У нядзелю, 26 студзеня, у Беларусі адбыліся выбары Прэзідэнта нашай краіны. Электаральная кампанія і асноўны дзень галасавання прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні, спакойна і, як менталітэт беларусаў, памяркоўна.
Нават надвор’е спрыяла выйсці хоць усёй сям’ёй, хоць па-аднаму і прагуляцца да выбарчага ўчастка. Так і рабілі тыя, хто не прагаласаваў датэрмінова.
Першым мы наведалі Пружанскі–Палявы выбарчы ўчастак № 13, які традыцыйна размяшчаецца ў школе № 5. Тут галасаваў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Аддаць свой голас Міхаіл Міхайлавіч прыйшоў разам з жонкай — Наталляй Уладзіміраўнай. Пасля таго, як бюлетэні былі апушчаны ў скрыню для галасавання, мы звярнуліся з просьбай да старшыні райвыканкама даць ацэнку значнасці гэтага дня, і за якія каштоўнасці галасаваў.

— Я аддаў свой голас за будучыню, за ўпэўненасць у заўтрашнім дні нашай краіны, нашых дзяцей, унукаў, праўнукаў, за тое, як мы бу-дзем далей жыць, развівацца. Няма сумнення — дзень выбараў у любой краіне мае вялікае значэнне. Менавіта ў гэты дзень вызначаецца далейшы курс, развіццё, перспектывы. Ад гэтага залежыць і жыццё народа. Жадаю ўсім міру, дабрабыту, здароўя і ўсяго самага найлепшага. З упэўненасцю глядзець у заўтрашні дзень.
Трэба адзначыць, што акрамя адчування сур’ёзнасці дня выбараў, у душы было і свята. Яго яшчэ падмацоўвалі выступленні розных калектываў мастацкай самадзейнасці. Напрыклад, у школе № 5 выступаў славуты народны калектыў ветэранаў «Чырвоны гваздзік». У імправізаваным буфеце можна было набыць розныя смачнасці з мяса, мучныя вырабы, шакалад, цукар, садавіну, агародніну, сувенірную прадукцыю. Так было амаль на ўсіх выбарчых участках. На некаторых прадстаўляла сваю смачную прадукцыю ААТ «Ружаны-Агра». Затым мы вырашылі наведаць некаторыя ўчасткі, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці.
У аграгарадку Калядзічы ўчастак № 41 размясціўся ў сельскім Доме культуры. Перад тым, як прагаласаваць, можна было атрымаць асалоду ад выставы жаночых касцюмаў, сукенак, якія былі па-майстэрску распісаны спецыяльнымі фарбамі. Такое ўражанне, што адзенне «ад куцюр». Упрыгожана яно таксама было вырабамі з пацерак. Па-за ўчасткам мы задалі пытанні сяльчанам, якія прыйшлі галасаваць. Цікавіліся прыярытэтамі, за якія адданы быў голас. Вось што нам адказала Надзея Карніцкая — маці пяцярых дарослых дзяцей, працуе жывёлаводам:
— Я аддала свой голас за мір, спакой, за тое, што мы гэта маем у нашай краіне. Мне падабаюцца законы, якія накіраваны на абарону інтарэсаў грамадзян. Прагаласавала за будучыню сваіх дзяцей. Жадаю ўсім, каб наша цудоўнае жыццё было і далей ціхім, спакойным. Алена і Віктар Клюкачы, якія таксама пражываюць у гэтай мясцовасці, аддалі свае галасы за мірную будучыню.

Атмасфера добразычлівасці панавала на ўчастку № 29 у вёсцы Новыя Засімавічы. Людміла Вітольдаўна з радасцю прыйшла на выбарчы ўчастак. Яна адзначыла, што зрабіла свой выбар за таго, хто зможа забяспечыць мірнае жыццё.
— Самі ведаеце, што вакол нашай краіны робіцца, якія магутныя сілы накіраваны на вайну, — сказала Людміла Вітольдаўна. — Нам патрэбны мір, а астатняе мы самі здабудзем.
На Пружанскім–Савецкім участку № 1 на выбары прыйшла шматдзетная сям’я Глушко: мама Марына, тата Аляксандр і іх дзеткі — Мілана, Кіра і Мацвей.
— Мы вельмі рады, што наша краіна з’яўляецца сацыяльна арыентаванай дзяржавай. Асабліва добра, што вялікую ўвагу ў нас аддаюць шматдзетным семь‘ям. Мы карыстаемся рознымі льготамі, якія дапамагаюць выхоўваць, гадаваць дастойных дзетак, якія затым адплацяць нашай Беларусі добрай працай, патрыятызмам і служэнню Радзіме. Мы галасавалі за такую будучыню.
У асноўны дзень галасавання Пружаны наведалі міжнародныя назіральнікі Місіі назіральнікаў ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Прыём іх адбыўся ў райвыканкаме. Старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч пажадаў назіральнікам плённай працы.
Затым дэлегацыя наведала некаторыя ўчасткі для галасавання. На кожным з іх яны праверылі дакладнасць афармлення дакументацыі, агледзелі кабінкі, скрыні для галасавання, пагутарылі са старшынямі ўчастковых выбарчых камісій.
На Пружанскім–Палявым участку № 13 мы пагутарылі з міжнародным назіральнікам Інэсай Вінярскай і папрасілі падзяліцца ўражаннямі аб ходзе галасавання ў нашым раёне.
— З мінулага дня па заданні Місіі міжнародных назіральнікаў мы прыступілі да маніторынгу хода датэрміновага галасавання і асноўнага дня выбараў. На тэрыторыі Брэсцкай вобласці мы наведваем ужо другое муніцыпальнае ўтварэнне, — паведаміла Інэса Пятроўна. — Адзначу высокі ўзровень падрыхтоўкі выбарчых участкаў, святочную атмасферу, добры настрой, актыўнасць выбаршчыкаў, высокапрафесійны ўзровень падрыхтоўкі членаў выбарчых камісій. Мы таксама сустракаліся з членамі тэрытарыяльных камісій, гутарылі з імі. Усе настроены на пазітыў, добрую работу. Я не першы раз працую на выбарах у Рэспубліцы Беларусь, звярнула ўвагу на добрыя метадычныя матэрыялы па прафесійнай падрыхтоўцы членаў камісіі. Каментуючы сённяшні дзень галасавання, адзначу, у першую чаргу, актыўнасць выбаршчыкаў як у датэрміновы дзень галасавання, так і ў асноўны. Людзі ідуць на ўчасткі сем’ямі. Трэба даць станоўчую ацэнку традыцыі ўручаць падарункі тым, хто галасуе ўпершыню, прыцягненню да гэтага валанцёраў. Аб гэтым дні застанецца добрая памяць у маладых людзей. Таксама адзначана добрае аснашчэнне выбарчых участкаў, а гэта зручныя кабінкі, якія таксама разлічаны на людзей з асаблівасцямі развіцця, трафарэты для невідушчых, добрае асвятленне, сучасныя скрыні для галасавання. Дадатковая форма правядзення галасавання — галасаванне на даму, таксама адзначаецца са станоўчага боку. Ні на адным з участкаў, якія наведалі, мы не выявілі ніводнага парушэння. Гэта значыць, усё тое, што прадпісвае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, выконваецца з дакладнасцю.

Міжнародных назіральнікаў суправаджалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец і намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Гук.
Роўна ў 20.00 гадзін выбарчыя ўчасткі былі зачынены і пачаўся падлік галасоў.
Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адбыліся. Пружанскі раён правёў электаральную кампанію на дастойным узроўні.
Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік
