У Дзень Канстытуцыі ў рамках усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!» у Палацы культуры прайшло мерапрыемства па ўручэнні пашпартоў і членскіх білетаў грамадскай арганізацыі «БРСМ». Таксама чатыры чалавекі атрымалі грамадзянства нашай краіны і прынялі прысягу на вернасць Беларусі.
У гэты знамянальны дзень для ўручэння асноўнага дакумента асобы быў запрошаны старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, з рук якога былі ўручаны пашпарты трынаццаці юным грамадзянам.
— У 1994 годзе мы вызначылі стратэгічны шлях развіцця нашай краіны. Асноўны Закон быў прыняты і дзейнічае ў інтарэсах чалавека — найвышэйшай каштоўнасці дзяржавы. Маладыя ж грамадзяне — галоўны стратэгічны рэсурс краіны. Менавіта ад вас залежыць, у якой краіне мы будзем жыць праз дзесяць і больш гадоў. А атрымаць пашпарт у Дзень Канстытуцыі — гэта вялікі гонар. Ад усёй душы жадаю вам добрага здароўя, дабрабыту, упэўненасці ў заўтрашнім дні, поспехаў у вучобе і віншую вас з гэтым цудоўным святам! — сказаў Міхаіл Міхайлавіч.
Для ўручэння пашпартоў наступным адзінаццаці вучням школ Пружанскага раёна быў запрошаны старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, які таксама ў сваім выступленні павіншаваў усіх са святам і зазначыў, што ў Канстытуцыю закладзены асноўныя прынцыпы, па якіх будуецца і развіваецца наша краіна.
— Вы нарадзіліся пад мірным небам, атрымліваеце адукацыю і будуеце свае планы на мірнай зямлі. У гэтым ёсць вялікая заслуга палітыкі, якую вядзе наша дзяржава. Юнакі і дзяўчаты, вы наша змена. Менавіта ад моладзі залежыць, якім будзе заўтра. І мы спадзяёмся, што вы зробіце ўсё для таго, каб наша Беларусь працягвала заставацца такой жа моцнай дзяржавай, — падкрэсліў Мікалай Пятровіч.
У сваю чаргу, прагучалі словы і ў адказ. Навучэнка гімназіі Паліна Наліўка выказала падзяку арганізатарам гэтага мерапрыемства і адзначыла, што атрыманне пашпарта гэта вельмі важная і радасная падзея.
Затым на сцэну паднялася першы сакратар Пружанскага раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Ульяна Апаляйчук, якая ўручыла дванаццаці навучэнцам школ нашага раёна членскія білеты БРСМ.
— Дзякуючы акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі», арганізатарам якой з’яўляецца БРСМ у гэты дзень па ўсёй рэспубліцы маладыя людзі атрымліваюць пашпарты, а наш маладзёжны саюз папаўняецца новымі членамі. Будзьце актыўнымі, смелымі і ўпэўненымі ў сабе, любіце сваю Радзіму, а мы падтрымаем усе вашыя добрыя пачынанні, — адзначыла Ульяна Апаляйчук.
Вучаніца Шарашэўскай сярэдняй школы Марыя Максімчук выказала падзяку за пачутыя цёплыя словы і пажаданні, сказаўшы, што краіна можа разлічваць на новых членаў маладзёжнай арганізацыі, якія будуць імкнуцца прыносіць карысць сваімі ўчынкамі.
Працягнулася мерапрыемства словамі віншавання старшыні раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Таццяны Кашкан:
—Нам усім пашанцавала. Мы жывём у краіне, якая любіць нас, пачынаючы з нараджэння. Вы ж, у сваю чаргу, заслужылі атрымаць пашпарт у такі важны для ўсёй краіны дзень і з рук кіраўніцтва раёна. Гэта сведчыць аб многім. Стаўце перад сабой высокія мэты і дасягайце іх. У канцы мерапрыемства адбылася яшчэ адна важная падзея. Намеснік начальніка Пружанскага РАУС Аляксандр Семаковіч, павіншаваўшы ўсіх са святам, запрасіў на сцэну чацвярых грамадзян, якія ва ўрачыстай абстаноўцы прынялі прысягу на вернасць нашай краіне і сталі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
На мерапрыемстве гучалі музычныя нумары, падрыхтаваныя Дар’яй Дронь, Сафіяй Стэпусь і Кацярынай Падлужнай, якія стварылі сапраўдную атмасферу свята.
Мы папрасілі ўдзельнікаў мерапрыемства падзяліцца сваімі меркаваннямі наконт падзеі, якая адбылася.
Ірына Ніколенка:
— Для мяне атрымаць грамадзянства Беларусі —гэта вялікі гонар. Сэрца і душа былі звязаны менавіта з гэтай краінай, бо мае карані ідуць адсюль, тут жылі мае бабулі і дзядулі. Прыемна нарэшце стаць часткай вялізнай сям’і пад назвай Беларусь.
Сяргей Гармашоў:
— Я вельмі рады ўступіць у рады «БРСМ». Шчыра гэтым ганаруся. Яшчэ прыемней атрымаць членскі білет у такі важны для ўсёй краіны дзень і ва ўрачыстай абстаноўцы. Хочацца ў далейшым прынесці карысць нашаму грамадству сваімі ўчынкамі.
Яраслаў Несцераў:
— Атрымаць пашпарт у гэты дзень было вельмі прыемнай падзеяй. Арганізатары пастараліся і зрабілі цудоўнае мерапрыемства. Мне спадабаліся песні, якія гучалі на сцэне, гэта стварыла атмасферу свята. Прыемна было пачуць пажаданні ад кіраўніцтва раёна.
Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік