У ААТ «Мурава» сёлета шчыраваў адзін маладзёжны экіпаж у складзе старшага камбайнера Вадзіма Рудчыка і камбайнера Дзяніса Шапавала. З бункера камбайна «КЗС-1218» маладыя людзі выдалі 1281 тону збожжа і першымі ў раёне дасягнулі намалоту ў тысячу тон сярод маладзёжных экіпажаў.

Для Вадзіма і Дзяніса сёлетняя ўборачная кампанія стала трэцяй па ліку. У свой першы сезон яны намалацілі 760 тон збожжа і сталі пераможцамі раённага спаборніцтва сярод маладзёжных экіпажаў. Летась яны былі другімі.
Сёлета ААТ «Мурава» ў ліку першых сярод гаспадарак раёна завяршыла жніво. Валавы збор збожжа склаў 7577 тон пры ўраджайнасці 53,7 цэнтнера з гектара. Пяць з сямі экіпажаў перавысілі тысячны рубеж па намалотах. У іх ліку Вадзім Рудчык і Дзяніс Шапавал. Тым самым, маладыя працаўнікі далі форы нават больш вопытным камбайнерам.
Зразумела, што працаваць на жніве даводзіцца ў напружаным рытме. У 6 гадзін раніцы экіпаж ужо рыхтуе камбайн да выхаду ў поле. Заканчваецца рабочы дзень каля 22 гадзін, а то і пазней. Зусім мала часу застаецца на адпачынак. Але хлопцы разумеюць, што яны робяць важную справу — убіраюць збожжавыя, з якіх у далейшым атрымаецца хлеб. Сёлета сама прырода нібы садзейнічала сельскім працаўнікам, і маладзёжны экіпаж дамогся самага высокага намалоту за час сумеснай працы.
Жыццёвыя шляхі-дарогі Вадзіма і Дзяніса вельмі падобныя. Пасля заканчэння Мураўскай СШ абодва засталіся працаваць у роднай гаспадарцы. За Вадзімам замацаваны трактар «Беларус-82», а Дзяніс працуе слесарам, але нядаўна ён таксама атрымаў пасведчанне механізатара.
Праца на зямлі падабаецца маладым людзям. Яны лічаць, што ў ААТ «Мурава» маюць магчымасць нядрэнна зарабіць і атрымаць жыллё.
Днямі Вадзім Рудчык і Дзяніс Шапавал прымалі віншаванні. З тысячным намалотам маладзёжны экіпаж павіншавалі і ўручылі падарункі старшыня райкама прафсаюза работнікаў агра-прамысловага комплексу Д.У.Чайкоў-скі, першы сакратар раённага камітэта ГА БРСМ А.М.Бабігорац, старшыня прафкама таварыства С.С.Сцяпанаў.
Мікола Архуцік, фота аўтара.