Воскресенье, 6 октября 2024

Музей-сядзіба «Пружанскі палацык» сёння адзначае 30-годдзе з моманту стварэння

446

30 гадоў таму 24 ліпеня быў падпісаны Загад аб стварэнні раённага краязнаўчага музея.

Першапачаткова музей змяшчаўся ў будынку бібліятэкі (зараз не існуе) і складаўся з экспанатаў, што былі сабраны раённым клубам краязнаўцаў «Спадчына». У 1999 годзе музей быў перанесены ў будынак гарадскога сядзібнага дома і з гэтага часу стаў называцца музеем-сядзібай «Пружанскі палацык». Сёння гэта помнік архітэктуры ХІХ ст., які ахоўваецца дзяржавай.

Гісторыя Пружанскай сядзібы багатая і цікавая. Яе з’яўленне і росквіт звязаны з родам Швыкоўскіх, тры пакаленні якіх валодалі Пружанамі. Пры апошнім, Валенцію, па праекце вядомага італьянскага архітэктара Ланцы ў сярэдзіне ХІХ ст. быў пабудаваны «палацык». У канцы ХІХ ст. яго ўладальніцай стала прыдворная дама графіня Вера Кляйнміхель. Вядома, што з 1919 па 1939год у «палацыку» змяшчалася павятовае староства. Падчас Вялікай Айчыннай вайны тут быў шпіталь для нямецкіх салдат, спыняўся генерал вермахта Гудэрыян. Пасля вызвалення Пружан у ліпені 1944 года пакоі палацыка сталі бальнічнымі палатамі для савецкіх салдат. У розныя часы тут змяшчаліся дом піянераў, пральня, інтэрнат для ваенных, камунальныя кватэры, даследчая станцыя, дзіцячы садок, паліклініка.

Сёння Пружанскі палацык — гэта вядомы грамадска-культурны і навуковы цэнтр. У ім праходзяць музычныя і літаратурныя вечарыны, навуковыя канферэнцыі, ладзяцца мастацкія, краязнаўчыя і адукацыйныя выставы, праводзяцца экскурсіі…

Для наведвання адчынены 13 экспазіцыйных і выставачных залаў, сярод якіх можна пабачыць інтэр’еры сядзібнага дома ХІХ ст. У музеі захоўваецца каля 10 000 музейных экспанатаў. У большасці гэта ўнікальныя рэчы, якія адлюстроўваюць гісторыю і культуру нашага рэгіёна. Штогод музей наведваюць больш за 10 000 турыстаў, і цікавасць да яго расце.

Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»