Понедельник, 21 апреля 2025

Мы – разам за Беларусь!

1 082

Мы – разам за Беларусь!
Народна-патрыятычная акцыя пад такой назвай прайшла ў Пружанах. На цэнтральнай плошчы горада вечарам у сераду сабралася мноства людзей, каб разам весяліцца, атрымліваць станоўчыя эмоцыі ад выступлення вядомых беларускіх артыстаў, ну і канечне, проста добра адпачыць. Вечар абяцаў быць па-сапраўднаму яркім, і арганізатарам удалося яго зрабіць менавіта такім.


Акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі крочыць па краіне шосты год. Яе галоўныя задачы – ушанаваць чалавека працы і прынесці людзям свята. Такое памкненне было ацэнена Прэзідэнтам: у пачатку мінулага года Федэрацыя прафсаюзаў атрымала спецыяльную прэмію “За духоўнае адраджэнне”. Паводле слоў арганізатараў, каманда праекта пабывала ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. У наш горад акцыя завітала ў другі раз, артысты прыязджалі ў Пружаны чатыры гады таму, і тады гараджане сустрэлі артыстаў з вялікім захапленнем. Таму і сёлета мэта была адна – аб’яднаць, а яшчэ здзівіць, уразіць пружанцаў і падарыць ім добры настрой.


Сімвалічна, што пачаўся канцэрт на беларускай мове, і ў першай яго частцы выступілі мясцовыя выканаўцы і танцоры: узорны ансамбль танца “Круцёлачкі”, салісткі узорнай эстраднай студыі «Мелодин» Ангеліна Шумская і Валерыя Пудоўкіна, салістка Палаца культуры Карына Шаманава, ансамбль танца “Спадчына”. Вядучай першай часткі была рэжысёр Палаца культуры Алёна Анісеня.

Апладысментамі віталі і ўзорна-паказальны аркестр Брэсцкай Чырвонасцяжнай пагранічнай групы імя Ф. Дзяржынскага пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Юрыя Аўсіевіча, а таксама салістаў аркестра.

Затым перад гасцямі свята выступіў начальнік Брэсцкай пагрангрупы, палкоўнік І.М.Гутнік, які з’яўляецца даверанай асобай А.Р.Лукашэнкі. Ігар Мікалаевіч падкрэсліў важнасць захавання незалежнасці і акцэнтаваў увагу на тым, што толькі ад нас саміх залежыць будучыня Беларусі.

Пасля вядучую першай часткі канцэрта, рэжысёра Палаца культуры Алёну Анісеню змянілі Дзяніс Кавалёў і спявачка Вольга Плотнікава, якія пачалі з цырымоніі ўзнагароджання лепшых працаўнікоў Пружаншчыны. На сцэну быў запрошаны Ю.Ю.Бісун. Старшыня райвыканкама павіншаваў усіх будаўнікоў раёна з надыходзячым прафесійным святам, а таксама адзначыў, што будаўнічая галіна сёння займае важнае месца ў эканоміцы раёна: узводзяцца як жылыя дамы, так і сацыяльна значныя аб’екты. У прыватнасці, Юрый Юр’евіч парадаваў пружанцаў навіной аб тым, што літаральна праз некалькі тыдняў адбудзецца адкрыццё абноўленага стаматалагічнага аддзялення. Лепшыя будаўнікі і супрацоўнікі будаўнічай галіны былі адзначаны Граматамі і Падзячнымі лістамі райвыканкама.

Цырымонію ўзнагароджання працягнуў старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў М.М.Шум. Мікалаю Мікалаевічу выпаў гонар ушанаваць два сямейныя экіпажы, якія ў гэтыя дні шчыруюць на палях, а таксама повараў, што гатуюць для працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Грамата абласнога аб’яднання ФПБ была ўручана старшыні райвыканкама Ю.Ю.Бісуну як ацэнка працы камбайнераў і вадзіцеляў, супрацоўнікаў зернесушыльных комплексаў – словам, усіх, дзякуючы каму наш раён першым у вобласці і адным з першых у рэспубліцы намалаціў 100 тысяч тон новага ўраджаю.

Далей слова ўзяла Т.Ю.Гаманчук, старшыня Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў. Вельмі шчыра Таццяна Юр’еўна дзякавала медыкам, якія ў няпросты час пандэміі ахвяравалі сном і адпачынкам дзеля выратавання жыццяў жыхароў раёна. Лепшыя з іх былі адзначаны ўзнагародамі прафкама.

