Воскресенье, 6 октября 2024

Мясцовы майстар Аляксандр Кійко стварае сапраўдныя шэдэўры

777

Цяпер пры ўездзе ў Пружаны з боку льнозавода па вул. Макаранкі нават тыя вадзіцелі, хто ехаў з дазволенай у населеным пункце хуткасцю, міжволі прытарможваюць, а многія нават спыняюцца. Спакойна праехаць міма велічнай постаці зубра проста немагчыма. Асабістыя фота на фоне сімвала Брэстчыны ўжо разлятаюцца ў інтэрнэце як гарачыя піражкі.

Аўтарам адной з самых яркіх «фішак» горада, што з‘явілася пры падрыхтоўцы да спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокі», стаў мясцовы майстар Аляксандр Кійко. Мы пабывалі ў яго ў гасцях і даведаліся пра некаторыя сакрэты майстэрства.

Дом Сан Саныча (так называюць яго сябры) у аг. Лінова бачны здалёк. За высокім плотам адразу адкрываецца дзіўны свет фантазіі і сапраўднага чараўніцтва. На ідэальна скошаным газоне нас сустракаюць казачныя героі і мульцяшныя персанажы. У двары мноства экзатычных дрэў і кустоў. Ландшафтным дызайнам сядзібы займаецца жонка майстра Іна. Як гаворыцца, робіць свой уклад у сямейную справу.

— Я да гэтага не дакранаюся, — смяецца Аляксандр. —Гэта яе вотчына, яна сама выбірае мае фігуркі, расстаўляе іх на ўчастку. У жанчын свой погляд на рэчы, я ніколі не спрачаюся. Іна заўсёды была побач, падтрымлівала мяне ў цяжкія часы, калі з-за хваробы давялося раптоўна перагледзець сваё жыццё і пачаць усё спачатку. Я ў дзяцінстве любіў маляваць, творчая жылка недзе там цеплілася. Лежачы ў бальнічнай палаце, падумаў: пачну нешта рабіць сваімі рукамі — раптам у мяне атрымаецца? Так усё і пачалося.

Да падзей, якія змянілі ўвесь лад жыцця, Аляксандр працаваў у Следчым камітэце. Скончыў Жыровіцкі аграрна-тэхнічны каледж, патрапіў на службу ва ўнутраныя войскі, застаўся на кантрактнай службе ў сілавых структурах амаль на 18 гадоў. А затым лёс распарадзіўся па-інашаму.

— Я ні аб чым не шкадую, — абсалютна спакойна кажа Аляксандр. — Усё дрэннае — гэта таксама частка жыцця, проста не адразу гэта разумееш. Усе людзі праходзяць праз боль і пакуты, і я не выключэнне. Я проста стаў іншым. Цяжкасці паказалі мне сапраўднае прызначэнне, мой шлях, і я ім задаволены.

Першыя фігуры рабіліся з пенапласту і мантажнай пены. Але яны былі недаўгавечныя, і Аляксандр прыдумаў рабіць металічны каркас з дроту-катанкі. Потым абцягваў канструкцыю будаўнічай сеткай і далей ляпіў фігурку з бетону. Грунтаваў, шпакляваў, афарбоўваў… Свае першыя дасягненні пачынаючы майстар дарыў сябрам і знаёмым. Але вестка аб яго захапленні разляцелася так хутка, што ад заказчыкаў адбою не было. І зараз яго вырабы ўпрыгожваюць не толькі прыватныя падворкі, аграсядзібы, але і некаторыя пружанскія вуліцы, пляцоўкі дзіцячых садкоў і школ.

— Пра маё, скажам так, хобі, дзякуючы якому я стаў зарабляць на жыццё, даведаліся і кіраўніцтва горада, і камунальныя службы. Дарэчы, я даўно ужо аформіўся як рамеснік, таму працую абсалютна афіцыйна, — падкрэсліў майстар. — Калі стала вядома, што Пружаны прымуць фестываль «Вытокі», мяне папрасілі зрабіць нешта «дзівоснае» і ў духу нацыянальнай сімволікі, што б адлюстроўвала нашу Брэстчыну ў цэлым. Разам з КУВП «Камунальнік» вырашылі зрабіць зубра, накшталт фігуры, што размешчана на трасе М1 Мінск-Брэст у Баранавіцкім раёне.

На ўвасабленне ідэі спатрэбілася паўтара месяца ўпартай працы практычна без перапынку і… два кіламетры дроту-катанкі. Памеры гаспадара пушчы ўражваюць: вышыня — 2,60 м, даўжыня — 3,40 м, вага — каля 400 кг.

Гэта першая манументальная фігура такой велічыні, якая выйшла з рук майстра. Другая — «Я люблю Пружаны», даўжынёй 13 і вышынёй 1,80 м, якая зусім нядаўна ўсталявана на скрыжаванні вуліц Заводскай і Інтэрнацыянальнай, таксама вельмі хутка стала ўпадабанай фотазонай для жыхароў і гасцей горада. А яшчэ да фестывалю «Вытокі» майстар вырабіў вялікі футбольны мяч і спартыўную буцу, якія зоймуць ганаровае месца на полі каля стадыёна.

— Я сам задаволены работамі. Калі пачынаеш з малога, а потым атрымліваюцца вялікія заказы, адчуваеш сапраўднае задавальненне і разумееш, што стараўся не дарма. Ужо, як кажуць, рука набіваецца, хочацца выкладацца ўсё больш і больш. Ідэй вельмі шмат, на самай справе, ужо думаю пра навагоднія святы. Ёсць адна задумка — зрабіць для горада тройку скакуноў, запрэжаных у сані з Дзедам Марозам і Снягуркай. Хочацца і людзей парадаваць, і капеечку зарабіць. А як без гэтага? — не тоячыся, кажа Аляксандр.

Талент і ўменні Аляксандра Кійко ўражваюць. Майстар дазволіў нам наведацца ў яго майстэрню, пабачыць, як у руках умельца нараджаюцца сапраўдныя шэдэўры. На спецыяльным пастаменце чакае завяршэння чарговая скульптура — вялікі журавель як сімвал міру і дабрабыту. Гледзячы на яго, так і хочацца расхінуць крылы, узляцець уверх і палюбавацца «сінявокай» з вышыні птушынага палёту. Убачыўшы яго работы на свае вочы, не забудзеш іх ужо ніколі. І мы будзем толькі рады, калі ідэі майстра ў хуткім часе атрымаюць сваё ўвасабленне ў новых формах і выявах, стануць чарговым дасягненнем высокага мастацтва, на карысць усім, хто любіць і заўважае вакол сябе прыгажосць…

Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны МАСІК