Воскресенье, 8 декабря 2024

Московский театр на льду «АЛЕКО» стал чемпионом мира и благодарит за это … Пружаны

802

Летась мы ўжо распавядалі пра маскоўскі тэатр на лёдзе “АЛЕКО”, які на працягу некалькіх гадоў выкарыстоўвае базу ДЮСШ №2 для сваіх летніх збораў. Галоўнай гераіняй той публікацыі была артыстка Кацярына Старшова, добра вядомая гледачам па ролі Пугаўкі ў серыяле “Бацькавы дочкі”. А сёлета нас запрасілі, каб паведаміць выдатную навіну: “АЛЕКО” стаў чэмпіёнам свету сярод танцавальных балетаў на лёдзе! Мастацкі кіраўнік тэатра Вольга Кандрашова ўпэўнена, што гэты поспех звязаны з магчымасцю трэніравацца ў Пружанах:

— Мы задаволены ўсім. У вас выдатная матэрыяльна-тэхнічная база, прыгожыя мясціны і, мабыць, галоўнае — вельмі паважлівыя адносіны да нашых патрэб. Адміністрацыя спартыўнай школы дапамагае размеркаваць заняткі ў зручны для нас час. Такім чынам, кожная мінута, праведзеная ў вас, праходзіць з карысцю.

— Вольга  Ільінічна, раскажыце, калі ласка, для нашых чытачоў больш падрабязна пра ваш від спорту … ці мастацтва?

— Так, гэта такі тандэм спорту і мастацтва. Акцёры тэатра валодаюць лядовай акрабатыкай, вялікай скакалкай, канькамі-хадулямі, катаюцца па лёдзе на аднаколавых веласіпедах, выконваюць скачкі і іншыя элементы класічнага фігурнага катання. На спаборніцтвах таксама выступаюць у дзвюх праграмах: кароткай і адвольнай. У першай галоўнае — паказаць тэхніку і складанасць элементаў, у другой на першы план выходзіць артыстызм. Дарэчы, у адрозненні ад фігурнага катання на адну з праграм нашы артысты выходзяць у чорных купальніках і без макіяжу, каб увесь свой талент паказаць выключна праз рухі.

Тэатры на лёдзе вельмі папулярны ў Еўропе і ЗША. А мы верым, што некалі і наш “спорт” будзе ўключаны ў Алімпійскую праграму.

Акрамя ўсяго іншага, тэатр на лёдзе дае магчымасць кожнаму запаліць сваю зорачку. Усе мы разумеем, што кожны не можа стаць чэмпіёнам. Некаму проста не дазволяць фізічныя дадзеныя, некаму — траўма. А тэатр дае магчымасць працягваць спартыўную кар’еру і займацца любімай справай.

— Але атрымліваецца, што сёлета чэмпіёнамі сталі ўсе?

— Можна і так сказаць. Сёлета сталі чэмпіёнамі нашы юніёры (юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 15 да 21 года). У тым ліку і Пугаўка, якая сёлета паступае на факультэт фундаментальнай медыцыны МДУ, таму і не прыехала зноў у Пружаны. У гэтым годзе ў Францыі мы паўтарылі свой поспех 2013 года, калі сталі чэмпіёнамі свету ў Іспаніі.

Перад кожным чэмпіянатам свету каманды атрымліваюць пэўную тэматыку. У гэтым годзе гэта быў народны танец. Мы абралі грузінскі і выгадна вылучаліся на фоне іншых калектываў, якія масава выконвалі іспанскія і індыйскія танцы.

Мы вельмі ганарымся гэтым званнем. Таму яшчэ раз выказваем словы ўдзячнасці пружанскаму лёду і людзям, якія на ім працуюць.

Кацярына Пашкевич, Сяргей Талашкевіч (фота).