Суббота, 18 января 2025

Міжнародная навуковая экспедыцыя занялася вывучэннем кажаноў, які жывуць у падвалах Ружанскага палаца

797

Навукоўцы актыўна вывучаюць беларускія падзямеллі, у якіх могуць зімаваць кажаны. Сёлета міжнародная навуковая экспедыцыя, у склад якой увайшлі беларускія і ўкраінскія спецыялісты, наведала палацавы комплекс у Ружанах. Яе ўдзельнікі ўжо падзяліліся вынікамі.


Кажанам патрэбна наша дапамога


Як вядома, кажаны — адна з самых цікавых і карысных груп млекакормячых. Іх экалагічную ролю нельга недаацэньваць: знішчаючы велізарную колькасць начных насякомых, яны з’яўляюцца іх прыродным рэгулятарам — падтрымліваюць стабільнасць шэрага экасістэм. Вострая адчувальнасць кажаноў да змяненняў навакольнага асяроддзя дазваляе разглядаць іх як экалагічны індыкатар.


На жаль, папуляцыя кажаноў сёння знаходзіцца пад пагрозай знікнення: колькасць гэтых млекакормячых як у Беларусі, так і ў Еўропе ў цэлым на працягу апошніх дзесяцігоддзяў імкліва меншала. Прычын гэтаму шмат, пачынаючы ад гаспадарчай дзейнасці чалавека, у выніку якой кажаны страчваюць месцы для палявання і вывядзення патомства (для іх важная наяўнасць лясных лугоў і вадаёмаў, старых дуплістых дрэваў). Не лепшым чынам на развіццё папуляцыі ўплывае выкарыстанне пестыцыдаў у сельскай гаспадарцы. Разам з тым, зімуючы ў гарадах, кажаны часта трапляюць у небяспеку, сутыкаючыся з людзьмі, у якіх у дачыненні да іх склаліся пераважна дрэнныя стэрэатыпныя адносіны.
Дайшло да таго, што сёння ўсе кажаны Еўропы знаходзяцца пад аховай закона: яны занесены ў Чырвоную кнігу Міжнароднага саюза аховы прыроды, а таксама ў дапаўненні да Бонскай і Бернскай канвенцый. З 1994 года дзейнічае асобнае Пагадненне аб ахове папуляцый кажаноў Еўропы (UNEP/EUROBATS), і Беларусь зараз вядзе падрыхтоўку па далучэнні да яго.

Хто лятае ноччу па Ружанах?
У Беларусі налічваецца 19 відаў кажаноў, і, нягледзячы на тое, што яны складаюць каля 25% ад усіх відаў млекакормячых, гэты атрад доўгі час быў, бадай, найменш даследаваным з усіх. Што тычыцца падзямелляў Ружанскага палаца, тут было выяўлена чатыры віды кажаноў.


Позні кажан
Адзін з самых распаўсюджаных кажаноў Беларусі і, адначасова, адзін з найбуйнейшых. Сустракаецца пераважна ў гарадах, дзе ўлетку фармуе мацярынскія калоніі, а ўзімку спіць у халодных сухіх сховішчах. Можа здзяйсняць невялікія міграцыі (максімум на 330 км.).

Начніца Бранта
Насяляе мяшаны і шыракалістны лес. Летнія калоніі засяляюць будынкі, дрэвы, часам шпакоўні. Зімуе ў пячорах і штучных падзямеллях. Эпізадычны мігрант — зафіксаваны пералёты да 618 км. Знаходзіцца ў рызыкоўным стане, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Начніца вадзяная
Палюе звычайна над паверхняй прыродных і штучных вадаёмаў. Летам засяляе дрэвы, будынкі, масты, падвалы і г.д., у Беларусі зімуе ў штучных падзямеллях. Адлегласць паміж зімнім і летнім жытлом – прыкладна 100-150 км.

Буры вушан
Даволі распаўсюджаны ў Беларусі від. Палюе на ўзлесках, часта ў кронах дрэў. Улетку ён утварае калоніі ў будынках, а таксама ў дуплах дрэў і шпакоўнях. Зіму праводзіць у пячорах, шахтах, падвалах. Аседлы від, яго пералёт не больш за 90 км.

Чаму кажаны выбіраюць падземныя сховішчы?


Хаця б таму, што рукакрылыя не здольны будаваць сабе жытло. Увогуле ў якасці «кватэр» яны выкарыстоўваюць дрэвы, расколіны ў скалах, пабудовы і падвалы (накшталт склепаў, закінутых фартыфікацый, горных выпрацовак і г.д.). І калі вы не бачыце кажаноў, гэта не азначае, што іх няма: звяркі могуць хавацца ў шчылінах у глыбокіх нішах, недаступных воку. Халаднаватыя падвалы не прамярзаюць і ствараюць аптымальныя ўмовы для зімовай спячкі кажаноў, якая дапамагае ім перажыць зімовую бяскорміцу.

Адным словам, у падзямеллях найлепшыя ўмовы і для спячкі, і для вывядзення патомства, і для летавання, сустрэч і зносін. Невыпадкова навуковая экспедыцыя ў Ружанах пабывала напрыканцы мінулай зімы, калі рукакрылыя ўсё яшчэ знаходзіліся ў спячцы. Але дылетанту лепш не шукаць самастойнай сустрэчы з кажанамі — наведванне падвалаў, у якіх жыве шмат кажаноў, патрабуе асаблівай адказнасці. У перыяд спячкі звяркі вельмі ўразлівыя і далікатныя. Любое турбаванне можа іх разбудзіць, а гэта пагражае стратай вялікай колькасці энергіі і як вынік — гібеллю. У прыватнасці: сонных кажаноў нельга асвятляць, дакранацца да іх, доўга знаходзіцца побач, будзіць ці перамяшчаць.

Кажан у кватэры — добры госць, а не злыдзень


Да перыяду спячкі яшчэ далёка: у кажана тэмпература цела змяняецца згодна з тэмпературай навакольнага асяроддзя, і пакуль як след не пахаладае, кажан у спячку не ўпадзе. Але мацярынскія калоніі кажаноў ужо скончылі гадаванне патомства. Дарослыя і маладыя звяркі здымаюцца з месца і пачынаюць адлятаць на поўдзень: адны віды пралятаюць каля 2000 кіламетраў, іншыя — усяго 10-20 або 100 км. Яны імкнуцца на так званы «свормінг»: самкі і самцы злятаюцца ў месцы раення, дзе ў іх адбываецца спарванне.


Падчас міграцыі бывае, што кажаны залятаюць у кватэры. Панікаваць не трэба: кажаны адны з самых бяспечных для чалавека дзікіх звяроў. Насуперак стэрэатыпам, яны не распаўсюджваюць COVID-19. Звяркі не агрэсіўныя і не нападаюць на чалавека самі. Усё, што трэба зрабіць, калі заляцеў нечаканы госць, — гэта дачакацца заходу сонца, выключыць святло, расхінуць шторы і шырока раскрыць вокны. Кажан вылеціць сам. Ён арыентуецца ў прасторы, дзякуючы ультрагуку, і знойдзе дарогу на волю без праблем.


Бывае так, што кажан ляжыць на падлозе, і незразумела, траўмаваны ён ці не. Калі ўсё ж даводзіцца ўзяць кажана ў рукі, надзеньце шчыльныя пальчаткі (будаўнічыя або скураныя). Няма пальчатак? Акуратна накрыйце кажана скрынкай, падсуньце пад яе аркуш кардону і вынесіце жывёліну на двор. Асцярожна пасадзіце кажана на ствол дрэва ці іншую вертыкальную паверхню.


У 90% выпадкаў у нашай краіне ў кватэры залятаюць двухколерныя кажаны. Цікава, што раней яны адляталі ад нас на зімоўку ў Аўстрыю ды Славакію, а цяпер застаюцца зімаваць у Беларусі.
Пракансультавацца наконт дапамогі кажану можна, звязаўшыся з цэнтрам рэабілітацыі рукакрылых «Кажанаполіс»: старшыня рабочай групы АПБ па рукакрылых Аляксей Шпак — (+375-29) 213-92-57.
Марына Вакульская.

Фота прадстаўлена ўдзельнікамі міжнароднай навуковай экспедыцыі.