Не памылюся, калі скажу, што самай чаканай была неафіцыйная частка канцэрта з выступленнямі вядомых беларускіх артыстаў. Першымі пружанцаў парадаваў гурт “ByCity”. Яго салісткі змаглі па-сапраўднаму раскачаць публіку, якая нягледзячы на дождж, танцавала і падпявала дзяўчынам. Затым на сцэне з’явіўся Руслан Агарэвіч, а вось па-сапраўднаму разагнаць хмары ўдалося Вікторыі Алешка. Менавіта пасля яе выступлення выглянула сонца, што яшчэ больш раззадорыла пружанцаў, таму наступную выканаўцу – Вольгу Плотнікаву таксама сустрэлі гучнымі авацыямі. Дарэчы, кожны з удзельнікаў канцэрта дарыў гледачам сімвал акцыі – птушку шчасця, якой Федэрацыя Беларусі абрала, канечне ж, бусла.

У фінальнай частцы акцыі на сцэну выйшла заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева. Менавіта яна выступіла хедлайнерам мерапрыемства. У суправаджэнні шоу-балета “Феерыя” Ірына выканала свае вядомыя хіты, а пасля запрасіла на сцэну Кіріла Арцёменку і спявачку BO.NIKA. Маладым выканаўцам удалося падтрымаць добры настрой гасцей свята, якія ўжо былі ў чаканні фаер-шоу ад мінскіх майстроў агню. Асабіста мяне здзівіла тое, як па-майстэрску артысты ўпраўляюцца з агнём, знаходзячыся на хадулях. Зразумела, што для такога прадстаўлення была абрана кампазіцыя Ірыны Дарафеевай “Гары-гары”.

Завяршальным акордам свята сталі песня “Белая Русь”, якую разам выканалі ўсе ўдзельнікі канцэрта, ну і, канечне ж, святочны феерверк. Артысты дзякавалі пружанцам за прыём шчырым паклонам. Ад імя жыхароў горада і раёна падзяку артыстам выказаў М.П.Кудравец. Старшыня раённага Савета дэпутатаў адзначыў, што Пружанчына – зямля шчырых працаўнікоў, якія ўмеюць добра адпачываць, а вядомыя беларускія артысты зрабілі для жыхароў раёна сапраўднае свята. Мікалай Пятровіч выказаў спадзяванне, што спевакі абавязкова і не раз наведаюць наш край. На памяць у якасці падзякі Мікалай Пятровіч уручыў выканаўцам ляльку-абярэг, зробленую рукамі народных умельцаў раёна.

Радасныя вочы пружанцаў і іх усмешкі пасля канцэрта гавораць пра адно: свята ўдалося. “Бела-Белая Русь, я тобою горжусь” – спявалі дзяўчаты, што ішлі па супрацьлеглым баку Савецкай з паветранымі шарамі ў руках. А значыць, арганізатары дасягнулі сваёй мэты, па-сапраўднаму згуртавалі пружанцаў, якія ганарацца родным краем, Брэстчынай і ўсе разам жадаюць сваёй краіне светлай і шчаслівай будучыні!

Сваімі думкамі пра акцыю і ўражаннямі ад выступлення падзялілася спявачка Вікторыя Алешка:


— Разам за Беларусь для мяне гэта, перш за ўсё, згуртаваная краіна, калі людзі выступаюць за мір і хочуць жыць у спакоі, калі мы не баімся хадзіць па вуліцах… Для мяне “разам” – і калі выходзіш на сцэну і адчуваеш яднанне з публікай.
Мне здаецца, што ёсць нешта незвычайнае ў маленькіх гарадах. Да прыкладу, у Мінску, дзе я нарадзілася і жыву, людзі амаль не ведаюць адзін аднаго, не вельмі хочуць усміхацца незнаёмым. Канечне, калі мы выступаем на мінскіх канцэртах, таксама ёсць яднанне, але ў малых гарадах, такіх, як Пужаны, яно адчуваецца па-асабліваму. Ведаеце, прыемна яшчэ і тое, што мы ад’ехалі ад Мінска на некалькі сотняў кіламетраў, але быццам бы прыехалі да сябе дамоў – вось такое ў мяне адчуванне. Пружаны я памятаю, некалі была ў вашым горадзе з гадзіннай канцэртнай праграмай. Тады мяне сустрэлі вельмі цёпла, як і зараз. Дзякую ўсім пружанцам за пазітыў і добры настрой!
Уладзіслаў Шпарла, фота аўтара.