Не так ужо і важна, дзе ты жывеш: у горадзе ці вёсцы, — галоўнае, каб быў дах над галавой, а ў доме панавалі мір і ўзаемаразуменне. У гэтым перакананы Ірына і Арцём Япішкі з Лінова…
Арцём — ураджэнец Бярозаўшчыны, Ірына — родам з Лінова. Упершыню лёс звёў іх на вяселлі стрыечнага брата Іры.
— Тады, шчыра кажучы, мне было не да знаёмстваў: на мяне ўсклалі важную місію — сведкі маладога, — прызнаецца Арцём. — А вось, калі праз некаторы час сябар запрасіў ужо на хрэсьбіны, тады і звярнуў увагу на Іру.
Праўда, завесці блізкае знаёмства чамусьці рашыўся не адразу: толькі праз некалькі дзён даведаўся нумар тэлефона дзяўчыны і адправіў ёй жартаўлівае СМС-паведамленне. У той час Арцём працаваў у Маскве, таму сустракацца настолькі часта, як хацелася б, у маладых людзей не атрымлівалася.
— Звычайна спатканні праходзілі на нейтральнай тэрыторыі — у Пружанах: гулялі, хадзілі ў кафэ, — успамінае пра «букетна-цукеркавы» перыяд дзяўчына. — Вясной у нас склаліся адносіны, а восенню згулялі вяселле. У дзень нараджэння ад Арцёма прыйшло СМС з тэкстам «Прыйшоў час «завязваць» мне з халасцяцкім жыццём. Як ты лічыш?»
Ірына згадзілася. З таго часу мінула шэсць гадоў.
Адразу маладая сям’я жыла ў Бярозе. Ірыне на новым месцы жыхарства давялося перакваліфікавацца з настаўніцы і пайсці працаваць на мясцовы мясакамбінат. А калі на свет з’явілася дачушка Даша, маладыя бацькі зразумелі, што пара падумаць пра ўласны дах над галавой.
— Пераканана, што ў любой сітуацыі трэба рэальна глядзець на рэчы, — гаворыць субяседніца. — Прыдбаць свой куточак у Бярозе нам было не па кішэні. А тут яшчэ і тата паказаў хаты, якія ў Лінове былі выстаўлены на продаж. Адна з іх нам і спадабалася.
Вядома, новым гаспадарам, перш чым перасяліцца, давялося ўкласці яшчэ нямала сродкаў і сіл у рэканструкцыю старэнькай вясковай хаткі. Літаральна за год непрыкметны домік па вуліцы Школьнай непазнавальна змяніўся.
— Каб зэканоміць, давялося навучыцца многае рабіць сваімі рукамі, — расказвае гаспадар. — І блокі клаў, калі прыбудоўвалі частку дома, і блок-хаўсам аздабляў фасады, і гіпсакардонам абшываў сцены… Дзякуй бацькам за тое, што дапамагалі. І вось ужо чатыры гады, як перасяліліся.
Сёння Ірына і Арцём — шматдзетныя бацькі. Ужо ва ўласным жыллі сям’я Япішкаў павялічылася яшчэ на два чалавекі: тры гады таму нарадзілася Карына, а літаральна тры месяцы таму — Злата.
Маладая сям’я не сядзіць склаўшы рукі: на сваім участку ў 25 сотак абнаўляюць сад, які дастаўся ад папярэдніх гаспадароў, добраўпарадкоўваюць двор, пабудавалі альтанку…
— Спачатку загарэліся і абзавяліся фазанамі. Але, на жаль, давялося развітацца з такой гаспадаркай, — гаворыць Арцём. — Мне, работніку птушкафабрыкі, нельга трымаць птушак на падворку.
А пазалетась сядзіба Япішкаў аказалася бронзавым прызёрам у конкурсе лепшых маладзёжных падворкаў Пружаншчыны. А ў гэтым годзе Ірына і Арцём плануюць памерацца сіламі з прэтэндэнтамі на званне раённага «Уладара сяла».
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.