэчка, другое месца прысуджана Леаніду Гузарэвічу, трэцяе заняў Уладзімір Саскевіч.


Лідарам спаборніцтваў былі ўручаны карысныя падарункі ад раённай структуры — чахол на стрэльбу, паляўнічая экіпіроўка, патранташ, а таксама дыпломы з кубкамі. У дадатак яны атрымалі дапаможнікі па паляванні. З пераможцаў раённых спаборніцтваў, а таксама самых трапных у асобных намінацыях будзе сфарміравана каманда, якая будзе абараняць гонар Пружаншчыны на абласным этапе.


А яшчэ і пераможцам, і ўсім удзельнікам дастаўся добры настрой, магчымасць адпачыць актыўна з сябрамі і калегамі па захапленні, а таксама атрымаць зарад бадзёрасці.

Многа здымкаў тут: https://vk.com/album-23306785_280187615

Алег Сідарэнка,Кацярына Масік (фота).