Воскресенье, 12 января 2025

Молодая семья приехала в Пружаны, потому что … здесь больше возможностей для старта!

1 431

Традыцыяй можна назваць імкненне моладзі шукаць сваё прызванне не там, дзе нарадзіўся, а далёка ад родных мясцін. Адны плануюць знайсці добрую работу, іншыя спадзяюцца на хутчэйшае вырашэнне жыллёвых пытанняў, трэція мараць пажыць у вялікім горадзе… Нельга сказаць, што падобныя жаданні дарэмныя, аб чым сведчыць прыклад многіх выбітных пружанцаў, прозвішчы якіх сталі вядомыя нават за межамі Беларусі. Аднак…


Юнак з Барысава Яўген Баранаў пазнаёміўся з карэннай мінчанкай Вольгай Веснячок падчас вучобы ва ўніверсітэце. Пасля заканчэння вучобы яны стварылі сям‘ю і таксама будавалі планы па асваенні сталічнай прасторы.
Спачатку жаданні паспяхова рэалізоўваліся: быў і дах над галавой, і высокааплачваемая работа. Але… нечага не хапала для душэўнай раўнавагі. Будзённасць жыцця не задавольвала маладых людзей. Ідэю падказала Вольга: «Чаму б нам не заняцца ўласнай справай?». Прапанову жонкі Яўген падтрымаў з адной агаворкай. Мінск — вялікі горад і нават немалая кампанія можа ў ім застацца незаўважнай, а не толькі індывідуальны прадпрымальнік. Высокая канкурэнцыя, «разбэшчаныя» пакупнікі, якіх вельмі складана здзівіць чым-небудзь новым.
— Трэба ехаць у глыбінку,— вырашыў Яўген Станіслававіч і сужэнцы прыступілі да выбару месца свайго новага прыпынку. Па праўдзе кажучы, думалі яны нядоўга, бо Яўгену з дзяцінства былі вельмі добра знаёмыя Пружаны, адкуль родам яго маці, Ларыса Васільеўна. Накіраванасць магазіна «падказалі» дзеці — Святлана і Елісей. У свой час маладым бацькам даводзілася шукаць патрэбнае дзіцячае адзенне, таму яны вырашылі дапамагчы іншым татам і мамам у такім жа пошуку.
Дарэчы, сын «дапамог» і назваць магазін дзіцячага адзення: некалі сябра сям’і празваў малога «Кісяльком», таму новы гандлёвы аб’ект, які напрыканцы красавіка з’явіўся на другім паверсе гандлёвага дома «АСТ» па вуліцы Савецкай, займеў такую ж назву.
— Вельмі падабаецца, калі людзі атрымліваюць задавальненне ад таго, што знайшлі, чым парадаваць сваіх дзяцей, бачыць, як свецяцца вочы малых, якія атрымалі абноўку,— дзеляцца ўражаннямі ўладальнікі «Кісялька».— І вельмі прыемна чуць шчырыя словы ўдзячнасці.
Яўген і Вольга кажуць, што менавіта гэтага ім не хапала ў жыцці. Яны ўжо зрабілі анкетаванне пакупнікоў, каб даведацца, што патрэбна мясцовым маладым бацькам, згодна з яго вынікамі сфармавалі асартымент.
Безумоўна, маладыя прадпрымальнікі пакуль толькі «адной нагой» замацаваліся на Пружаншчыне: у Мінску трымае асноўны прыбытак ад першай работы. Але маладая сям’я не выключае: калі ўдасца раскруціцца менавіта тут, то Вольга і Яўген разам з дзецьмі ахвотна пераедуць за 300 кіламетраў ад сталіцы. На пастаяннае месца жыхарства.
Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).