Сёння, 22 мая, спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння нашай зямлячкі, заслужанага дзеяча культуры, былога дырэктара Дзяржаўнага музея БССР Алены Аладавай.
А хто ж, хто сасонку выхаваў з зярняці?.. Наша зямля-маці»
Яна нарадзілася ў Пружанах у 1907 годзе ў сям’і настаўнікаў Васіля і Алены Пукаў. У 1915 годзе сям’я пераехала ў мястэчка Парычы Бабруйскага павета, дзе Алена скончыла ў 1922 годзе школу другой ступені і паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (г.Мінск). Падчас вучобы наведвала студыю выяўленчага мастацтва, падзарабляла экскурсаводам і кансультантам рэспубліканскіх мастацкіх выстаў, затым — мастаком Беларускага дзяржаўнага музея, была членам аб’яднання маладых беларускіх мастакоў «Прамень».
У 1925 годзе памерла яе маці, праз некалькі гадоў па абвінавачанні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці расстралялі бацьку. Боль страт дапамог змякчыць кампазітар, аўтар шматлікіх сімфанічных твораў, педагог, народны артыст Беларусі Мікалай Аладаў, за якога Алена Васільеўна выйшла замуж. Адметна, што адзін з першых сваіх твораў, раманс «Сасонка» на словы Янкі Купалы, Мікалай Ільіч прысвяціў сваёй жонцы.
У 1937 годзе Алена Аладава была залічана ў штат Інстытута літаратуры і мастацтва Акадэміі Навук навуковым супрацоўнікам па арганізацыі Дзяржаўнай карціннай галерэі. Праз два гады адбылося яе адкрыццё — і Алена Васільеўна стала загадчыцай аддзела рускага і беларускага мастацтва.
1937-1941 — гэта гады вучобы на завочным аддзяленні мастацтвазнаўчага факультэта Маскоўскага інстытута філасофіі, літаратуры і мастацтва імя Чарнышэўскага. У 1940 годзе Алена Васільеўна брала ўдзел у арганізацыі і стварэнні экспазіцыі выстаўкі мастацкіх твораў на першай дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве.
Напачатку Вялікай Айчыннай вайны яна эвакуіравалася ў Саратаў, але ў першай палове1944 года па выкліку Саўнаркама БССР ужо працавала ў Маскве ў Камісіі па шкодзе, нанесенай фашысцкімі акупантамі культурным каштоўнасцям Беларусі.
Прызванне — збіральнік музейных каштоўнасцей
У ліпені 1944 года Аладава вярнулася ў вызвалены Мінск. І з гэтага часу ажно па 1977 год узначальвала Дзяржаўны мастацкі музей БССР (да 1957 года — Дзяржаўная карцінная галерэя БССР). За гады вайны мастацкія каштоўнасці галерэі былі разрабаваны. Лёс даваеннага збору карцін галерэі дагэтуль невядомы. Вялікая колькасць мастацкіх твораў была вывезена ў Германію. Сярод зніклых былі такія каштоўнасці, як мэбля з «Сіняй спальні» Аляксандра II у Зімовым палацы, дзясяткі абразоў XVI-XVIII стагоддзяў, 480 прадметаў рускага фарфору, 89 твораў скульптуры, больш за 250 твораў рускага і заходнееўрапейскага жывапісу, 48 слуцкіх паясоў і многае іншае.
Усё трэба было пачынаць нанова. Гэты этап гісторыі музея звязаны напрамую з 33-гадовай дзейнасцю яго дырэктара – Алены Аладавай. Алена Рэсіна і Ірына Паньшына, якім пашчасціла працаваць разам з Аладавай, распавялі мне пра яе ў сваіх лістах:
«… Алена Васільеўна музейнай справе прысвяціла ўсё сваё жыццё. Бескарыслівы чалавек, нястомны працаўнік, яна магла працаваць круглыя суткі, не лічылася з часам, са здароўем. Пастаянна наведвала прыватных калекцыянераў Масквы і Ленінграда, арганізоўвала экспедыцыі па Беларусі, выяўляла, збірала, набывала творы народнага мастацтва. Яе папулярнасць як збіральніка музейных каштоўнасцей перасягнула далёка за межы Беларусі. Алену Васільеўну добра ведалі вядучыя мастацтвазнаўцы і музейшчыкі Масквы і Ленінграда… Аладава ніколі не казала пра свае ўласныя заслугі перад культурай. Заўсёды гучала: «У нас, музейшчыкаў… Мы — музейшчыкі… Мы толькі збіраем плады, створаныя намаганнямі вялікіх талентаў».
Кожны мастацкі твор — з гісторыяй
Вось некалькі прыкладаў з яе збіральніцкай дзейнасці.
Вы ведаеце, як апынуўся ў зборы музея варыянт карціны Васіля Пукірава «Няроўны шлюб»? Алена Васільеўна даведалася, што ў сям’і знакамітага цыркавога артыста Дурава ёсць «дублікат» вядомага палатна. Яна завітала ў гасцінны дом, убачыла запыленую, пацямнелую карціну. І адчула, як сама пазней прызнавалася, руку майстра. Вырашыла пераправіць твор у Траццякоўку, каб параўнаць з арыгіналам. Рэстаўратары беражліва ачысцілі палатно ад пылу, бруду і старога лаку. І пацвердзілі: «Гэта аўтарская копія! Праўда, у варыянце Траццякоўкі каларыт шэра-серабрысты, а тут – карычневата-залацісты». Пазней знайшлі і подпіс з датай: Васіль Пукіраў напісаў гэту карціну праз трынаццаць гадоў пасля стварэння арыгінала.
