Суббота, 18 января 2025

Муравский СДК отпраздновал 50-летний юбилей

1 935

Там, дзе стаяла царква
Перш чым у 1967 годзе ў цэнтры Муравы з’явіўся Дом культуры, за год да таго — у 1966-м (па ўспамінах некаторых старажылаў у 1964 годзе) — была разбурана Свята-Траецкая царква, якая стаяла на гэтым месцы з 1855 года.
Асобна хочацца трошкі згадаць пра лёс храма. На жаль, у той перыяд вось такі незайздросны лёс напаткаў многія ўстановы рэлігіёзнага культу. Але мураўскіх вернікаў ніколі не пакідала думка пра адраджэнне царквы. Спатрэбілася больш за трыццаць гадоў, каб у Мураве з’явіўся новы храм. Месца будаўніцтва было асвечана ў 1990 годзе. Закладзеную на маляўнічым узвышшы паміж Муравай і Навасёлкамі царкву будавалі ўсім наваколлем: работы вяліся бесперапынна, быў складзены нават графік, згодна з якім кожны двор прыхода павінен быў адпрацаваць тут пэўны час. Практычна ўсё рабілася рукамі мясцовых умельцаў. Падчас будаўніцтва вялікую дапамогу аказвала мясцовая гаспадарка: закупляла дарагія матэрыялы, пастаянна выдзяляла транспарт. Увесь перыяд — ад моманту закладкі да асвячэння — заняў шэсць гадоў. Новая святыня атрымала сваю назву ў гонар Казанскай іконы Божай Маці, свята якой было і ў дзень, калі ў Мураве ізноў загучалі званы, што абвясцілі пра ўзнаўленне духоўнага жыцця.
…Дакладны дзень нараджэння Дома культуры назваць ніхто не бярэцца. Вядома толькі, што першай, хто атрымаў у працоўнай кніжцы запіс, у якім згадваецца гэтая культустанова, стала Кацярына Аляксандраўна Ляшко: са снежня 1967-га на працягу паўгода яна з’яўлялася загадчыцай гэтага ачага культуры.
Пяцідзесяцігоддзе Мураўскага Дома культуры цяперашні калектыў установы вырашыў адсвяткаваць менавіта ў прастольнае свята мясцовай царквы, з лёсам якой так цесна пераплялася гісторыя ДК, — чацвёртага лістапада.

Ля вытокаў
На змену К.А.Ляшко прыйшоў малады, энергічны энтузіяст А.М.Чайкоўскі.
Хлапчук са шматдзетнай гуценскай сям’і вельмі хацеў авалодаць майстэрствам ігры на гармоніку, але рэаліі жыцця прымушалі займацца куды больш важнымі справамі: на вёсцы клопатаў, як вядома, было хоць адбаўляй. І толькі ў 15-гадовым узросце, калі паехаў ва Украіну «за кавалкам хлеба», збылася яго мара: за заробленыя грошы змог купіць і музычны інструмент. Праз год на вяселлі брата Аляксандр ужо весяліў гасцей. Увогуле, вярнуўшыся ў Гуту, музыкант-самавучка стаў жаданым госцем у любой кампаніі, на любым мерапрыемстве.
Тэрміновая служба ў ваенна-марскім флоце дапамагла авалодаць шрыфтамі настолькі дасканала, што, дзякуючы каліграфічнаму почырку і ўмеламу валоданню пер’ямі і пэндзлямі, пазней нават атрымліваў прапановы працаваць у пашпартным стале. Але ўсё вырашыў, як гэта часта бывае, выпадак. Старшыня тагачаснага калгаса ў Лыскаве І.А.Вялічка заўважыў здольнасці маладога чалавека, таму ў хуткім часе парэкамендаваў у раёне прыгледзецца да Аляксандра Чайкоўскага як да культработніка. Гаваркога, творчага, таленавітага Аляксандра Мікалаевіча загадчык аддзела культуры Р.І.Півінскі адправіў у Мураву ўзначаліць работу клуба.

Так усё пачыналася
Як гэта было, А.М.Чайкоўскі, безумоўна, успомніў у той юбілейны вечар на сцэне, з якой звязана большая частка яго жыцця.
— 37 гадоў сваёй працы ўнёс я ў летапіс Дома культуры. Колькі сіл у яе ўкла-дзена! Работу давялося пачынаць з нуля, — расказвае былы дырэктар пра той час. — Быццам учора ўсё было… Памятаю, калі ўпершыню ўвайшоў у клуб, адзінае, што тут знаходзілася, — плакат на сцяне з надпісам пра каханне. І больш нічога. Але мне пашанцавала, што побач апынуліся такія апантаныя культасветніцкай справай людзі, як кінамеханік Васіль Раманавіч Казлоўскі і яго жонка Лідзія Мікітаўна: яны і былі маімі першымі дарадцамі і памочнікамі.
Канешне, атрымаў і адпаведныя «корачкі», якія дазволілі працаваць з веданнем справы: спачатку закончыў дзесяцімесячныя курсы па падрыхтоўцы кіраўнікоў хораў у Мінску, затым завочна — Гродзенскае культасветвучылішча. Асвоіў нотную грамату, і тут пачалося: стварыў ансамбль гарманістаў, групу баяністаў, некалькі вакальна-інструментальных ансамбляў, агіт-брыгаду, праводзіў разна-стайныя спаборніцтвы, ладзіў «аганькі» і тэматычныя вечары… Калі спачатку падтрымлівала тагачаснае кіраўніцтва калгаса, якое стымулявала работнікаў, што не проста цікавіліся, але і ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, то праз некаторы час людзі ўжо не ўяўлялі свайго жыцця без наведвання клуба. Мураўскім артыстам была адкрытая дарога не толькі на раённую сцэну: калектывы ездзілі на абласныя агляды-конкурсы, пра агітбрыгаду ведалі далёка за межамі Пружаншчыны, а хор, у якім на той момант налічвалася каля ста чалавек, запрасілі на здымкі на тэлебачанне.
Было б несправядліва асобна не ўспомніць пра Казлоўскіх. Агульны працоўны стаж гэтай сям’і ў галіне кінафікацыі — 65 гадоў. Складана нават уявіць, колькі кіламетраў кінаплёнкі за гэты час яны пераматалі. За добрасумленную працу Васіль Раманавіч быў узнагароджаны медалём «Ветэран працы», Ганаровай граматай Дзяржкіно СССР, яго імя занесена ў кнігу Працоўнай славы Дзяржкіно БССР.
Больш за 15 гадоў Мураўскі СДК насіў званне выдатнай работы. Ці ж гэта не пацверджанне заслуг людзей, якія там працавалі?
Завяршаючы прамову, Аляксандр Мікалаевіч адзначыў:
— Галоўным для мяне заўсёды заставаўся чалавек. І праз столькі гадоў хочацца выказаць словы ўдзячнасці ўсім, хто і сёння знайшоў час завітаць на свята.
Гучныя, шчырыя апладысменты выступоўцу сведчылі, што многія з тых, хто ў той вечар знаходзіўся ў зале, не проста добра памятаюць, як бурліла культурнае жыццё ў Мураве, але і з’яўляюцца часткай гэтых успамінаў.

…Дзяўчыну з суседніх Навасёлак, якая прыходзіла спяваць у ансамблі, Аляксандр Чайкоўскі запрыкмеціў адразу.
— Памятаю нават, што была яна ў белай кофтачцы з чорным каўнерыкам, — усміхаецца Аляксандр Мікалаевіч. — Але ў першую чаргу звярнуў сваю ўвагу на тое, што яна нядрэнна спявае.
Дзеля той дзяўчыны, што так мне спадабалася, нават стварыў асобны вакальны гурт, дзе Марыя Раманаўна стала салісткай. А праз год — у 1969-м — мы згулялі наша вяселле.
Так і адпрацавалі Чайкоўскія побач шмат гадоў: ён — дырэктарам Мураўскага ДК, яна — мастацкім кіраўніком.
Любоў да мастацкай самадзейнасці стараліся прывіць і дзецям. На жаль, ніхто з сыноў не абраў бацькоўскі хлеб, хаця цікавасць да гэтай справы ўзнікла: старэйшы Алег стварыў вакальна-інструментальны ансамбль, Сяргей кіраваў дзіцячым гуртком гарманістаў. Затое ўнучка Аксана атрымала адпаведную адукацыю ў Гродне і нядаўна ўзначаліла калектыў Шарашоўскага Цэнтра культуры і вольнага часу.

Праз паўстагоддзя
Алег Несцярук, Наталля Пстыга, Генадзь Чэрнік, Таццяна Пацапня, Ірына Асаніна, Таццяна Чыгрына, Марыя Вайцяхоўская, Ірына Пашкевіч, Вольга Краўчук, Алена Усік… І гэта далёка не поўны пералік людзей, якія вераць у адоранасць як дзятвы, так і дарослых, якія прыходзяць у Дом культуры, каб раскрыць свой талент.
У 2012 годзе пасля невялікага рамонту тут адкрыліся, напрыклад, класы Шарашоўскай ДШМ. У выніку сёння ў філіяле школы атрымліваюць музычную адукацыю 18 дзяцей, больш за дзесяць — ужо яе маюць. Акрамя таго, трэці год вядзецца супрацоўніцтва з Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі: па выхадных тут працуе з дзецьмі адзін з яго педагогаў Аляксандр Савіцкі. Дарэчы, цяпер у будынку Дома культуры размяшчаецца яшчэ чатыры арганізацыі, работнікі якіх заўсёды знаходзяць агульную мову.

… Для ўстановы, магчыма, 50-годдзе — яшчэ сціплы юбілей. І тым не менш, гэта ўжо падстава не проста ўспомніць дзень учарашні, але і падзякаваць тым, хто стаяў ля вытокаў, хто цяпер нясе культуру ў масы. Мяркуючы па тым культурным жыцці, якое сёння кіпіць у вёсцы, мураўцам ізноў пашанцавала: ужо больш за 12 гадоў пасаду дырэктара Дома культуры займае Ірына Кузьміч — чалавек таленавіты, апантаны справай, якую робіць, і здольны аб’яднаць вакол сябе людзей.
Крыху пра творчы партрэт цяперашніх наведвальнікаў Дома культуры. Толькі дзяцей сюды прыходзіць больш за 30 чалавек, кожнае з якіх па-свойму таленавітае і крэатыўнае. Прычым галіна інтарэсаў у кожнага свая: ад фальклору, высокага мастацтва да вакалу, дэкаратыўна-прыкладной творчасці і танцаў. Пры гэтым ва ўсіх ёсць пэўныя дасягненні — граматы і ўзнагароды. Дарэчы, вакалісты і танцоры, якія займаюцца ў Доме культуры, прадэманстравалі свае здольнасці і ў гэты юбілейны вечар. Іх выступленні змаглі ацаніць не толькі мясцовыя жыхары, для якіх нават не хапіла крэслаў у зале, але і ганаровыя госці. Раздзяліць радасць юбілею прыехаў і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І.Панімаш. «Мне заўсёды прыемна бываць у Мураве: мерапрыемствы тут заўсёды праходзяць на высокім прафесійным узроўні», — зазначыў Канстанцін Іванавіч.
Ачагом цеплыні, усмешак і добрага настрою назваў Дом культуры старшыня Сухопальскага сельвыканкама М.Я.Мартынаў.
Вось каторы год з’яўляецца плённым супрацоўніцтва з ААТ «Мурава»: напрыклад, другі год запар мастацкая самадзейнасць, падрыхтаваная дзякуючы культработнікам, займае прызавыя месцы на спаборніцтвах сандружын. На думку дырэктара таварыства П.М.Білецкага, работнікі гаспадаркі і ўстановы культуры праследуюць розныя мэты, але задачы перад імі стаяць аднолькавыя.

Прыемных слоў, шчырых пажаданняў, непадробных эмоцый у той вечар ад гасцей было шмат. Акрамя гучных апладысментаў, артысты, якія выходзілі на сцэну, атрымалі шмат падарункаў: ад райвыканкама — люстэркі для заняткаў танцораў, ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама — фотавідэакамеру, ад гаспадаркі — ноўтбук…
Развітваючыся з гледачамі, артысты, якія сёння праяўляюць свой талент на сцэне Мураўскага ДК, загадалі новыя жаданні і задулі свечкі на вялікім святочным торце. Пра што мараць гэтыя людзі? Напэўна, каб у Мураве не пераводзіліся таленты, якія разнастайваюць будні вяскоўцаў і гучна заяўляюць пра сябе на вялікіх сцэнах, а зала Дома культуры ніколі не пуставала.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *