
У Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Засіма адбылося значнае і душэўнае мерапрыемства, прысвечанае Дню яднання народаў Беларусі і Расіі — «Мы адна сям’я». Гэта свята стала сапраўдным сімвалам брацкай блізкасці і культурнай роднасці, напоўніўшы сэрцы гасцей цяплом і шчырасцю.
Урачыстае адкрыццё пачалося з пранікнёнага выканання вакальнага нумара «Мой родны кут» Уладзіславам Якімовічам, слухачом акцёрскіх курсаў Расійскага цэнтра навукі і культуры з Брэста. Шчырасць і глыбіня гэтай песні выклікалі ў гледачоў бурныя апладысменты.
Таксама гучалі чароўныя радкі вершаў аб Беларусі і Расіі, якія ўслаўляюць прыродную прыгажосць і багатую гісторыю дзвюх нашых краін. Сапраўдным упрыгожаннем мерапрыемства стала выступленне фальклорнага ансамбля «Паўлінка» Пружанскай дзіцячай школы мастацтваў імя Р. Шырмы пад кіраўніцтвам Кацярыны Гуга. Выкананыя імі спрадвечна беларускія народныя песні кранулі сэрцы прысутных.
Прыемнае ўражанне атрымалі госці і ад Златы Штык, якая прачытала верш Якуба Коласа «Ручай», радкі якога адгукнуліся ў душы кожнага слухача сваёй меладычнасцю і сэнсавай напоўненасцю. А Уладзіслаў Якімовіч зноў захапіў публіку, выканаўшы песню «Дзве сястры», у якой знайшла адлюстраванне шчырая любоў беларускага народа да Расіі.
Не абышлося на мерапрыемстве і без ганаровых гасцей. Галоўны спецыяліст аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Таццяна Пура адзначыла важнасць святкавання Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, падкрэсліўшы значнасць сяброўства паміж дзвюма краінамі. Яна выказала падзяку Брэсцкаму аддзяленню Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва за цеснае ўзаемадзеянне і падтрымку культурных ініцыятыў раёна. У сваю чаргу, кіраўнік гэтага аддзялення Сафія Пякшава падзякавала арганізатарам за цёплы прыём і адзначыла, што нашы народы сапраўды звязаны моцнай сувяззю гісторыі, традыцый і агульных каштоўнасцей.
Напрыканцы мерапрыемства дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Засіма Таццяна Гуторкіна ўручыла гасцям памятныя сувеніры, а яны, у сваю чаргу, адказалі ўзаемнасцю.
Гэта мерапрыемства стала яскравым напамінам аб тым, што Беларусь і Расія — адна сям’я, аб’яднаная агульнымі традыцыямі і гісторыяй.
Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік