Суббота, 12 октября 2024

Мотааматары падарылі сапраўднае свята дзецям з сацыяльна-педагагічнага цэнтра

199

У мінулую суботу мотааматары з нашага горада сумесна з кобрынскімі «калегамі па цэху» і мотаклубамі «Iron brothers MCС», «Motorcycle community Route P98», «Пасека MCC», «West Region MCC» і «Джива» пабывалі ў ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Пружанскага раёна» і зладзілі дзецям сапраўднае свята.

Гэта ўжо не першая падобная акцыя з боку матацыклістаў. Навучэнцы цэнтра, які размешчаны ў пасёлку Сонечны, ужо добра знаёмыя з аматарамі язды «на жалезных конях», таму сустракалі гасцей з радасцю.

Матацыклісты прыехалі не адны, а з аніматарамі, якія былі пераапрануты ў зайчыка і мішку, што вельмі спадабалася дзецям. Вясёлыя танцы, музыка і прыемны настрой — усім гэтым радавала мерапрыемства. Вядома, не абышлося і без сумеснага фота і вялікай колькасці падарункаў, сярод якіх знайшлося месца і вялікаму паласу, які ўпрыгожыў пакой хлопчыкаў. Акрамя яго, людзі з чулымі сэрцамі прывезлі неабходныя канцылярскія прылады, сродкі асабістай гігіены і нават фірмовыя майкі аднаго з мотаклубаў. Ды і гэта быў яшчэ не канец. Усіх чакала сапраўднае шоу з мыльнымі бурбалкамі, якое не пакінула абыякавым нікога…

— Хочам выказаць вялікую падзяку нашым мотасябрам, якія ўжо па традыцыі аказваюць дапамогу нашаму цэнтру. Сёння апроч падарункаў яны зрабілі для ўсіх прысутных сапраўднае свята. Таксама хацелася падзякаваць усіх, хто садзейнічае жыццядзейнасці цэнтра. Да пачатку новага навучальнага года прыязджалі павіншаваць дзяцей і зрабілі падарункі не толькі арганізацыі Пружанскага, але і іншых раёнаў, чаму мы вельмі ўдзячны, — адзначыла намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Пружанскага раёна» Аксана Собаль.

Такія мерапрыемствы дораць сапраўдныя эмоцыі як дзецям, так і дарослым. Неўзабаве пасля мерапрыемства ў Пружанах матацыклісты накіраваліся ў такі ж цэнтр, размешчаны ў Кобрынскім раёне, у аграгарадку Аса. Там іх ужо чакалі некалькі дзетак, якія пачаставалі гасцей чаем, а ўзамен атрымалі незабыўныя эмоцыі, падарункі і новых сяброў.

— Такія акцыі сталі для нас ужо традыцыяй. Мы імкнёмся да таго, каб з кожным годам удзельнікаў падзей было больш, а самі мерапрыемствы станавіліся маштабней. Галоўны імпульс для правядзення падобных дзеянняў — гэта эмоцыі дзяцей, — падкрэсліў адзін з удзельнікаў акцыі «Быць дабру! Байкеры дзецям» Алег Ярулін.

Выдатна, што сярод нас ёсць тыя, хто гатовы аказаць дапамогу дзецям. Гэта яшчэ раз гаворыць, што свет не без добрых людзей.

Руслан Басак.

Фота аўтара