Понедельник, 11 ноября 2024

«Мяне ніхто не возьме, таму і не раблю». Чарговае пасяджэнне камісіі па занятасці і назіральнай камісіі прайшло ў Пружанах

618

Пасяджэнне дзвюх камісій па садзейнічанні занятасці і назіральнай прайшло ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Пружанскага райвыканкама.

Як патлумачыў у сваім звароце да членаў камісій старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, сумеснае пасяджэнне было арганізавана таму, што запрасілі грамадзян, якія нідзе не працуюць або нядаўна вызваліліся з месцаў адбывання пакарання. Як зазначыў Мікалай Пятровіч, задача камісій — дапамагчы людзям зарыентавацца ў гэтым свеце, працаўладкаваць, наставіць на шлях праўдзівы, каб больш не вярнуліся ў месцы не так аддаленыя.

Ведаеце, здзівіла мяне тое, што большасць з прыбыўшых на пасяджэнне былі даволі маладыя людзі, самаму малодшаму — 15 гадоў, старэйшаму — 54. Але апошні быў адзіны ў сваім узросце. Астатнім не споўнілася і 40 гадоў. Дык вось гэты 54-гадовы амаль палову свайго жыцця правёў за кратамі. Вось гэта «працоўны стаж»! Насамрэч працоўнага ў яго жыцці амаль ніколі і не было. Перабіваецца выпадковымі заробкамі, афіцыйна працаўладкоўвацца і не збіраецца. Матывуе гэта тым, што асуджанага ніхто не возьме, тым больш хварэе на дыябет. На пытанне, ці рабіў хоць адзіную спробу працаўладкавацца, адказвае адно: «Мяне ніхто не возьме, таму і не раблю». Як, зручную для сябе пазіцыю заняў? Ёсць дыябет ці яго няма, таксама дакладна не вядома.

Былі сярод запрошаных і жанчыны. Усе працуюць, але некаторыя ўжываюць спіртныя напоі і пасля вытвараюць розныя непатрэбствы, хуліганствы… Не адстаюць ад іх і маладыя мужчыны, якія ў добрым падпітку ці самі адключаюць мозг, ці гэта робіць «зялёны змій», але гатовыя дайсці да забойства — пагрозы ўжо такія сваім блізкім кідалі. Можа аднойчы наступіць такі момант, што з пагроз пяройдуць да крымінальных дзеянняў.

Што тычыцца пятнаццацігадовага юнака, дык гэта той «герой», які ўздумаў паказаць сваю сілу і зламаў шэраг крэслаў на трыбуне стадыёна. На маё пытанне, што ж падштурхнула хлопца на такі ўчынак, толькі паціскваў плячыма і гаварыў, што сам не ведае, нешта найшло.

Былі на камісіі і беспраўныя вадзіцелі, якія садзіліся за баранку аўтамабіля без пасведчання на права ваджэння. У аднаго з іх сума штрафаў накапілася ў памеры 25 тысяч рублёў. Калі ён гэты доўг выплаціць, сам не ведае, бо нідзе не працуе.

Цікава тое, што ні адзін не пагадзіўся на прапановы працаўладкавацца па запатрабаваных на сённяшні дзень спецыяльнасцях. А іх нямала. Усе гаварылі, што ўжо працаўладкоўваюцца, толькі трэба зрабіць пашпарт. Пакуль на гэта грошай няма, як толькі, дык адразу… Хутчэй за ўсё, так і будуць валынку цягнуць. Відаць, добра ім і так. А ці добра ад гэтага грамадству?

Віктар Ільюшчанка.

Фота аўтара