Пятница, 23 мая 2025

Можно ли заработать на хлеб с маслом творчеством? В Пружанском районе зарегистрированы 144 ремесленника

1 450

На сённяшні дзень, паводле інфармацыі раённай інспекцыі па падатках і зборах, на Пружаншчыне зарэгістравана 144 рамеснікі. Гэты від прадпрымальніцкай дзейнасці стаў асабліва папулярным у апошнія гады. Аднак толькі нямногія з зарэгістраваных займаюцца рамесніцтвам як бізнэсам,а значыць, выстаўляюць на продаж уласнаручную прадукцыю. І толькі адзінкі вырашылі зарабляць такімі вырабамі сабе на жыццё.

Яшчэ сто гадоў таму рамеснік меў магчымасць поўнасцю забяспечыць сваю сям’ю. Прычым, у залежнасці ад таго, што вырабляў, мог стаць і заможным. Чаму ж сёння гэтак не атрымліваецца?

Сям’я Ракіцкіх больш за сем гадоў займаецца рамесніцтвам як бізнэс-справай, аддаючы ёй увесь вольны час. Але Ганна і Аляксандр усё роўна не могуць аднесці сябе да катэгорыі людзей, заробак якіх —вышэй сярэдняга.

— Займацца вырабам упрыгожанняў з паўкаштоўных і вырабных камянёў і мінералаў мы пачалі даўно,— расказвае Ганна.— Але спачатку гэта было проста хобі. Потым, калі ўбачылі, што нашымі вырабамі  цікавяцца іншыя людзі, вырашылі зрабіць з любімай справы крыніцу свайго прыбытку.

Аднак не ўсё так проста. Масавая вытворчасць дае магчымасць  вырабляць не менш прывабныя ўпрыгожанні, чым тыя, што выходзяць з рук Ракіцкіх. Пры гэтым канвеер можа за гадзіну наштампаваць сотні завушніц, хай і аднолькавых, а рамеснік корпаецца над кожным вырабам. Адпаведна — розніца коштаў. Адзінае, на што могуць разлічваць рамеснікі, — гэта попыт на ручную работу, якая надае ўпрыгожанням абсалютную індывідуальнасць. А нехта яшчэ верыць у часцінку душы, што майстар укладае ў сваю працу.

Але ж рамеснікі за месяц могуць зрабіць да сотні штучных вырабаў, а прадаць за той жа перыяд «на хлеб з маслам» трэба ў дзесяць разоў больш.

Ёсць складанасці і з сыравінай. Патрэбныя камяні і мінералы муж з жонкай шукаюць як па Беларусі, так і па ўсёй постсавецкай прасторы. Часцяком наведваюць Кольскі паўвостраў, нетры якога лічацца багатымі на паўкаштоўныя выкапні.

— Часам вельмі прыгожая рэч можа атрымацца і са звычайнага на выгляд каменя,— паказвае Аляксандр адзін з варыянтаў упрыгожанняў.— Напрыклад, акамянеласць дагістарычнага малюска-аманіта мы распілавалі на дзве часткі, адшліфавалі і зрабілі металічную аправу, дзякуючы чаму атрымаўся набор завушніц.

Адной з праблем варта назваць і непастаяннасць таго ж попыту: вельмі складана прагназаваць, што будзе запатрабавана ў бягучым сезоне. Лягчэй было б, калі атрымалася б кааперацыя з гандлем. Можна з дапамогай пружанскіх рамеснікаў вырабляць сувеніры, якія б пакідалі гасцям раёна напамін пра наш край. Катэгорыя цэн можа быць рознай, пачынаючы ад  дзіцячых цацак з мінімальным коштам і заканчваючы  ювелірнымі вырабамі, якія маглі б перадавацца з пакалення ў пакаленне. Толькі прыклады такога супрацоўніцтва пакуль што аднолькавыя, можна сказаць, што кааперацыі і няма.

У выніку Ракіцкія называюць сваю справу захапленнем, а не бізнэсам. Каб не паслабленні рамеснікам з боку дзяржавы, то гэты від прадпрымальніцтва ўвогуле б не змог існаваць.

Напрыклад, такі від дзейнасці проста зарэгістраваць, няма патрабаванняў да строгай справаздачнасці, нават касавы апарат можна не выкарыстоўваць. Такія ж ліберальныя адносіны і да выязнога гандлю, калі не патрабуецца спецыяльна прыстасаванага памяшкання са строгім захаваннем санітарных умоў. Дастаткова мець столік, на якім выкладваць сваю прадукцыю. Дзякуючы такім падыходам, са сваімі вырабамі Ганна і Аляксандр аб’ехалі ўсю Беларусь, пабывалі на многіх фестывалях і выставах. Пазнаёміліся са сваімі калегамі, якія сёння аб’ядноўваюцца «па цэхах», навучаючы адзін аднаго тонкасцям  справы. Такое супольніцтва карысна яшчэ і тым, што даволі дарагое абсталяванне можна набыць удвох-утрох і карыстацца ім па чарзе.

Ракіцкія ўсё ж бачаць за рамесніцтвам будучыню: маўляў, гэта ўдалы варыянт для творчых людзей, якія мяркуюць яшчэ і зарабляць на гэтым. Можна самастойна планаваць свой працоўны час, ствараць тады, калі «душа ляжыць». А з іншага боку, планаваць справу даво-дзіцца таксама самастойна, ва ўзлётах і заняпадах разлічваючы толькі на ўласныя сілы. Таму Ганна і Аляксандр раяць не разлічваць на хуткую аддачу падобнага бізнэсу, бо творчасць і грошы — рэчы ўсё-такі  не заўсёды сумяшчальныя.

Алег СІДАРЭНКА,  Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *