— Наша школа па гарадскіх мерках маленькая, ды ўдаленькая, – ганарыцца сваёй установай дырэктар Мураўскай сярэдняй школы Алена Мікалаеўна Хоміч. — Скарбонка дасягненняў нашых выхаванцаў папаўняецца з зайздроснай прагрэсіяй. Вялікая заслуга ў гэтым і саміх дзяцей, і, вядома ж, педагогаў.

Шмат надзей кіраўнік ускладае і на маладых спецыялістаў, сярод якіх асабліва вылучае настаўніцу нямецкай мовы Таццяну Анатольеўну Прытульчык. Каб пераканацца ў яе словах, мы пабывалі на ўроку замежнай мовы і паразмаўлялі з вучнямі.
— Guten Morgen!.. Наша настаўніца самая лепшая!
— Прыгожая, добрая, усё растлумачыць, ва ўсім дапаможа!
— Дзякуючы ёй, мы літаральна за першую чвэрць так падцягнулі свой узровень, што амаль увесь урок стараемся размаўляць па-нямецку!
Наперабой ды яшчэ з далучэннем фрагментаў на мове Гётэ і Шылера (прызнацца, не здольна перадаць транскрыпцыю) расхвальвалі настаўніцу пяцікласнікі, у якіх Таццяна Анатольеўна, да ўсяго, з’яўляецца класным кіраўніком.
—Паважаныя, патрабую ўвагі! У нас усё ж такі ўрок, а не перапынак. Пагаварылі — і працягваем працаваць! — гэта ўключаецца ў размову педагог.
Дастаткова аднаго яе звароту, і школьнікі паклалі рукі на парты, падцягнулі спіны і пачалі па чарзе хутка чытаць даволі складаны, на мой погляд, тэкст.
Скарыстаўшыся хвілінкай, я паспела даведацца ў дзяўчыны, што прывяло яе ў настаўніцкае асяроддзе.
Як аказалася, Таццяна Прытульчык (дарэчы, яна — ураджэнка Пружан) з дзяцінства захаплялася казкамі братоў Грым. У старэйшых класах школы яна літаральна ўлюбілася ў творы Іагана Гётэ і Фрыдрыха Шылера, пачала чытаць Эмануіла Канта і Патрыка Зюскінда… Таму пасля заканчэння СШ № 5 паступіла ў Баранавіцкі ўніверсітэт. Атрымала спецыяльнасць “настаўнік нямецкай і англійскай мовы” — і па мэтавым размеркаванні прыехала працаваць у Мураву. Тройчы на тыдзень Таццяна імчыць на ўласным аўтамабілі з Пружан да сваіх любімых вучняў.
— Як марыла з дзяцінства стаяць каля школьнай дошкі ў ролі настаўніцы, так і атрымалася… Марыла адолець замежную мову — адолела. Прызнаюся, засталася яшчэ адна мара — калі-небудзь пабываць у Берліне. Вельмі ўжо вабіць мяне сваімі агнямі гэты шматнацыянальны, мультыкультурны мегаполіс!
— Таццяна Анатольеўна, не хвалюйцеся: упэўнены, усё ў Вас атрымаецца! — шчыра падрымліваюць маладую настаўніцу старанныя вучні і на развітанне з гумарам салютуюць журналісту:
— Auf Wiedersehen, Reporter Schreibikus!
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.