Воскресенье, 15 марта 2026

На базе абласной газеты «Заря» прайшло маштабнае мерапрыемства для прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ

189

На мінулым тыдні ў Брэсце на базе абласной газеты «Заря» прайшло маштабнае мерапрыемства для прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ — Школа журналістыкі і новых медыя з удзелам расійскіх калег і прадстаўнікоў Беларускага саюза журналістаў.

Новыя павевы, сучасныя падыходы, незалежная думка… Так можна ахарактарызаваць сустрэчу журналістаў радыё, тэлебачання і друку. Некалькі дыялогавых пляцовак, майстар-класы і прэзентацыі на хвалюючыя тэмы — усе жадаючыя змаглі падыскутаваць, адкрыта выказаць сваё меркаванне, падзяліцца ўласным вопытам.
Мадэратарамі мерапрыемства выступілі прадстаўнікі беларускіх і расійскіх СМІ.

Адкрыла дыялогавую пляцоўку дыскусія на тэму: «Гістарычная праўда і інфармацыйнае супрацьстаянне», у рамках якой Галіна Сапожнікава, заслужаны журналіст Расіі, прэзентавала спецыяльны праект «Запаведнік помнікаў», у якім ярка і эмацыянальна выказала сваё меркаванне наконт скажэння гістарычнай памяці і праўды, а таксама падкрэсліла, наколькі важна журналісту мець свой пункт гледжання і ў сваіх публікацыях адстойваць уласны погляд на гісторыю.

Старшыня праўлення Беларускага саюза журналістаў, генеральны дырэктар УП «Агенцтва Мінск-навіны» Андрэй Крывашэеў падкрэсліў, што ў сучаснай інфармацыйнай вайне вельмі важна не паддавацца ўплыву чужой навязанай думкі, умець аперыраваць толькі фактамі, аналізаваць любую вострую тэму ў кантэксце свайго бачання, што ў канчатковым выніку прыводзіць да натуральнай справядлівасці.

Працягам дыялогу стала прэзентацыя праекта на тэму: «Тэхналогія стварэння гістарычных расследаванняў» ад расійскага журналіста Ігара Емяльянава. Былі разгледжаны пытанні, якія датычацца розных відаў журналісцкіх расследаванняў, ад гістарычных да сацыяльна-бытавых. Гаворка ішла аб розных відах і формах інтэрв’ю, назапашванні фактаў, каментарыяў і, што немалаважна, іншага меркавання. Бо ў любым жанры, асабліва калі гаворка ідзе аб заблытанай справе, неабходны індывідуальны падыход і яшчэ раз падкрэсліваем — незалежнае меркаванне, якое ідзе ў разрэз з навязанай думкай.

Да абмеркавання вострай тэмы далучыліся беларускі філосаф, палітолаг, член Беларускага саюза журналістаў Аляксей Дзермант, а таксама галоўны рэдактар абласной газеты «Зара» Ігар Гетман. Палітолаг акцэнтаваў увагу на тым, што Беларусь і Расія знаходзяцца ў адзінай цывілізаванай інфапрасторы, і тая інфармацыя, якая ідзе на нас з боку іншых дзяржаў і вызначае адзінства нашых поглядаў і меркаванняў, абмену вопытам і ведамі. І вельмі важна, што гэта адбываецца на пастаяннай аснове.

Ігар Гетман у сваю чаргу падкрэсліў важнасць рэгіянальных выданняў, бо гэта вялікі пласт інфармацыі для чытача, асабліва ў невялікіх гарадах, на вёсцы. Сёння журналісты простым і зразумелым словам даносяць да гледача і чытача найважнейшы кантэкст падзей, якія адбываюцца вакол, а таксама ўплываюць на іх меркаванне.

Завяршылася мерапрыемства майстар-класамі па прасоўванні сучаснага SMM. Разгледзелі асноўныя правілы і памылкі працы ў мэсэнджарах, у прасторы сучаснага радыёвяшчання, а таксама вызначылі межы дазволенага і забароненыя прыёмы ў журналістыцы. Па выніках работы Школы ўсім удзельнікам былі ўручаны дыпломы і памятныя падарункі.

Ірына Велясевіч