А аднойчы ў адным з маскоўскіх прыватных збораў Аладава выявіла палатно Івана Шышкіна — пейзаж, напісаны дзесьці на Палессі. Яна звярнула ўвагу на фрагментарнасць працы. Падзялілася думкамі з экспертамі. І нехта з іх узгадаў, што ў свой час у Кіеве бачыў вялікую карціну Шышкіна і называлася яна «На Палессі». Аладава страціла спакой. З часам высветліла, што ў Маскве — толькі кавалак палатна. Астатняя частка аказалася ў Краснадары, яе прывезлі, склалі фрагменты і — атрымаўся амаль цэльны твор, без аднаго маленькага кавалачка. Карціну сабраў у адзінае вядомы маскоўскі рэстаўратар Аляксандр Карын, але дапісваць за Шышкіна страчаны фрагмент не ўзяўся. Алена Васільеўна радавалася і гэтаму, бо марыла прадставіць у сваім музеі кожнага вядомага мастака хаця б адным, але вельмі выразным творам.
Звыш пятнаццаці тысяч экспанатаў было сабрана Аладавай і яе супрацоўнікамі. Характэрна, што ў 1964 годзе Алена Аладава набыла ў музей ікону «Тры свяціцелі» з Шарашэўскай царквы, якая датуецца другой паловай XVIII стагоддзя.
Большая частка музейнага фонду рускага жывапісу папоўнілася за кошт прыватных калекцый. Аладавай удалося набыць творы з калекцый спявачкі Лідзіі Русланавай, балерыны Кацярыны Гельцэр, акцёра Івана Масквіна і іншых. Дзякуючы яе намаганням Нацыянальны мастацкі музей Беларусі ўвайшоў у пяцёрку найбуйнейшых у СССР. І сёння ён — сапраўдны гонар краіны.
Чалавек-легенда
Яшчэ пры жыцці Аладавай пра беларускую музейную калекцыю жывапісу загаварылі як пра адну з багацейшых у Еўропе. Аб тым, як Аладава траціла на карціны ўвесь свой заробак, на вока магла вызначыць іх сапраўднасць, як заводзіла сяброўства са знакамітасцямі, якія захапляліся жывапісам, сёння ў прафесійных колах складаюць легенды.
У доме Алены і Мікалая Аладавых збіраліся аднадумцы. Нядзіўна, што і іх дзеці сталі вядомымі ў творчых колах людзьмі: Вальмен — заслужаны архітэктар Беларусі, яго брата Гельміра абагаўляла не адно пакаленне выпускнікоў Мінскага інстытута культуры, а сястра Радаслава — вядомы музыказнаўца, прафесар акадэміі музыкі.
Алена Рэсіна, якая працавала з Аладавай шмат гадоў, напісала ў лісце: «Алена Васільеўна была вельмі сціплым чалавекам. Яе гасціннасць, спагадлівасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу людзям былі агульнавядомымі…»
А Заір Азгур успамінаў: «Алена Васільеўна цудоўна ведала народную творчасць ва ўсіх яе відах: ад вуснай да рукатворнай – і казку раскажа, і мелодыю напяе, і з саломы фігурку спляце, і ручнік арнаментам вышые… Іншы раз, гледзячы на пагружанага ў свае думкі Мікалая Ільіча, я быў упэўнены, што ён напявае нешта, пачутае ад жонкі: якую-небудзь калыханку або рэкруцкую песеньку, падхопленую ёю некалі ў пружанскім доме… А Алене Васільеўне, магчыма, дапамагала арыентавацца ў выяўленчым мастацтве музычная стыхія, у якой знаходзіўся заўжды Мікалай Ільіч».
Памяць і гонар
У 1966 годзе Алене Аладавай было прысвоена званне Заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. Яна была ўзнагароджана многімі ордэнамі і медалямі, у прыватнасці ордэнам «Дружбы народаў» і двойчы «Знакам гонару», медалямі «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне» і «За працоўную доблесць». Пайшла з жыцця ў 1986 годзе.
У чэрвені 1998 года на мінскім доме, дзе жыла Аладава, была ўстаноўлена мемарыяльная дошка, адзін з аўтараў — скульптар Іван Міско, якога яна яшчэ ў 1957 годзе прыняла на працу ў музей і дапамагала яму шмат гадоў. Творца такім чынам ушанаваў яе памяць. Падчас адкрыцця дошкі выступіў са словамі падзякі тагачасны загадчык аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Юрый Котаў, які зазначыў, што пружанцы памятаюць пра сваю зямлячку і ганарацца ёю.
Наступным крокам у справе ўшанавання памяці нашай выдатнай беларускай зямлячкі стала выданне ў 2000 годзе кнігі аб яе жыцці і дзейнасці. А да 100-годдзя з дня яе нараджэння ў паштовы зварот быў запушчаны канверт з арыгінальнай маркай «100 год з дня нараджэння Алены Аладавай» і адмысловы паштовы штэмпель. А Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выпусціў сярэбраную і медна-нікелевую памятныя манеты «А.В. Аладава. 100 год».
Памятная дошка ў гонар 100-годдзя з дня нараджэння Алены Аладавай была адкрыта і ў Пружанах: 26 кастрычніка 2007 года на будынку музея-сядзібы «Пружанскі палацык». Дарэчы, Алена Васільеўна ў свой час марыла адкрыць у палацыку мастацкую галерэю.
Вера Церахава, в. Магілёўцы