Старэйшае пакаленне заўсёды праводзіла паралелі паміж лічбай «5» і словам «выдатна». Дык вось у мінулую суботу адразу тройчы на «выдатна» адзначыў сваё 555-годдзе аграгарадок Лінова, у якім на маштабным свяце «Ліноўскі гасцінец» сабраліся разам жыхары і госці населенага пункта.
За што фестываль у Лінове атрымаў такую высоку адзнаку? Па-першае, за тое, што выдатна была арганізавана святочная праграма. І гэта тычыцца не толькі размаху падзей, якія адбываліся ў мінулую суботу ў аграгарадку, але і запланаваных мерапрыемстваў, якія зацікавілі літаральна ўсе катэгорыі ўдзельнікаў.
Святочны дзень пачаўся са спартыўных спаборніцтваў, у рамках якіх адбыліся таварыскія сустрэчы паміж футбольнымі камандамі «Лінова», «Ружаны» і «Косава». Пры падвядзенні вынікаў кругавых матчаў ліноўская зборная заняла другое месца, саступіўшы толькі адно ачко сапернікам з Косава.
Для тых, хто імкнецца пастаянна папаўняць свой багаж ведаў, у той жа дзень былі адкрыты дзверы музея гісторыі вылічальнай тэхнікі, які дзейнічае ў Ліноўскай СШ.
На святочнай пляцоўцы маштабная выстава сустракала тых, хто любіць чытаць друкаваную літаратуру, а яшчэ ўдзельнічаць у букросінгу.
А з сярэдзіны дня з галоўнай сцэны гучалі знакамітыя мелодыі ў выдатным выкананні калектываў Ліноўскай школы мастацтваў: дзіцячага духавога аркестра і ансамбля трубачоў пад кіраўніцтвам Аляксандра Малайчука.
Тут жа побач размясціліся выставы аўтамабіляў «Джып», каля якіх маглі сфатаграфавацца ўсе жадаючыя. Таксама было адкрыта некалькі гульнявых зон для малых з арэлямі, батутамі, катаннем на коніку і дзіцячых аўтамабілях.
Прыцягвала ўвагу і тэматычная пляцоўка райаддзела па надзвычайных сітуацыях з конкурсамі, выпрабаваннямі, віктарынамі і… цудоўным «душам» у даволі спякотны дзень.
Варта адзначыць, што свой інтарэс змаглі задаволіць і аматары экстрыму. Для гэтага дастаткова было стаць пасажырам аднаго з двух дэльталётаў, якія да самага вечара планіравалі над Ліновам і Слабудкай, праводзячы дэманстрацыйныя палёты.
Весела было і тым, хто мае сапраўднае пачуццё гумару. І апошніх, мяркуючы па «зборах» ліноўскай мытні, якую міналі ўсе, хто хацеў трапіць на свята, было нямала.
Па-другое, трэба падзякаваць арганізатарам, асабліва старшыні Ліноўскага сельвыканкама Таццяне Мардань, за прадуманую афіцыйную частку, якую яна адкрыла віншавальным адрасам ад земляка — памочніка Прэзідэнта — інспектара па Гомельскай вобласці Сяргея Барташа. Пасля на сцэну пачалі падымацца лепшыя працаўнікі Лінова. Толькі па самых сціплых падліках было адзначана больш за сотню чалавек. «Зарапад» узнагарод распачаў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, які ўручыў граматы і падзячныя пісьмы тым ліноўцам, дзейнасць якіх найбольш праславіла аграгарадок.
Падтрымаў кіраўніка раёна і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, які перадаў віншаванні ад старшыні абласнога Савета дэпутатаў Юрыя Наркевіча і ўручыў граматы найбольш выбітным мясцовым людзям. Акрамя таго, з падарункамі і іншымі ўзнагародамі на сцэну выходзілі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук, старшыня раённага прафсаюза работнікаў АПК Вольга Зубкова, кіраўнікі мясцовых прадпрыемстваў: Васілій Казмярчук (ААТ «Ліноўскае»), Ірына Замковіч (філіял «Аранчыцкае ХПП»), Аляксандр Камісарук (Аранчыцкая птушкафабрыка) — для таго, каб адзначыць лепшых сённяшніх работнікаў і ветэранаў.
