Аматары шашак адразу з трох раёнаў Брэстчыны прынялі ўдзел у міжраённым турніры «Твой ход!», які на мінулым тыдні прымаў Пружанскі гарадскі Палац культуры.
Усе ўдзельнікі — наведвальнікі аддзяленняў сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з Пружан, Камянца і Івацэвіч. Па ініцыятыве нашага цэнтра ў мінулую сераду яны сустрэліся, каб пазмагацца, а заадно пагутарыць, абмяняцца ведамі і завесці новыя знаёмствы, атрымаць незабыўныя эмоцыі.
Трэба сказаць, што ўсе ўдзельнікі з вялікай адказнасцю і цікавасцю аднесліся да спаборніцтваў. Кожны імкнуўся да перамогі. Балы фіксавала суддзя Вера Шурына. Яна ж і назвала пераможцаў. Першай па выніках турніру стала каманда з Івацэвіч. На другім месцы — камянецкая каманда, а на трэцім — прадстаўнікі Пружан.
Ва ўрачыстай абстаноўцы ўдзельнікі былі ўзнагароджаны прызамі, дыпломамі і памятнымі сувенірамі. Пасадзейнічаў іх набыццю індывідуальны прадпрымальнік Уладзімір Румянцаў. Зрабіў мерапрыемства святочным і вясёлым Пружанскі аўтаклуб. Для гасцей і балельшчыкаў працавала зона з аквагрымам. Далей усіх чакаў смачны абед. Дапамогу ў яго арганізацыі аказаў пастар царквы евангельскіх хрысціян баптыстаў, якая размяшчаецца на вул. Тармасава ў райцэнтры.
Таццяна Шпарла, загадчыца аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН