Суббота, 15 марта 2025

На ўзбраенні КУВП «Камунальнік» новая памочніца — газонакасілка «ГРЫНМАН»

507

Бадай, кожны імкнецца стварыць у сваёй асобна ўзятай кватэры, у сваім доме максімум камфорту і прыгажосці. Але калі паглядзець з іншага боку, то даволі часта здараецца, што за шырмай уласнай утульнасці ў жыцці мы не заўважаем таго, што адбываецца навокал.

Узяць для прыкладу наш горад Пружаны. Ён вельмі прыгожы, а вось падтрымліваць яго выгляд — справа складаная і затратная. Гэта могуць з упэўненасцю пацвердзіць і работнікі КУВП «Камунальнік». Напрыклад, дзяўчаты з участка «Азеляненне» нямала сіл прыкладаюць, каб высадзіць вясной і летам кветкавую прыгажосць на клумбах, дагледзець зялёныя насаджэнні. Але часцяком наша абыякавасць, некультурнасць у адносінах да агульнага псуюць прыгожую карціну горада, прымушаюць іншых людзей збіраць за намі смецце, аднаўляць паламаныя платы і лавачкі, дасаджваць туйкі і кветкі замест украдзеных. Неяк крыўдна за тых, хто адчувае сябе госцем на роднай зямлі, ды яшчэ госцем нахабным, які абвінавачвае гаспадароў у тым, што недастаткова хутка памылі забруджаную ім падлогу…

Слесар па рамонце аўтамабіляў Ілья Пашкевіч робіць абкатку газонакасілкі.

Тым не менш, сапраўдныя гаспадары таксама ёсць. Хаця часам мы бачым толькі вынікі іх працы, а не іх саміх. Усім падабаецца, калі трава на газонах і дваровых тэрыторыях у раённым цэнтры і іншых населеных пунктах своечасова скошана і прыбрана. Сапраўдная прыгажосць! Роўненька, чыста. Але ці часта мы дзякуем тым, хто працуе з трымерамі, на газонакасілках? Праца не з лёгкіх, калі яшчэ ўзяць +30 градусаў у цяньку. Ды і тэрыторыя для абкошвання не малая.

Дарэчы, менавіта для таго, каб яшчэ аператыўней і якасней спраўляцца з абкошваннем горада, нядаўна КУВП «Камунальнік» набыло газонакасілку «ГРЫНМАН» кітайскай вытворчасці за 27 тыс. беларускіх рублёў. На выбар вытворцы паўплываў кошт агрэгата і, як ні дзіўна, санкцыі. З-за іх «Хускварну» ці «Штыль» купіць вельмі складана, ды і запчасткі знайсці немагчыма. А кітайская газонакасілка нічым не саступае сваім аналагам. Не хоча Захад з намі супрацоўнічаць, што ж, знойдзем тых, хто жадае сябраваць.

Гэта першы ў раёне падобны агрэгат. На дадзены момант такімі могуць пахваліцца толькі ў Брэсце і Кобрыне. Шырыня кашэння ў касілкі — 152 сантыметры. З асаблівасцей трэба назваць нулявы радыус развароту — можа развярнуцца на месцы. Таксама ёсць пад сядзеннем датчык прысутнасці: калі вадзіцель пакідае сядзенне, рухавік і нажы аўтаматычна выключацца.

Газонакасілка прайшла абкатку ў горадзе і цяпер будзе працаваць у Ружанах, наводзіць прыгажосць у пасёлку да свята «Ружанская брама».

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік