Воскресенье, 6 октября 2024

На абласным «Акцябрацкім квізе» Пружанскі раён прадставіць каманда СШ № 5. Паглядзіце, як школьнікі рыхтуюцца да турніру!

287

Вучні 4 «Б» класа сярэдняй школы № 5 сталі пераможцамі раённага этапу інтэлектуальна-забаўляльнай гульні «Акцябрацкі квіз».

Квіз складаўся з шасці тураў, у кожным з якіх дзецям неабходна было даць шэсць адказаў. Акрамя таго, быў і рызыка-тур з трыма пытаннямі павышанай складанасці. У аснове гульні ляжалі пытанні на веданне гісторыі Беларусі і развіцця акцябрацкага руху. У выніку менавіта дзеці з пятай гарадской школы аказаліся мацнейшымі і рыхтуюцца прадставіць наш раён на абласным этапе, які адбудзецца ўжо ў пятніцу, 19 студзеня.

Каманда 4 «Б» класа рыхтуецца да абласнога этапу спаборніцтваў.

У каманду пераможцаў уваходзяць Ганна Сачэўка, Станіслаў Шэлест, Давід Дзмітрэнка, Дзмітрый Скварчэўскі, Назарый Кірысюк і Арцём Гарэйка. А рыхтуе чэмпіёнаў іх класны кіраўнік Святлана Уладзіміраўна Віцько.

Гутарка з чэмпіёнамі паказала, што ўсе члены каманды — асобы мэтанакіраваныя і станоўча настроеныя да абласнога этапу гульні.

Ганна Сачэўка з узнагародай.

Ганна Сачэўка:

— Шмат пытанняў было звязана з прадметам «Мая Радзіма — Беларусь». Таксама былі пытанні аб прыродзе, якія мы ведаем з прадмета «Чалавек і свет». Лічу, што дзякуючы Святлане Уладзіміраўне мы добра падрыхтаваліся, таму для нас пытанні не выклікалі вялікай складанасці.

Назарый Кірысюк:

— Я думаю, што мы перамаглі дзякуючы нашай камандзе і класнаму кіраўніку. Мы заўсёды імкнёмся ўважліва слухаць яе на ўроках, гэта дапамагло правільна адказваць на пытанні ў гульні.

Дзмітрый Скварчэўскі:

— Амаль усе пытанні ў гульні тычыліся Беларусі. На некаторыя, прызнацца, я адказу не ведаў, але такіх было нямнога.

Давід Дзмітрэнка:

— Мне здаецца, што мы перамаглі дзякуючы таму, што абмяркоўвалі пытанні і слухалі меркаванні кожнага, а ў канцы давалі адказ, з якім згаджалася большасць каманды. На шмат якія пытанні я ведаў адказ.

Варта адзначыць, што перамога вучняў гэтага класа — не першая. У мінулым годзе Ганна Сачэўка заваявала першае месца ў раённым інтэлектуальным конкурсе «Пазнайка». Яна была ўзнагароджана дыпломам першай ступені і сувенірам «Мудрая сава».