Не засталіся па-за ўвагай і традыцыйныя віншаванні з сямейнымі юбілеямі, нараджэннем дзяцей. Агучаныя старшынёй сельвыканкама дэмаграфічныя звесткі сапраўды радавалі. З пачатку бягучага года ў аграгарадку нарадзілася 11 дзетак, якіх таты і мамы з гордасцю прадэманстравалі ўсім гледачам. Таксама сёлета 13 ліноўцаў перасягнулі 90-гадовы рубеж, пры гэтым адзін з жыхароў аграгарадка хутка адзначыць 100-гадовы юбілей. Ганарыцца Лінова і колькасцю заключаных шлюбаў, пераважная большасць якіх аказваецца трывалай. Пацвярджэннем таму можна лічыць «сярэбраныя вяселлі», якія ў 2023 годзе адзначылі сем’і Янушкевічаў, Васілюкоў, Трубінавых, Шаўкуноў, Патапчукоў, Сімінскіх. Сямейныя саюзы Якута і Покала выйшлі ўжо на «залатую» вышыню, а Іван і Вольга Патапчукі ўвогуле адсвяткавалі «ізумруднае вяселле» — разам ужо 55 гадоў.
Прыемныя падарункі і ўдзячныя словы чакалі навучэнцаў агульнаадукацыйнай школы, школы мастацтваў, дзіцячага садка. Словам, на працягу ўсёй урачыстай часткі свята амаль кожную хвіліну сцэна квітнела радаснымі ўсмешкамі і зараджала гледачоў святочным настроем, які пасля падтрымала раскошная музычная праграма. Якраз за яе арганізатары свята заслугоўваюць трэцяга «выдатна».
Рэпертуар канцэртнай праграмы быў складзены такім чынам, што ўключаў у сябе песні літаральна для кожнага ўзросту. Прадстаўнікам сталага пакалення да сэрца прыйшліся выступленні «Каханачкі», «Бабінага лета» і іншых аматарскіх калектываў мастацкай творчасці Пружанскага раёна, а таксама заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята».
Тым, хто дасягнуў сярэдняга ўзросту, але яшчэ памятае, як запальваў на танцах у юнацтве, цэлую гадзіну прыемных песняў падарыў Сяргей Славянскі.
А ў прыцемках надышоў час тых, у каго ў крыві бурліць маладая энергія, і на сцэну выйшаў сталічны гурт «IODO BAND».
Па праўдзе кажучы, такіх «выдатна» можна паставіць арганізатарам вясковага свята яшчэ нямала. І за тое, што юбілейная вечарына цягнулася амаль да раніцы, і за ўражальны салют у начным небе над аграгарадком. І за тое, што тыя, хто наведаў святочную пляцоўку каля мясцовага Дома культуры, мелі магчымасць набыць прадукцыю перапрацоўчых прадпрыемстваў нашага раёна, сувеніры і прысмакі ад мясцовых гаспадынь на прылаўках «Вясковыя пачастункі» і «Сялянская хата ўсім багата». А яшчэ — паспытаць мёду з мясцовых пчальнікоў ды пасядзець з кампаніяй сяброў за накрытымі сталамі. Словам, юбілейныя ўрачыстасці адбыліся на славу, ды і запомняцца яны ўсім надоўга.
А аграгарадок Лінова ў выніку атрымаў атэстат сталасці «з адзнакай».
Алег Сідарэнка. Фота аўтара
Больш фотаздымкаў глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_295343716 і https://ok.ru/budni/album/965753675912