Воскресенье, 19 января 2025

Моладзь раёна ўзгадала гістарычныя этапы развіцця краіны і задала пытанні старшыні райвыканкама падчас дыялогавай пляцоўкі

455

15 верасня моладзь раёна сабралася на дыялогавую пляцоўку «Беларусь адзіная», прысвечаную Дню народнага адзінства. Удзел у мерапрыемстве прымалі старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік, пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі.

Вучні гарадскіх школ прыйшлі на сустрэчу, каб яшчэ раз успомніць гісторыю нашай дзяржавы, звярнуць увагу на ўрокі, якія яна нам падносіла, а таксама пагаварыць аб сучаснасці і будучыні.

Сёння немагчыма ўявіць палітычную карту свету без Беларусі. Наша краіна — гэта родны дом для амаль 9,5 млн грамадзян, падмурак якога ствараўся многімі пакаленнямі беларусаў. Нас заўсёды яднала імкненне быць гаспадарамі на сваёй зямлі і жыць сваім розумам.

Напачатку мерапрыемства разам з Аляксандрам Момлікам удзельнікі ўзгадалі асноўныя этапы станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Асаблівую ўвагу спікер надаў важнай даце ў нашай гісторыі: 17 верасня 1939 г., напярэдадні Дня народнага адзінства, падкрэслівалася значнасць уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Гістарычная справядлівасць перамагла: адзіная беларуская дзяржава была адноўлена.

Аляксандр Вярбіцкі падрыхтаваў паведамленне аб становішчы беларусаў падчас нямецкай акупацыі, увасабленні ў жыццё плана «Ост», у тым ліку і на пружанскай зямлі. Ён расказаў аб узбуджэнні ў красавіку 2021 г. крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ў пасляваенны перыяд. У рамках расследавання гэтай крымінальнай справы было вызначана, што на тэрыторыі сучаснай Пружаншчыны было знішчана 134 населеныя пункты. Пракурор падкрэсліў, што работа па выкрыцці фактаў генацыду насельніцтва працягваецца, кропку ў ёй пакуль ставіць рана.

Расследаванне дадзенай крымінальнай справы з’яўляецца данінай памяці загінуўшым і бязвінна знішчаным грамадзянам нашай краіны, але адначасова яно нацэлена на забеспячэнне выканання прынцыпаў непазбежнасці адказнасці, аднаўленне гістарычнай і сацыяльнай справядлівасці.

Міхаіл Грышкевіч расказаў пра дасягненні суверэннай Беларусі і перспектывы развіцця Пружанскага раёна. Ён красамоўна распавёў пра час развалу Савецкага Саюза, падмацоўваў сваё апавяданне прыкладамі з уласнага вопыту.

А потым старшыня райвыканкама пацікавіўся, што моладзь можа прапанаваць для паляпшэння ўзроўню жыцця гараджан, якія праблемы яе турбуюць. Старшакласнікі ахвотна дзяліліся сваімі думкамі і ідэямі, задавалі актуальныя пытанні. Кіраўнік райвыканкама, у сваю чаргу, адкрыта даваў адказы, шчыра размаўляў з прысутнымі, жартаваў. У выніку атрымалася нязмушаная гутарка, гэта значыць, дыялогавая пляцоўка прайшла на «ўра!»

Юлія Янушка. Фота аўтара