«За моцную і квітнеючую Беларусь!» Так называлася акцыя, якая прайшла ў мінулую нядзелю ў Пружанах.
Сотні працаўнікоў з усяго раёна рушылі ад будынка райвыканкама да гарадской плошчы.
Першым перад прысутнымі выступіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь А.Г. Ляўчук.
— Мы вымушаны сабрацца тут, каб заявіць пра сваю грамадзянскую пазіцыю. Каб усе ведалі, што мы за мір, за стабільнасць і за дабрабыт у нашым раёне і Радзіме. Мы прывыклі, што Беларусь – гэта мірная, прыгожая краіна. У нас будуюцца школы, дзіцячыя садкі, бальніцы, спартыўныя аб’екты, жыллё. Функцыянуюць прадпрыемствы, на якіх ёсць працоўныя месцы, ствараецца сацыяльная структура. Але ж зараз знаходзяцца такія асобы, што жадаюць парушыць наш дабрабыт і раз’яднаць наша грамадства… Але мы гэтага не дапусцім, бо мы адзіная нацыя. За Лукашэнку! За Рэспубліку Беларусь! За мір!
З не менш эмацыйнай прамовай выступіў і член прэзідыума савета ветэранаў райвыканкама А.М. Ліцкевіч. Аляксандр Мікалаевіч зрабіў акцэнт на тым, што палітыка А.Р. Лукашэнкі дапамагла перажыць складаныя для ўсёй постсавецкай прасторы 90-ыя гады мінулага стагоддзя, асудзіў забастоўкі на прадпрыемствах і заклікаў не дапусціць расколу ў беларускім грамадстве.
Работнік лясгаса Кірыл Марозаў, які з павагай ставіцца да творчасці Віктара Цоя, выказаў меркаванне, што калі б спявак быў жывы, то пераасэнсаваў бы сваю знакамітую песню “Перамен!”, не рабіў бы яе своеасаблівым гімнам грамадзянскага супрацьстаяння. І працытаваў кітайскага філосафа Канфуцыя, які наогул лічыў самым страшным праклён: “Каб вы жылі ў эпоху перамен”. У канцы ён пажадаў усім навучыцца радавацца таму, што ёсць.
Сярод тых, хто браў слова, быў і першы сакратар ГА «БРСМ» А.М. Бабігорац. Ён падзяліўся сваімі ўражаннямі ад наведвання мітынгу ў сталіцы нашай краіны ў падтрымку дзеючага Прэзідэнта, а таксама нагадаў радок нашага гімну: “Мы, беларусы — мірныя людзі”. І заклікаў усе непаразуменні і праблемы вырашаць толькі мірным шляхам.
Мы звярнуліся да тых людзей, якія хоць і не выступалі, але прыйшлі падтрымаць Прэзідэнта.
Святлана Кавальчук, індывідуальны прадпрымальнік:
— Сёння я тут, бо мне неабыякава будучыня маёй краіны. Я даведалася, што ўжо створаны нейкі каардынацыйны савет, і мне не падабаецца яго склад. Чаму там, напрыклад, няма прадстаўнікоў праваслаўнай і каталіцкай царквы? Я бачу, чаго мы дасягнулі за мінулыя 26 гадоў. Выдатна памятаю, што адбывалася ў 1990-я і пачатку нулявых. Да таго ж, я не ведаю ні адной краіны, якая пасля падобных рэвалюцый стала жыць лепш (Югаславія, Егіпет, Лівія, Украіна, Грузія). Паміж дэмакратыяй і парадкам я выбіраю парадак, бо многія людзі блытаюць паняцці дэмакратыі і ўсёдазволенасці.
Дзмітрый Мацяш, намеснік дырэктара па перавозках філіяла “Аўтамабільны парк № 11 г. Пружаны”:
— Асабіста я за квітнеючую і свабодную Беларусь. Мне вельмі не падабаецца, што зараз пачынаецца раскол у нашым грамадстве. Я ніяк не магу зразумець, чаго менавіта жадаюць людзі, якія выступаюць супраць дзеючай улады. За што яны? Якая ў іх ёсць праграма? Я дарослы чалавек і не маю права проста паддацца эмоцыям. Што чакае маю краіну ў выніку змены ўлады? Пакуль я не атрымаю адказы на гэтыя пытанні (і пакуль яны мяне не задаволяць), я буду супраць абстрактных перамен.
Сяргей Раманоўскі, майстар Пружанскага раёна газазабеспячэння ВУ «Кобрынгаз»:
— Я хачу спакойна працаваць і гадаваць сваіх трох дзяцей, мне не патрэбны ніякія глабальныя перамены, тым больш, што я так і не пачуў і нідзе не прачытаў, якія іменна. І гэта пры тым аб’ёме інфармацыі, які на нас усіх цяпер абрынуўся. Тым не менш, я — за дыялог. Мы павінны самастойна справіцца з гэтай складанай сітуацыяй, без усялякага знешняга ўмяшаль-ніцтва. Я хачу, каб Беларусь засталася мірнай краінай са станоўчым іміджам…
Таццяна Беланоўская, спецыяліст па кадрах УАЗ «Пружанская ЦРБ»:
— Мы выйшлі ў падтрымку міру і спакою ў Беларусі. Тое, што нам навязваюць — гэта рэгрэс. Таму я за развіццё, і галоўнае, каб краіна вярнулася да нармальнага жыцця. Хацелася прыцягнуць увагу і папрасіць людзей задумацца: калі паміж супрацьлеглымі бакамі не будзе згоды, у краіне пачнецца хаос.
***
Прыкладна праз гадзіну на плошчы пачаўся яшчэ адзін мітынг-сустрэча, на якім сабраліся людзі з альтэрнатыўным пунктам гледжання. Адметна, што і яны выступаюць за мір і супраць расколу
ў грамадстве.
Прысутныя абмеркавалі апошнія навіны краіны, яшчэ раз агучылі свае патрабаванні да ўладаў і выканалі некалькі песень пад акампанемент вядомага паэта Андрэя Хадановіча (менавіта ён яшчэ ў 2010 годзе пераклаў на беларускую мову песню “Разбуры муры”). Надвор’е не спрыяла, але тым не менш, адбылася і традыцыйная ўжо хада па вуліцах горада.
З пытаннем: «Чаму вы сёння выйшлі на плошчу?» — мы звярнуліся і да ўдзельніцы другой сустрэчы.
Марына Карунас, загадчык аддзялення «Энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці» Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа:
— Мой удзел у мірных акцыях пачаўся з ланцугоў салідарнасці, так як у камеры ІЧУ патрапілі знаёмыя мне мужчыны, знаёмыя выключна са станоўчага боку. 16 жніўня нас пачулі — іх вызвалілі, але да гэтага часу ўсё вельмі няўстойліва.
Страшна, калі людзей пачнуць дзяліць па палітычных поглядах. Але для мяне сядзець дома ля экрана тэлевізара і нічога не рабіць — злачынства супраць нацыі.
Зараз у нашай краіне кожная падзея асвятляецца з двух бакоў радыкальна процілегла, нягледзячы на ўсе ўгаворы да яднання. Усе мае спробы пачуць меркаванне іншага боку абмяжоўваліся абразамі ў мой адрас і адрас усіх пратэстоўцаў (такі ж досвед ёсць і ва ўдзельнікаў мітынгаў з іншым пунктам гледжання). Я лічу, што наспеў час сесці за стол перамоў, а не раз’ядноўваць грамадства яшчэ больш.
Падрыхтавала Кацярына Пашкевіч. Фота Алега Сідаранка і Дзмітрыя Міхеева.
Больш фота па спасылцы: https://ok.ru/budni/album/905488470664