Воскресенье, 19 января 2025

Мы будзем памятаць. Каля «Падаючых крыжоў» у Белавежскай пушчы правялі традыцыйны мітынг

324

У нядзелю, 6 жніўня, каля помніка ахвярам фашызму «Падаючыя крыжы» ў Белавежскай пушчы сабраліся прадстаўнікі ўлады і грамадскасці: тут на традыцыйным мітынгу «Будзем памятаць» ушанавалі памяць пушчанцаў, якія бязвінна загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Незвычайны мемарыял размешчаны ў адначасова вельмі прыгожым і жудасным месцы. З аднаго боку, пушчанская прырода тут проста заварожвае сваёй некранутасцю. А з другога — выклікае нейкае ці не містычнае пачуццё: тут жа, у гэтым месцы, на гэтай зямлі ў апошнія дні ліпеня і першыя дні жніўня 1941 года фашысцкія карнікі расстралялі каля 130 мірных жыхароў — праводзілі так званыя «зачысткі» пушчы, каб мясцовыя людзі не дапамагалі партызанам. У выніку — незваротна загубленыя жыцці жыхароў беларускіх Борак, Ківачына, Роўбіцка, Шарашэва, Белага Ляска, Крыніцы, а таксама польскіх Гайнаўкі, Белавежы і шэрага іншых населеных пунктаў…

Старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, звяртаючыся да ўдзельнікаў мітынгу, падкрэсліў, што генацыд мірнага насельніцтва — гэта вельмі вялікая трагедыя ў гісторыі, і ў тым ліку нашага народа. На вялікі жаль, на дадзены момант устаноўлены імёны толькі 86 расстраляных чалавек, памяць пра якіх увекавечана на мрамарнай пліце мемарыяла.

Як зазначалі праваслаўны і каталіцкі святары, якія таксама прысутнічалі на мітынгу, для ўсіх нявінна забітых, хто спачывае тут, галоўнае і зараз, і ў будучым — малітва. Гэта лепшае, чым мы можам дапамагчы цяпер ахвярам тых жудасных расстрэлаў.

Боль, журбу, смутак, якімі літаральна дыхае гэтае месца памяці, раздзялілі таксама намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновіч, старшыня Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук, выконваючая абавязкі старшыні Шарашэўскага сельвыканкама Святлана Амяльянец, іншыя шаноўныя госці, у тым ліку прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, вучні і мясцовыя жыхары.

Мінутай маўчання ўшанавалі прысутныя памяць пра бязвінных ахвяраў фашызму і ўсклалі кветкі і вянкі да помніка. Вечная памяць кожнаму, хто вымушаны быў знайсці спачын тут, у месцы, якое карнікі так стараліся ўтаіць. Ды няхай жыве праўда пра вайну, а душы бязвінна забітых будуць супакоенымі.

Вольга Басак. Фота Кацярыны Масік і Сяргея Дзямідава