Среда, 6 ноября 2024

Многодетная мама получила субсидию и занялась… воздушными шариками

1 709

У двухпавярховым гандлёвым аб’екце «777», што каля СШ №5, дзе размясцілася нямала магазінаў, нядаўна з’явіўся куток, упрыгожаны надзімнымі шарамі і зробленымі з іх разнастайнымі кампазіцыямі. Гэта свае магчымасці дэманструе індывідуальная прадпрымальніца і шматдзетная маці з в.Смаляны Алёна Вайтовіч. У якасці напрамку сваёй дзейнасці жанчына выбрала бізнес, які стварае людзям добры настрой: падрыхтоўка ўпрыгожанняў з паветраных шароў для разнастайных святочных мерапрыемстваў. Хаця, як прызнаецца Алёна Васільеўна, яшчэ зусім нядаўна яна інакш планавала сваё жыццё.
Мяняць планы А.В.Вайтовіч прымусілі… дзеці. Да гэтага моманту жанчына паспела набыць спецыяльнасць прадаўца і крыху папрацаваць па ёй. Але ж змены ў сямейным жыцці — нараджэнне аднаго, другога, а потым і трэцяга дзіцяці — прымусілі шукаць іншыя варыянты ў працаўладкаванні.
— Знайсці работу, якая дала б мне магчымасць больш часу траціць на выхаванне дзяцей, аказалася нерэальна. Таму я была вымушана зарэгістравацца ў службе занятасці ў якасці беспрацоўнай,— расказвае Алёна Васільеўна. Адпаведных прапаноў вакансій доўга не было, нават надзея ўжо знікала, ды супрацоўнікі аддзела занятасці параілі ёй самастойна вырашаць свае праблемы. Дакладней, адкрыць уласную справу, дзе жанчына сама будзе гаспадыняй і на свой розум зможа размяркоўваць працоўны час.
Як прызнаецца Алёна Вайтовіч, было вельмі трывожна пачынаць прадпрымальніцкую дзейнасць: неабходны пачатковы капітал, які з-за высокай стартавай рызыкі можна проста страціць. Таксама доўга раздумвала, чым такім яна магла б заняцца, што будзе мець попыт і дасць магчымасць зарабіць грошы.
— Вагалася я даволі доўга, але аднойчы ў Брэсце набыла для дзяцей цацку з паветраных шароў і дома паспрабавала разабраць-сабраць яе — і атрымалася. Так і з’явілася ідэя, чым можна заняцца і ў Пружанах.
У службе занятасці аказалі грунтоўную падтрымку ў рэалізацыі ідэі: Алёна Васільеўна атрымала накіраванне на адпаведныя курсы, дзе асвойвала азы прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама вучылася складаць бізнес-план. Пасля гэтага яна атрымала дзяржаўную бязвыплатную субсідыю на адкрыццё сваёй справы.
— Я жыву ў сельскай мясцовасці, таму мне была выдзелена фінансавая падтрымка ў памеры 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму,— расказвае прадпрымальніца.— Сумы амаль у тры тысячы рублёў мне хапіла на закупку дарагога абсталявання і некаторай колькасці расходнікаў, што дало магчымасць узяць добры старт і акупілася літаральна за паўгода.
На паслугі Алёны Васільеўны, як і разлічвала жанчына, ёсць трывалы попыт: яе работы можна было ўбачыць на адкрыцці будынка раённага суда, на сямейна-спартыўным свяце міліцыянераў, што гэтай восенню прайшло на гарадскім стадыёне, з заказамі да прадпрымальніцы звярталіся многія арганізацыі горада і раёна.

Безумоўна, пакуль бізнес А.В.Вайтовіч яшчэ толькі стартаваў, таму аб істотным прыбытку гаварыць рана. Але жанчына адчула сваю запатрабаванасць, і гэта дае ёй падставу будаваць далейшыя планы. Што, зразумела, падштурхоўвае да «нараджэння» новых творчых ідэй. Сур’ёзную падтрымку Алёна Васільеўна зараз атрымлівае ад сваіх дзяцей: малыя сваёй рэакцыяй экзаменуюць матуліны вырабы, а старэйшая Карына ўжо нават прымае ўдзел у стварэнні розных кампазіцый.
— Разумею, што дзяржава дала мне толькі штуршок для самазанятасці, далей я павінна «расці» самастойна. Таму ў будучым планую асвойваць дадатковыя паслугі ў тым жа накірунку стварэння ўпрыгожанняў на святочныя мерапрыемствы. Напрыклад, зараз грунтоўна вывучаю вырабы з магнітаў, праглядаю карысную інфармацыю ў інтэрнэце.
А яшчэ Алёна Вайтовіч марыць прыняць удзел у штогадовым Беларускім фестывалі паветраных шароў «ПАВЕТРА», якую ў Мінску праводзіць кампанія «ШАРТЭ».
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *