
Паўдзельнічаць у семінары выказалі жаданне прадстаўнікі аблсельгасхарчу і ўсе раёны Брэсцкай вобласці, адправіўшы на гасцінную Пружаншчыну намеснікаў начальнікаў упраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкамаў, галоўных аграномаў сельскагаспадарчых арганізацый і прадстаўнікоў раённых інспекцый па насенняводстве, каранціне і абароне раслін. І сапраўды, пераймаць веды ніколі не позна, тым больш што працуем на адну мэту — з кожным годам старацца павялічваць агульны зерневы каравай краіны ў цэлым.
Заўсёды падчас правядзення мерапрыемстваў такога накірунку прывабліваюць вока наладжаныя выставы. І гэты раз не выключэнне. Чаго толькі варты набыты не так даўно доследнай станцыяй квадракоптар для ўнясення мінеральных угнаенняў! Вельмі ў будучым хацелася б убачыць дадзеную тэхніку ў дзеянні. А новыя прычапныя агрэгаты для высадкі расады? Не рукамі і сагнуўшыся, а механізавана, роўнымі радочкамі. Цікава было на свае вочы пабачыць і суданскую траву «пружанская», якая ў вышыню дасягае мала без чаго два метры, розныя гатункі кукурузы, кармавую культуру чумізу, вырошчваннем якой нашы навукоўцы пачалі займацца не так даўно. А пра разнастайнасць айчынных мікраўгнаенняў і гаварыць не даводзіцца: пад розныя культуры і для пэўных мэт. І рабіць выставы абавязкова трэба, каб паказаць, што работа ідзе, працаўнікі заняты карыснай справай і ў іх усё атрымліваецца.
Важным момантам у правядзенні семінара можна адзначыць тое, што гутарка вялася не ў памяшканні, а непасрэдна на палетку доследнай станцыі, дзе можна было не толькі пачуць карысную інфармацыю, але і пабачыць рэзультат зробленага.
Знаёмства з асноўнымі накірункамі дзейнасці РУП «Брэсцкая АСГДС НАН Беларусі» па навуковым забеспячэнні раслінаводства Брэсцкай вобласці распачаў дырэктар установы Уладзімір Цімошчанка. Як было адзначана, Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне, каб у аграрным сектары выкарыстоўвалася насеннага матэрыялу мінімум на 80 % беларускай селекцыі. Слушна, бо навукова-практычныя цэнтры па земляробстве ў нас актыўна працуюць і паступова патрэбна пераходзіць на імпартазамяшчэнне, як і ў іншых галінах эканомікі. Што можам самі, тое і бяром за аснову.
Намеснік дырэктара доследнай станцыі па навуковай рабоце Віктар Халецкі распавёў, што пастаянна шукаюцца шляхі ўзаемадзеяння з іншымі арганізацыямі, апрабіруюцца новыя кірункі дзейнасці. Не на апошнім месцы і павышэнне прадукцыйнасці сельскагаспадарчых культур: для нас гэта вялікі плюс, калі можна на месцы набыць насенны матэрыял высокай якасці. І вялікую дапамогу ў гэтым аказвае ТАА «БелавежХімПрам», якое пастаўляе мікраэлементы для павышэння ўраджайнасці і ўстойлівасці раслін пры любых прыродных катаклізмах.
Не заўсёды з-за мяжы — значыць лепшае, бо нашы селекцыянеры стараюцца адаптаваць любы гатунак пад канкрэтныя землі і нават рэгіёны сваёй краіны. Цяжка не згадзіцца ў гэтым з галоўным аграномам установы Аляксандрам Зямлянікам. І планы на будучае таксама прысутнічаюць. Пастараюцца дасягнуць ураджайнасці па азімых збожжавых 60-70 ц/га, яравых 55 ц/га і рапсу 40 ц/га. Лічбы, так сказаць, не малыя, але ўсяго можна дамагчыся, калі верыць у сваю справу, жыць ёю.
Пагаварылі, а таксама можна было прайсціся па палетках, паглядзець на гатункі, рукамі пакратаць яшчэ зялёныя каласы, правесці параўнанне са сваімі зерневымі плошчамі. А можа, дамовіцца пра пастаўку насеннага матэрыялу? Дэманстрацыю новых гатункаў сельскагаспадарчых культур правялі для прысутных супрацоўнікі РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве». І, канечне, падрабязна расказалі аб перавагах кожнага, як даглядаць, на што разлічваць у будучым? Прыгожа выглядалі ўчасткі з азімымі і яравымі збожжавымі, рапсу, гатункамі зернебабовых, дагледжаныя з любоўю, працавітымі рукамі, апрацаваныя ў агратэхнічныя тэрміны і з выкарыстаннем сучаснай тэхнікі. Нашы пружанскія людзі заўсёды вылучаюцца стараннем і ўменнем усё рабіць з толкам і развагай.
Вось і падышоў да лагічнага завяршэння семінар, людзі
раз’ехаліся па сваіх рабочых месцах, каб яшчэ з большым імпэтам узяцца за работу, выкарыстаць у сябе нешта з пачутага і ўбачанага. І яшчэ больш прасякнуцца ўпэўненасцю, што працаваць на зямлі не толькі можна, але і патрэбна, шчыра і аддана, бо яна — наша карміцелька і другой такой не дадзена.
Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік
