Воскресенье, 15 марта 2026

Міжнародны маладзёжны семінар-злёт Брэсцкай епархіі «Адзінства» сабраў у Пружанскім раёне больш за 300 удзельнікаў

645

Міжнародны маладзёжны семінар-злёт Брэсцкай епархіі «Адзінства» на мінулым тыдні прайшоў у в. Вежнае Пружанскага раёна.

Шмат гадоў запар месцам сустрэчы праваслаўнай моладзі з’яўляецца Свята-Мікалаеўскі скіт. Сёлета ўдзельнікамі семінара-злёту, які прайшоў з 9 па 11 жніўня, сталі члены маладзёжных братэрстваў з розных епархій Беларускага Экзархата, а таксама з Польскай праваслаўнай царквы.

У першы дзень адбыўся заезд і размяшчэнне ўдзельнікаў. Іх было больш за 300 чалавек. Ужо апоўначы яны сабраліся на Боскую літургію, якую ўзначаліў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. Маліліся пра захаванне адзінства праваслаўя, спакой ва Украіне і не толькі. Напрыканцы службы адбыўся хрэсны ход.

А ўжо днём архіепіскап Іаан правёў пастырскую гутарку з удзельнікамі міжнароднага семінара-злёту. Падчас яе адказаў на пытанні, што хвалявалі моладзь. Хлопцы і дзяўчаты цікавіліся самым розным: і значэннем праваслаўя ў жыцці сучаснага чалавека, і пытаннямі ўступлення ў шлюб, і мэтай зямнога жыцця. Гутарка атрымалася вельмі пазнавальнай.

Семінар «Адзінства» працягнуў работу па секцыях. На іх абмяркоўвалі станаўленне і развіццё праваслаўя на беларускіх землях, значэнне і ролю манаскага жыцця ў сучасным свеце, гаварылі пра выбар жыццёвага шляху і многае іншае.

Знайшлося месца таксама майстар-класам, конкурсам. Быў і спартыўны блок — турнір па валейболе. Па вечарах хлопцы і дзяўчаты спявалі пад гітару, а ў апошнюю ноч семінара была арганізавана развітальная дыскатэка.

Семінар-злёт «Адзінства» ўмацоўвае веру маладых людзей, дапамагае ім знайсці новых сяброў і дае магчымасць з карысцю правесці час, таму мерапрыемства абавязкова будзе праходзіць і ў наступныя гады.

Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла