Чвэрць стагоддзя 3 ліпеня адзначаецца галоўнае свята краіны — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Гэта дзень нараджэння нашай Радзімы, дзень яе суверэнітэту, дзень, калі мы ўсе павінны аб’яднацца з адной думкай: мы — мірныя беларусы.
Менавіта пад такім лейтматывам прайшло галоўнае свята ў Пружанах. Пачаліся ўрачыстыя мерапрыемствы з усебеларускай малітвы, якую праводзілі ў храме Святога благавернага князя Аляксандра Неўскага і ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
Традыцыйна ў гэты дзень каля помніка «Спаленым вёскам» быў праведзены мітынг «У памяці навекі». Разам з людзьмі, якія прынялі ўдзел у жалобным мерапрыемстве, аддаць даніну пашаны загінулым і героям Вялікай Айчыннай вайны вырашыла і неба: яно «плакала» на працягу ўсяго мітынгу, дождж сцішыўся толькі пасля заканчэння мінуты маўчання.
У гэты дзень надвор’е таксама ўносіла свае карэктывы і ў святкаванне. Праграма апошняга была складзена такім чынам, што кожны мог знайсці што-небудзь па душы.
На гарадскім стадыёне ладзіліся спартыўныя спаборніцтвы, праходзіў футбольны матч паміж камандамі «ДЮСШ Пружаны» і «Ружаны», які закончыўся з лікам 4:2. Таксама былі праведзены спаборніцтвы па гіравым спорце, арганізатарамі якіх выступілі райвыканкам, БРСМ і аграрна-тэхнічны каледж. Дарэчы, пераможцам прызнаны гараджанін Васілій Шыхараў, іншыя ўдзельнікі атрымалі заахвочвальныя падарункі.
Разнастайнай была і культурная афіша, якую склалі самадзейныя спевакі і вакальна-танцавальныя калектывы раёна. На галоўнай сцэне горада ў другой палове дня гучалі патрыятычныя і народныя песні, гумарыстычныя сцэнкі, гледачы пабачылі таксама запальныя танцы, а некаторыя, нягледзячы на няспынны дождж, нават прытанцоўвалі разам з артыстамі. Побач было арганізавана «кафэ пад адкрытым небам», але з-за праліўнога дажджу скарыстацца магчымасцю паласавацца прысмакамі ад раённага каапгандлю асмеліліся нямногія.
Удзельнікі ўзорнага падлеткавага клуба «Teens-фармат» прадэманстравалі фотасушку «#пружаныzож», а побач размясцілася выстава-продаж «Горад майстроў». Але, на жаль, не ўдалося прадэманстраваць усю прыгажосць твораў, бо раз-пораз удзельнікам выставы даводзілася ратаваць іх ад нябеснай вады.
Святочная праграма працягвалася да вечара, пасля кароткага перапынку сцэна была аддадзена іншым выступоўцам, якія падрыхтавалі эстрадна-забаўляльную праграму для маладзёжнай катэгорыі гледачоў. А за гадзіну да апоўначы нямала пружанцаў далучылася да грамадска-культурнай акцыі «Праспяваем гімн разам».
Закончылася культурная праграма начной дыскатэкай «Адпачываем па-сяброўску».
Алег Сідарэнка, Кацярына Масік (фота).
Больш здымкаў тут: https://vk.com/album-23306785_279896336