Пятница, 13 июня 2025

Моцныя — у адзінстве!

512

Дыялогавая пляцоўка «У адзінстве пакаленняў — наша сіла» 11 верасня прайшла ў гімназіі г. Пружаны. Мерапрыемства было прысвечана Дню народнага адзінства. Удзел у рабоце дыялогавай пляцоўкі прынялі старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Момлік, першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання «БРСМ» Ульяна Апаляйчук.

Даводзілася раней бываць на такога кшталту мерапрыемствах не толькі ў Пружанах, але і ў іншых рэгіёнах краіны. Гэтае ж было адметна сваёй цікавасцю, шчырасцю, нават утульнасцю. Чаму так? Ды вельмі проста: не часта зможаш задаць пытанні кіраўніку раёна, ды не дзяжурныя накшталт «што зрабілі, што плануеце», а асабістыя, і атрымаць на іх шчырыя адказы. Так і павінна быць. Калі хочаш, каб цябе разумелі і пранікліся даверам, будзь з суразмоўцай шчырым.

У самым пачатку спікер дыялогавай пляцоўкі настаўніца рускай мовы і літаратуры Ірына Ігнашэвіч дала слова Аляксандру Момліку, які ў даволі даступнай форме нагадаў нашым слухачам гісторыю самага маладога, але такога патрэбнага для нас свята — Дня народнага адзінства. Толькі ў адзінстве наша сіла. Разам нас не змогуць зламаць ні знешнія, ні ўнутраныя непрыяцелі, як бы яны ні стараліся. А падобных спроб на працягу мінулага і цяперашняга стагоддзяў было нямала. Колькі навал праходзіла праз тэрыторыю Беларусі, войнаў… Нават тое, што наш народ па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора ў 1921 годзе быў падзелены і частка краіны адышла да Польшчы, гаворыць пра многае. Нас спрабавалі раз’яднаць. Але гэтае раздзяленне было непрацяглым. Аднаўленне ў 1939 годзе адзінства дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць пачэснае месца ў міжнароднай суполцы, стаць адной з сузаснавальніц ААН. Сёння беларускі народ адзіны ў выбары стратэгічнага курсу на развіццё моцнай суверэннай і квітнеючай краіны. Устанаўленне Дня народнага адзінства 17 верасня падкрэслівае пераемнасць пакаленняў, непарушнасць і самадастатковасць беларускай нацыі і дзяржаўнасці. Толькі разам мы будзем непераможнымі.

Затым Міхаіл Грышкевіч адказаў на шматлікія пытанні юных пружанцаў. Гімназістаў цікавіла: што трэба зрабіць, каб стаць старшынёй райвыканкама, дзе лепей працаваць — у Кобрыне ці ў Пружанах, ці могуць дзеці мець кішэнныя грошы, які прадмет быў лю-бімы ў школе і ў ВНУ у Міхаіла Грышкевіча, ці трэба прыслухоўвацца да меркаванняў бацькоў, якія новаўвядзенні плануецца ўкараніць у Пружанскім раёне і многія іншыя. Міхаіл Міхайлавіч адказваў шчыра на ўсе пытанні. Гэта добра, што многія з суразмоўцаў маюць здаровыя амбіцыі. Старшыня райвыканкама не сумняваецца, што, магчыма, тут сядзяць будучыя кіраўнікі не толькі раёна, але і краіны. Каб дабіцца поспехаў, трэба вучыцца, авалодваць ведамі і быць Чалавекам. Самыя лепшыя кішэнныя грошы — заробленыя сваёй працай. Тады і траціць іх будзеш з карысцю. Выхаваннем асобы павінны займацца бацькі, школа — даваць патрэбныя веды. Ад прыкладу бацькоў залежыць станаўленне характару чалавека, а іх добрыя жыццёвыя парады трэба прымяняць на справе. У ходзе дыялогу аказалася, што старшыня райвыканкама любіць фізіку, геаметрыю, вышэйшую матэматыку.

Міхаіл Грышкевіч запрасіў моладзь прыйсці да яго ў госці ў рабочы кабінет, азнаёміцца з абстаноўкай, умовамі працы старшыні райвыканкама.

Не сумняваюся, што гэтую сустрэчу гімназісты запомнілі надоўга. А многія парады, якія пачулі ад Міхаіла Міхайлавіча, возьмуць на ўзбраенне.

Дырэктар гімназіі Ала Сомава выказала словы падзякі кіраўніку раёна за тое, што знайшоў час і сустрэўся са старшакласнікамі.

Напрыканцы моладзь наладзіла флэшмоб, прысвечаны Дню народнага адзінства.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік