Понедельник, 12 мая 2025

Міжрэгіянальны дыстанцыйны конкурс «Пад звон званоў велікодных»

307
На здымку: Святлана Багдановіч (злева) са старэйшай наведвальніцай аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Галінай Немцавай.

У Драгічынскім раёне прайшоў міжрэгіянальны дыстанцыйны конкурс «Пад звон званоў велікодных» сярод грамадзян пажылога ўзросту. У намінацыі «Велікодны перазвон» заняла першае месца валанцёр аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ДУ «Пружанскі ТЦСАН» Святлана Багдановіч. Яна лепш за ўсіх канкурсантаў распавяла пра гісторыю светлага свята, царкоўную абраднасць, народныя традыцыі.

Святлана Мікалаеўна не проста данесла да слухачоў тэарэтычныя веды: яна сама свята захоўвае традыцыі продкаў, жыве па запаветах бацькоў, прыслу- хоўваецца да шматлікіх народных прыкмет і вучыць гэтаму іншых.

— Чым вышэй пачуццё нацыянальнага, тым лепш чалавек усведамляе сутнасць і гістарычную ролю свайго народа, — кажа жанчына. — Традыцыі — гэта ўсё тое, што перадаецца з пакалення ў пакаленне. А ў звычаях мінулага шмат разумнага, цікавага і маляўнічага.

Святлана Багдановіч не на словах, а на справе імкнецца выхоўваць у падрастаючага пакалення правільнае стаўленне да культурнай спадчыны мінулага, шанаванне ўсяго, што дастаўляе людзям радасць.

— У кожнай сям’і абавязкова павінны быць традыцыі, якія пасля нас дзеці перанясуць у свае сем’і. Памятаю, як калісьці ў нашым доме сустракалі Вя-лікдзень: выраблялі прыгожыя фіранкі, упрыгожвалі дом, стол накрывалі абрусам, упрыгожанымі ружамі, гатавалі святочную ежу. Памятаю, як бабуля завязвала новую хустачку, умывала мяне асвечаным яйкам. Як бацька дапамагаў у вялікае свята ўдовам і хворым, — узгадвае Святлана Мікалаеўна.

Яна наогул творчы чалавек, заўсёды працавала ў сферы культуры. А цяпер знайшла сябе ў валанцёрстве, шмат часу аддае гуртковым заняткам з людзьмі «сярэбранага» ўзросту, праводзіць гульнявыя праграмы для выхаванцаў дзіцячых садкоў, школ, сацыяльнага прытулку, а таксама для наведвальнікаў аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў. Так што гэтая перамога стала заслужанай, падкрэсліла шчодрасць душы Святланы Багдановіч, яе творчы патэнцыял, які праяўляецца не толькі ў велікодныя святы.

Алена СМІРНОВА, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Пружанскага ТЦСАН. Фота Кацярыны МАСІК