На 94-м годзе пайшоў з жыцця Яўген Іванавіч Кудзінаў, Ганаровы грамадзянін Пружанскага раёна, Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, легендарны старшыня калгаса «Рассвет».
На Пружаншчыне яго сапраўды называюць «чалавекам-легендай». Яўгена Іванавіча ведала і шанавала не адно пакаленне людзей, якія вучыліся ў яго, жылі і працавалі побач, з якімі разам ён умацоўваў калгас на калядзіцкіх землях.
Яўген Іванавіч нарадзіўся 10 лістапада 1929 года ў вёсцы Косар Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці, у шматдзетнай сям’і. Падлеткам перажыў нямецка-фашысцкую акупацыю.
Пасля вайны закончыў сем класаў, паступіў на вучобу ў Магілёўскае педагагічнае вучылішча і трапіў па размеркаванні на працу ў тагачасны Шарашоўскі раён. Працаваў настаўнікам у Хвалаўскай пачатковай школе, а пасля звальнення з войска ў званні лейтэнанта — дырэктарам Чабахскай сямігодкі. Завочна атрымаў вышэйшую адукацыю і ў 1960 годзе быў прызначаны дырэктарам Дабучынскай пачатковай школы, а літаральна праз год узначаліў партыйную арганізацыю калгаса «Рассвет». У 1962 годзе быў накіраваны на вучобу ў Мінскую партыйную школу пры ЦК КПБ. Пасля яе заканчэння атрымаў пасаду інструктара Брэсцкага абкама КПБ.
Калгас «Рассвет» Яўген Кудзінаў узначаліў у 1965 годзе. Нававыбраны старшыня адным з першых замест разліку з калгаснікамі прадукцыяй увёў заработную плату. Хутка ўздымалася эканоміка гаспадаркі, а разам з гэтым рос дабрабыт калгаснікаў. У 1980-х гадах у «Рассвете» ад кожнай каровы надойвалі за год па 5000 кілаграмаў малака, а сярэдняя ўраджайнасць збожжавых вагалася ў межах 45-50 цэнтнераў з гектара. Менавіта за стабільную эфектыўнасць вытворчасці калгаса яго старшыні ў 1988 годзе было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. «Залатую Зорку» Яўгену Кудзінаву ўручаў у Крамлі Андрэй Грамыка.
Цэнтральная сядзіба «Рассвета» — вёска Калядзічы — ужо ў тыя часы ўяўляла сабою тып населенага пункта, які сёння называецца аграгарадком. Каля сотні механізатараў, даярак і паляводаў калгаса «Рассвет» мелі высокія дзяржаўныя ўзнагароды, атрыманыя за працоўныя дасягненні. Сам Яўген Іванавіч, акрамя Зоркі Героя, быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, беларускім ордэнам Айчыны 3-й ступені, медалямі, у тым ліку «За працоўную адзнаку», Нагрудным знакам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
На заслужаны адпачынак Яўген Іванавіч пайшоў у 2001 годзе, калі ўжо перасягнуў сямідзесяцігадовы рубеж. Жыў у г. Брэсце, але не губляў сувязі з Пружаншчынай, заўсёды цікавіўся справамі ў роднай гаспадарцы, цяпер ААТ «Агра-Калядзічы», і ў раёне ў цэлым. Тут засталося шмат яго вучняў і паслядоўнікаў.
Светлая памяць пра Яўгена Іванавіча Кудзінава застанецца ў нашых сэрцах.
Пружанскі раённы выканаўчы камітэт.
Пружанскі раённы Савет дэпутатаў.
Пружанскі раённы савет ветэранаў.