Четверг, 5 декабря 2024

Многодетная семья принимала поздравления от депутата Александра Левчука

1 207

Разам з першым снегам у дом сямейнага тыпу, што па вуліцы Р.Шырмы, прыйшлі першыя навагоднія віншаванні. Днямі ў рамках ці не самай кранальнай рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” шматдзетную сям’ю Лірыны і Аляксандра Нежаўцоў наведалі незвычайныя госці — Дзед Мароз са Снягуркай, якіх суправаджалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Георгіевіч Ляўчук і кіраўнік раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Таццяна Канстанцінаўна Кашкан.

Гаспадары дома і іх дзеці сустракалі гасцей пры поўным парадзе. Самыя маленькія былі нават апрануты ў касцюмы галоўных сімвалаў Новага года –мышанят. Дом зіхацеў рознакаляровымі агеньчыкамі, паветранымі шарыкамі і гірляндамі, у гасцёўні радавала вока прыгажуня-ёлка, а з кухні даносіўся водар свежай выпечкі і мандарынаў…


Цяпер ужо мінулы 2019 год стаў для сям’і асаблівым – яна папоўнілася трыма дзецьмі, двух з якіх, як зазначыла гаспадыня, яны з мужам плануюць усынавіць. Такім чынам, сёння Лірына і Аляксандр Нежаўцы гадуюць ажно адзінаццаць дзяцей. Але самыя старэйшыя ў дзень нашага візіту адсутнічалі: яны прымалі ўдзел у традыцыйных рэспубліканскіх ранішніках, наладжаных у Брэсце і Мінску.


Восем цудоўных хлопчыкаў і дзяўчынак падрыхтавалі для гасцей вершаваную праграму. Расчуленыя такім цёплым прыёмам Дзед Мароз і Снягурка (у ролі якіх, адкрыем сакрэт, выступілі члены “Белай Русі” з сярэдняй школы № 4 Сяргей Мікалаевіч Папенка і Кацярына Алегаўна Бондар) таксама чыталі вершы, а дэпутат і яго памочніца ўручылі кожнаму члену вялікай і дружнай сям’і падарункі і шчыра пажадалі ўсім здзяйснення мараў, радасці і шчасця. Таксама госці выказалі спадзяванне, што створаны гаспадарамі ачаг дабрыні і надзеі і надалей будзе саграваць і напаўняць любоўю дзіцячыя сэрцы… 


На развітанне дзеці спыталі ў Дзеда Мароза, ці плануе ён завезці ў Пружаны мароз і снег, каб зляпіць нарэшце снегавіка? Стары абнадзеіў, што ў хуткім часе Пружаны атрымаюць “зімовую” пасылку.
Алеся Смайлік.