Загарэліся яркія сафіты, і гучныя фанфары гарадскога Палаца культуры паведамілі гледачам, што міжрэгіянальны конкурс інструментальнай музыкі «Музычны калейдаскоп–2018» пачаўся! А гэта значыць, што надышоў час для цудоўнага свята, напоўненага чароўнай гармоніяй і містэрыяй гуку. Вось ужо ў пяты раз «Калейдаскоп» сабраў шматлікіх прафесіяналаў і аматараў прыгожай жывой музыкі. Для ўдзелу ў юбілейным музычным форуме было запрошана каля 700 артыстаў з 50 лепшых дзіцячых і дарослых аркестраў і інструментальных ансамбляў з Пружанскага, Бярозаўскага, Ганцавіцкага, Івацэвіцкага, Камянецкага, Слонімскага і іншых раёнаў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Завіталі да нас нават госці з суседняй Польшчы.
Як адзначыў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця конкурсу начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І.Панімаш, заявак на ўдзел у «Музычным калейдаскопе» з кожным годам паступае ўсё больш.
— Гэта не дзіўна: Пружаншчына, якая дала сусветна вядомых музыкаў — опернага спевака Міхася Забэйду-Суміцкага, кампазітара і дырыжора Рыгора Шырму, танцоўшчыка і фалькларыста Івана Хвораста і многіх іншых геніяў, — заўсёды вабіла да сябе людзей, цалкам адданых музыцы, — сказаў Канстанцін Іванавіч і пажадаў усім удзельнікам пружанскага музычнага форуму творчых поспехаў і перамог.
Такім чынам, геаграфія конкурсу сёлета адрознівалася большай шырынёй, а творчая праграма — вялікай насычанасцю і разнастайнасцю: усе нумары былі відовішчнымі і запамінальнымі.
Ганаровая місія адкрываць конкурсную праграму выпала народнаму духавому аркестру гарадскога Палаца культуры пад кіраўніцтвам Сяргея Більшэвіча. Забягаючы наперад, адзначу, што, як і ў мінулым годзе, за сваё выдатнае выступленне гэты калектыў атрымаў дыплом II ступені.
Трэба адзначыць, што пяты «Калейдаскоп» быў багаты на паспяховыя дэбюты. Напрыклад, народны ансамбль «Кураж» з Маларыцкай ДШМ, які існуе ўсяго год і да гэтага часу прымаў удзел толькі ў школьных і гарадскіх святах, за сваё выдатнае выступленне ў Пружанах заслужана атрымаў дыплом I ступені. Парадаваў сваіх настаўнікаў і ансамбль «Эдэльвейс» з Белаазёрскай ДШМ: таксама створаны толькі год назад, а ўжо — I месца! Якасным гучаннем і сучасным падыходам да прачытання вядомых кампазіцый замілавалі гледачоў і журы юныя музыкі з ансамбля «Гармонія» з Жыровіцкай ДШМ (Слонімскі раён), якія ўпершыню прымалі ўдзел у конкурсе такога ўзроўню.
Дарэчы, пра журы. У гэтым годзе яно прыемна ўразіла саставам прафесіяналаў. Пад старшынствам вядомага выкладчыка і кіраўніка народнага аркестра беларускіх народных інструментаў Баранавіцкага музычнага каледжа Алены Якаўлеўны Хачкоўскай лепшыя выкладчыкі вядучых музычных устаноў вобласці вызначалі пераможцаў у дванаццаці намінацыях (у кожнай па дзве ўзроставыя катэгорыі: дзіцячая і дарослая).
Ацэньваліся, перш за ўсё, чысціня інтанацыі і валоданне дынамічнай палітрай гуку, арыгінальнасць пастаноўкі, сцэнічная культура. Нягледзячы на вялікую канкурэнцыю, пружанскія майстры, да вялікай радасці гледачоў, папоўнілі сваю скарбонку дасягненняў новымі ўзнагародамі.
У намінацыі «Аркестры духавыя» ў чарговы раз вылучыліся ўзорны духавы аркестр з Пружанскай ДШМ (кіраўнік — Мікалай Ляўчук) і дзіцячы духавы аркестр з Лінова (кіраўнік — Аляксандр Малайчук), якія былі ўзнагароджаны дыпломамі II і III ступені адпаведна. Пазіцыя лідара справядліва была аддадзена таленавітым прыгажунам у запамінальных касцюмах з эпалетамі і аксельбантамі — дзіцячаму аркестру з Камянецкай ДШМ, а таксама духавому аркестру Добраахвотнай пажарнай аховы г. Гайнаўка (Польшча), якія сваім віртуозным і бездакорным выступленнем стварылі на свяце сапраўдны фурор.
У намінацыі «Аркестры эстрадныя» дыпломам вышэйшай ступені заслужана быў адзначаны эстрадны аркестр «Біг-бэнд» (кіраўнік — Сяргей Більшэвіч), які сёлета адзначае своеасаблівы юбілей — дзесяцігоддзе атрымання ганаровага звання «народны». У дзіцячай катэгорыі дыплом II ступені атрымаў народны аркестр народных інструментаў Пружанскага ГПК пад кіраўніцтвам Ірыны Антанюк.
Намінацыя «Аркестры народныя» прынесла дыпломы II і III ступені ўзорнаму аркестру народных інструментаў «Скамарошына» (кіраўнік — Людміла Кавалевіч) і ўзорнаму баяннаму аркестру «Імпрэс» Пружанскай ДШМ пад кіраўніцтвам Валянціны Захаркіў.
У намінацыі «Ансамблі народныя» першае месца з гуртом «Забавушка» з Івацэвіч падзяліў выдатны дзіцячы ансамбль з Ліноўскай ДШМ «Вясёлкавыя ноткі» пад кіраўніцтвам Марыны Пстыга. Гурт быў створаны толькі паўгода таму — і адразу такі поспех! Таксама вылучыліся домравыя ансамблі з Навазасімавіцкай і Пружанскай ДШМ, якія занялі II і III месцы адпаведна. Дыпломам III ступені быў адзначаны і пружанскі ансамбль цымбалістаў пад кіраўніцтвам Міхаіла Захарківа. У дарослай катэгорыі наш знакаміты народны ансамбль народных інструментаў «Пружанскі палацык» (кіраўнік — Інэса Галаўніцкая) быў узнагароджаны дыпломам III ступені.
Вялікага поспеху дасягнулі пружанскія класічныя ансамблі гітарыстаў пад кіраўніцтвам Людмілы Гайдалёнак, скрыпачоў і віяланчэлістаў (кіраўнікі — Юлія Сядова і Вольга Барысюк), якія ў сваёй намінацыі занялі першыя месцы. Дыпломам III ступені, як і ў мінулым го-дзе, было адзначана выступленне трубачоў з Ліноўскай ДШМ. Сярод дарослых у чарговы раз вылучыўся народны струнны ансамбль «ARCHI» (кіраўнік — Вольга Барысюк).
У намінацыі «Эстрадныя ансамблі» дыпломам III ступені, як і летась, быў адзначаны пружанскі эстрадны ансамбль пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Леўчука.
Нягледзячы на тое, што не ўсім пружанскім выканаўцам удалося пацвердзіць свой «зорны» статус, задавальненне ад «Музычнага калейдаскопа» атрымалі і гледачы, і самі музыканты.
Алена Зялевіч,
фота Сяргея Талашкевіча.