
Менавіта пад такой назвай у аддзяленнях «Белаграпрамбанка» ўсёй краіны праходзіць выстава-продаж творчых работ людзей з фізічнымі абмежаваннямі. Праект арганізаваны Белаграпрамбанкам пры цесным узаемадзеянні з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.
Інклюзіўны праект рэалізуецца з 2021 года. За гэты час да яго далучыліся 50 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання, дзе людзі з інваліднасцю ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў адкрываюць для сябе свет мастацтва. Пружанскі ТЦСАН таксама не стаў выключэннем. Экспазіцыйная пляцоўка адкрылася ў холе падраздзялення «Белаграпрамбанка» па вул. Урбановіча. На ёй прадстаўлена каля 60 унікальных работ майстроў з абмежаванымі магчымасцямі: карціны, лялькі, вырабы з бісеру…
Пад кіраўніцтвам вопытных настаўнікаў удзельнікі праекта асвойваюць розныя тэхнікі: ад жывапісу да алмазнай вышыўкі, ад аплікацыі ніткамі да стварэння пано. Кожная работа — гэта не проста прыгожы выраб, а гісторыя пераадолення, натхнення і таленту. Творы раскрываюць душу свайго майстра, яго ўнутраныя перажыванні і магчымасці.
На занятках падапечныя цэнтра асвойваюць не толькі розныя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але і праз свае работы вучацца размаўляць з навакольным светам, паколькі творчасць — гэта яшчэ і магчымасць быць пачутым.
Спецыялісты Белаграпрамбанка прапанавалі праводзіць выставы на рэгулярнай аснове, каб работы маглі ўбачыць супрацоўнікі, кліенты і партнёры банкаўскай установы. Любы жадаючы можа набыць упадабаны выраб па так званым «свабодным кошце». За час праекта па ўсёй краіне прададзена больш за 560 карцін асаблівых аўтараў. І гэта не проста лічбы, а рэальная дапамога і прызнанне.
Для людзей з інваліднасцю падобныя праекты — шанц раскрыць свой патэнцыял, паверыць у сябе і адчуць сваю значнасць. А для грамадства — магчымасць убачыць, на што здольны чалавек, калі яму даюць падтрымку і веру. Фінансавыя арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у такіх ініцыятывах, робяць значна больш, чым проста дабрачыннасць. Яны ствараюць масты паміж рознымі людзьмі, даказваючы, што мастацтва, дабро і чалавечнасць не маюць межаў.
«Мой свет у фарбах» — не проста дабрачынная акцыя. Гэта гісторыя пра тое, як творчасць мяняе жыцці, а добрыя справы аб’ядноўваюць і гуртуюць. У гэтым іх галоўная каштоўнасць і сіла!
У кожнага з нас ёсць шанец стаць часткай вялікага інклюзіўнага праекта. Давайце разам падтрымаем таленавітых удзельнікаў і дадзім ім магчымасць паверыць у сябе. Выставу можна наведаць да канца мая.
Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік