Понедельник, 2 декабря 2024

Багатым на спартыўныя перамогі стаў апошні вясновы месяц для юных пружанскіх спартсменаў

694

Шэраг дыпломаў і ўзнагарод прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў заваявалі ў апошнім вясновым месяцы навучэнцы Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Знакавым для навучэнкі спецыяльнасці «Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельгасвытворчасці» Дар’і Вакульчык і сёлетняга выпускніка СШ №4 Віталія Хоміча стаў 26-ы адкрыты міжнародны турнір «Кубак Палесся».

На спаборніцтвы ў Жыткавічы прыехалі моцныя спартсмены з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Дзяўчаты змагаліся ў пад’ёме гіры вагой 12 кг. У выніку першакурсніца Дар’я Вакульчык, якая перад турнірам трэніравалася ўсяго паўгода, за 10 мінут выканала 167 пад’ёмаў. Гэта дазволіла ёй стаць абсалютнай пераможцай.

Годны вынік паказаў і Віталь Хоміч. У штуршку гіры ён быў другім, у рыўку – трэцім, што ў выніку двухбор’я дазволіла яму ўзняцца на бронзавую прыступку п’едэстала.

Удзельнікам рэспубліканскіх спаборніцтваў па лёгкаатлетычным мнагаборстве cярод каледжаў, якія прайшлі 26-27 мая ў Віцебску, быў Аляксей Зайнігулаў. Навучэнец спецыяльнасці «Энергетычнае забеспячэнне сельгасвытворчасці», які сам родам з г.п.Ружаны, выступаў у складзе навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў Брэсцкай вобласці. Прадстаўнікі нашага рэгіёна ў выніку заваявалі трэцяе месца.

Трэніруюцца навучэнцы пад кіраўніцтвам выкладчыка фізічнай культуры Аляксандра Мацаюка ў фізкультурна-спартыўнай секцыі РФСК «Мухавец».

Уладзіслаў Шпарла. Фота прадастаўлена Аляксандрам Мацаюком