Вторник, 22 апреля 2025

Мы не баімся працы на зямлі

384

Гасцям у ААТ «Жураўлінае» заўсёды рады. Шчыра віталі на мінулым тыдні і навучэнцаў Параслянскай сярэдняй школы, якія займаюцца ў класе аграрнай накіраванасці. Дарэчы, у бягучым навучальным годзе такіх у раёне налічваецца сем.

Факультатыўныя заняткi «Уводзіны ў аграрныя прафесіі» ў 10-11 класах былi ўведзены ў школьную праграму ўстаноў адукацыi Пастановай сумеснага пасяджэння Міністэрстваў адукацыі і сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь 20 снежня 2017 года. Для чаго задума? З мэтай павышэння разумення школьнікамі і іх бацькамі перспектыўнасці аграрнай адукацыі, пераадольвання стэрэатыпу аб цяжкай ручной працы з прымяненнем састарэлай тэхнікі і тэхналогій у аграпрамысловым комплексе, папулярызацыі сельскагаспадарчых спецыяльнасцей.

Але не ўсе жадаючыя могуць быць залічаны ў такi клас. Бо трэба мець сярэдні бал пасведчання не ніжэй за 5, таксама 6 балаў мінімум па вучэбных прадметах, якія будуць вывучацца паглыблена. І гэта правільна, бо сельская гаспадарка — гэта ўжо не конь з плугам. Паўсюдна ўкараняюцца перадавыя тэхналогіі, камп’ютарызацыя праводзіцца пастаянна. А яшчэ дадзеныя заняткі даюць магчымасць паступіць пасля школы ў сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы на асобныя спецыяльнасцi па выніках гутаркі, без уступных іспытаў і рэзультатаў цэнтралізаванага тэсціравання. Адны плюсы і магчымасць на справе даказаць, што любіш сваю зямлю, хочаш на ёй працаваць, быць сапраўдным гаспадаром на родных палетках і лугах.

У гэтым навучальным годзе на тэрыторыі ААТ «Жураўлінае» дзейнічае два такія класы ў Мокраўскай і Параслянскай СШ.

Вучоба — гэта добра, але практыка толькі ўмацоўвае набытыя веды, тым больш калі ёсць куды паехаць і на свае вочы ўсё ўбачыць. З гэтай мэтай і былі запрошаны намеснікам дырэктара ААТ «Жураўлінае» па ідэалагічнай рабоце Таццянай Асіпчук параслянскія навучэнцы 10 і 11 класаў на экскурсію ў гаспадарку.

Распачалася яна з наведвання механізаванага двара ў аг. Клепачы. Як расказаў намеснік дырэктара па механізацыі Сяргей Дудко, у сельгаставарыстве маецца яшчэ дзве майстэрні, але гэта самая вялікая і па-сучаснаму абсталяваная. Гаспадарка ўкамплектавана энерганасычанымі трактарамі першага і другога класа, у асноўным беларускай вытворчасці. Налічваецца трыццаць адзін аўтамабіль грузападымальнасцю звыш 20 тон. На тэрыторыі ёсць запраўка, боксы для захоўвання тэхнікі і сельгасагрэгатаў у зімовы перыяд. Тут жа на адкрытай пляцоўцы сваёй чаргі чакаюць кормаўборачныя камбайны. Зразумела, куды без ўчастка, дзе аператыўна праводзяцца рамонтныя работы. Таму сельгаставарыства запрашае ў будучым моладзь папоўніць рады дружнага калектыву, унесці сваю лепту ў развіццё сельскай гаспадаркі, паказаць сваю спрытнасць у рабоце.

Наступны прыпыначны пункт — МТФ «Клепачы» на 960 галоў, дзе ў ролі экскурсавода выступіла яе загадчыца Вольга Севасцьянчык. Падлеткі на свае вочы змаглі паназіраць за ўтрыманнем пацешных цялятак. Якое ж задавальненне выклікалі малыя гадаванцы! Вельмі ж хацелася іх пагладзіць, пра колькасць зробленых фота наогул не будзем гаварыць. Таксама Вольга Міхайлаўна, як вялікі знаўца сваёй работы, расказала падрабязна і пра догляд кароў, што трэба рабіць, каб яны былі здаровыя і давалі многа малака. Па вачах некаторых хлопцаў і дзяўчат было бачна, што інфармацыя ім цікавая і, хто ведае, можа, у будучым і стане нехта з іх ветэрынарам ці заатэхнікам. У ААТ «Жураўлінае» заўсёды рады вітаць маладых спецыялістаў, нават накіраванне на вучобу могуць выдаць.

Не мясам і малаком адзіным. Таму не прамінулі ўвагай і пладовы сад. Што пасаджана, як праводзіцца раскарчоўка, абрэзваюцца дрэўцы і дасягаюцца высокія ўраджаі, паведаміла кладаўшчык Вераніка Вярхоўцава. І было б зусім недаравальна прамінуць фруктасховішча, дзе проста галава кружыцца ад неймавернага паху яблыкаў. Навучэнцы даведаліся, куды адгружаецца вітамінная прадукцыя, як сартуецца і дзе захоўваецца. І самае галоўнае, мусіць, для падлеткаў — кожны змог пачаставацца яблыкам і ацаніць яго смак, зарадзіцца энергіяй.

На гэтым экскурсія падышла да лагічнага завяршэння. У будучым плануюцца практычныя заняткі з вучнямі — выезды на палеткі, работа ў тым жа садзе і шмат іншага і цікавага. Важны момант, бо адзінкавай сустрэчы мала, каб паказаць сельскую гаспадарку знутры.

Вельмі хочацца спадзявацца, што хоць хто-небудзь з навучэнцаў прыкіпіць душой да роднай зямлі, будзе лічыць за гонар працу на вёсцы.

Што найбольш уразіла навучэнцаў падчас экскурсіі, зачапіла вока, прымусіла задумацца аб выбары прафесіі?

Аляксандр Шульгін, навучэнец 11 класа:
— Чысціня, якая пануе на тэрыторыі механізаванага двара, проста ідэальная. Такі ж парадак і ўнутры, у тых жа боксах для захоўвання тэхнікі, рамонтных майстэрнях. Усё трымаецца ў спраўным стане, кожны ведае сваю работу. Дагледжанасць тэхнікі таксама на вышыні. Усюды бачна гаспадарская рука.

Анастасія Апарына, навучэнка 11 класа:
— З дзяцінства запомнілася: у Жадзенах бабуліна сяброўка трымала карову, і я з вялікім задавальненнем дапамагала пасвіць яе. Гэта самае незабыўнае, што застанецца са мной на ўсё жыццё. А на малочнатаварнай ферме «Клепачы» ўспамін усплыў з новай сілай, калі ўбачыла мілых каровак. Усё акуратна тут, работніцы вельмі ўважлівыя да сваіх рагуль, гатовы кожную песціць.

Ірэна Талстуха, навучэнка 11 класа:
— Сад — як жывая істота, і за ім патрэбны асаблівы догляд: акучванне, абрэзка, прафілактыка хвароб. І садаводы ўсё робяць з душой. Не забываем і пра пасадку маладых дрэўцаў, дзе таксама трэба ўсё рабіць па тэхналогіі. Уразілі таксама на фруктасховішчы і камеры для захоўвання яблыкаў, у кожнай можа захоўвацца па 500 кантэйнераў, уяўляеце? І, канечне, вялікі дзякуй за смачны і духмяны пачастунак!

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік