Понедельник, 20 июля 2026

Міжнародны мастацкі конкурс імя Алены Лось

264

«Брэсцкай вобласці — 85!» — пад такой назвай прайшоў сёлета міжнародны мастацкі конкурс імя Алены Лось. У ім паўдзельнічала і раённая дзіцячая бібліятэка, якая, нагадаем, носіць імя знакамітай мастачкі. Наогул у гэтым міжнародным конкурсе мы ўдзельнічаем у шосты раз.

Тэмай для работ першы рэгіён быў абраны нездарма: сёлета наша вобласць адзначае юбілей з моманту ўтварэння. Усяго ў конкурсе ўзялі ўдзел 35 чалавек. Гэта навучэнцы ДШМ імя Р.Р. Шырмы г. Пружаны і Шарашоўскай ДШМ, пружанскай школы малюнка «Талент», узорнай студыі «Шклінка-маляванка» гарадскога Палаца культуры, а таксама вучні СШ № 1 імя ЧБВА г. Пружаны. Упершыню ўдзельнікамі конкурсу сталі прадстаўнікі арт-студыі «Выхаванне» з г. Мяшчоўска Калужскай вобласці Расійскай Федэрацыі, з якім супрацоўнічае наш раён. На сваіх малюнках маленькія мяшчоўцы таксама адлюстравалі першы рэгіён і яго славутыя мясціны.

Малюнкі юных мастакоў можна было ўбачыць на выставе ў бібліятэцы. Узнагароджанне ж пераможцаў і ўдзельнікаў, як і ў мінулым годзе, правялі падчас раённага свята дзіцячай творчасці «Лесвіца поспеху».

Пераможцы вызначаліся ў трох узроставых катэгорыях. Так, сярод мастакоў 7-10 гадоў лепшымі прызнаны Ксенія Козел (СШ № 1 імя ЧБВА), Ксенія Пекач і Андрэй Чапялевіч (ДШМ імя Р.Р. Шырмы).

У катэгорыі 11-13 гадоў пераможцамі сталі Кацярына Мельнік (ДШМ імя Р.Р. Шырмы), Кацярына Цібароўская (школа малюнка «Талент») і Арыядна Дульчэўская (Шарашоўская ДШМ).

І, нарэшце, лепшымі работамі сярод удзельнікаў 14-16 гадоў названы малюнкі Ганны Навумчык (СШ № 1 імя ЧБВА), Максіма Зайко і Паліны Дзяруга (ДШМ імя Р.Р. Шырмы).

Пераможцы конкурсу ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі, а ўдзельнікі атрымалі дыпломы ў намінацыях і памятныя падарункі.

Фінансавую падтрымку ў правядзенні конкурсу аказалі Беларускі фонд міру, раённыя арганізацыі РГА «Белая Русь» і грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын».

Антаніна Сухарэвіч, загадчыца раённай дзіцячай бібліятэкі імя А. Лось. Фота аўтара