Среда, 19 февраля 2025

Міхайлаўскія казармы: архітэктурная спадчына мінулага

1 350

Тыя, хто бываў у Слабудцы (былым ваенным гарадку, які зараз мае статус вёскі), не маглі не заўважыць сярод стандартных пяціпавярховак савецкага часу будынкі нязвыклай архітэктуры, з асаблівымі фасадамі, упрыгожанымі арнаментамі з цэглы ці драўлянымі разнымі ліштвамі на вокнах. «Што гэта за пабудовы і хто іх узвёў?» – часта пытаюць у мясцовых жыхароў. І звычайна атрымліваюць у адказ: «Гэта пабудавалі пры Польшчы».

Салдацкія казармы пабудовы 1894г. Фота 1915 г.

Але гэта не так. Хаця, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы (1921-1939 гг.), у Слабудцы (тагачасных «Кашарах») таксама стаялі вайсковыя часці. Тады для сем’яў афіцэраў былі ўзведзены толькі два цагляныя дамы — па тыпавых праектах, без асаблівых архітэктурных адметнасцей. Слабудка мае больш даўнюю гісторыю.  Спачатку казарменны гарадок  быў заснаваны  як месца кватаравання 38-й артылерыйскай брыгады і 38-га артылерыйскага лятучага парка 38-й пяхотнай дывізіі.

У чыстым полі — на землях фальварка  Ізабелін памешчыка Трэмбіцкага — гарадок пачалі ўзводзіць вясной 1894 года.  А за год да гэтага выйшла распараджэнне аб падрыхтоўцы да будоўлі, аб чым ва Усепадданейшай справаздачы ваеннага міністэрства  адзначалася: «…приступлено к распоряжениям по постройке казарм в 14 пунктах», у тым ліку, у г. Кобрыне, раёне Пружаны – Лінёва, мястэчку  Картуз-Бяроза Пружанскага павета. Камандаваннем Віленскай ваеннай акругі былі сфарміраваны Часовыя будаўнічыя камісіі па ўзвядзенні казармаў для часцей 38-й пяхотнай дывізіі Каўказскай ваеннай акругі.  Варта ўдакладніць, што падобныя камісіі ствараліся  толькі  на час будаўніцтва казарменных гарадкоў і вырашалі ўсе пытанні,  пачынаючы з выбару месца, складання планаў і каштарысаў да арганізацыі ўзвядзення пабудоў. Будавалі сіламі і за сродкі воінскіх часцей гаспадарчым спосабам (толькі ў выключных выпадках дапускаўся падрадны, менавіта пад гэтае выключэнне з правіла і падпадалі Пружаны).

З’яўленне казармаў у раёне Пружан было выклікана мерапрыемствамі па  рэарганізацыі і ўзмацненні Варшаўскай ваеннай акругі, у якую  тэрытарыяльна павінны былі ўвайсці  паветы Гро-дзенскай губерні, у т. л., Пружанскі. У акрузе фарміраваўся XIX  армейскі корпус (штаб у г. Брэст-Літоўску), у склад  якога і  пераводзіліся з Каўказа  38-я пяхотная  дывізія, 38-я артылерыйская  брыгада і 38-ы лятучы артылерыйскі парк. 

Афіцэрскі флігель з унікальнай разьбой на аконных ліштвах. Фота 1915 і 2015 гг.

Казарменныя гарадкі ў Кобрыне, Пружанах і  Бярозе пачалі ўзводзіць адначасова. Як указвалася ва Усепадданейшай справаздачы за 1894 год: «…казармы для удешевления и ускорения постройки возводятся деревянные». Будаўніцтва драўляных казармаў дазвалялася для хутчэйшага  раскватаравання часцей. Вырашальнай акалічнасцю  было тое, што іх можна было выкарыстоўваць адразу, тады як цагляныя па тэхнічных умовах патрабавалі для ўзвядзення не менш за два гады і засяляліся толькі на другі год.

Неабходна было будаваць не толькі казармы. У ваколіцах Пружан патрэбна было раззмясціць больш за 1200 афіцэраў і салдат,  больш за 300 коней.

Такім чынам, у лістападзе 1894 года  артылерысты-«каўказцы» прыбылі ў новы, хутка пабудаваны ваенны гарадок. Будаўніцтва першай чаргі пад Пружанамі, пачатае вясной 1894 г., да канца восені ў асноўным было завершана, аб чым ваеннае міністэрства дакладала: «…Казармы вполне закончены, но ещё не сданы инженерному ведомству».

Да прыбыцця войскаў казармы, у склад якіх былі ўключаны ўсе пабудовы комплексу, былі «возведены вчерне». Наяўнасць будынкаў рэгламентавалася «Палажэннем для кіравання пры складанні праектаў казарменных будынкаў на палявую пешую артылерыйскую брыгаду» 1882 года. У ваенны комплекс уваходзілі: жылыя памяшканні для ніжэйшых чыноў, пякарня, лазня, брыгадная вучэбная каманда, прыёмны пакой, памяшканне для нестраявых ніжэйшых чыноў, майстэрні, кузня, батарэйныя цэйхгаўзы (артылерыйскі і інтэнданцкі), брыгадны лазарэтны цэйхгаўз, парахавы склеп на брыгаду, артылерыйскі (паркавы) і абозны хлявы на кожную батарэю, стайні – на кожную батарэю асобна, ветэрынарны лазарэт,  брыгадны афіцэрскі сход і жыллё афіцэрскага саставу («афіцэрскія флігелі»). Найперш былі збудаваны драўляныя адна- і двухпавярховыя флігелі двух  тыпаў: з адным і двума пад’ездамі.

Салдацкія казармы – гэта тыпавыя драўляныя баракі. Пры іх будаўніцтве былі прыняты меры для дасягнення трываласці: каменныя падмуркі, як пад вонкавымі, так і ўнутранымі сценамі;  асфальтавая падлога, пакладзеная па штучнай аснове; сцены з 6-вяршковага (27 см) сасновага бярвення, жалезныя дахі. У такой казарме змяшчаўся асабовы састаў паловы артылерыйскай батарэі – каля 100 чалавек.  Плошча падлогі спальных памяшканняў была ўстаноўлена па 4 кв. метры на салдата. У такіх казармах прадугледжваліся  пакой для фельдфебеля, батарэйная канцылярыя, мыйня, батарэйны амунічнік, батарэйная школа, кухні, сталоўкі, прыбіральні.

Гэтыя баракі стаялі амаль 80 год, перажыўшы дзве сусветныя вайны і мноства «гаспадароў».

Асноўнае будаўніцтва пружанскіх (слабудскіх) артылерыйскіх казармаў доўжылася шэсць гадоў, да 1900-га, хаця  і  ў наступныя часы з’яўляліся памяшканні рознага прызначэння.  Але драўляныя пабудовы адносіліся толькі да 1894 года: у далейшым будынкі жылога, адміністрацыйнага і гаспадарчага прызначэння ўзводзіліся з цэглы.

Трэба адзначыць, што будаўніцтва драўляна-цаглянага тыпу было ў арміі распаўсюджаным, таму што гэта рабіла таннейшым агульны кошт. Хаця эканоміць імкнуліся на другарадных негаспадарчых пабудовах: цагляныя казармы былі больш трывалымі і менш пажаранебяспечнымі. Агульны сярэдні кошт мураваных казарменных будынкаў на пяхотны полк  па тыпавым праекце складаў каля 475-500 тыс. рублёў.

Пры будаўніцтве казармаў і афіцэрскіх флігеляў на першым этапе выкарыстоўвалася цэгла, прамаркіраваная «БЛК 1889» (лічбы – гэта год выпуску, а абрэвіятура азначала «Брэст-Літоўская крэпасць»).  Атрымліваецца, што мясцовая Часовая будаўнічая камісія мела цесныя сувязі з камандаваннем крэпасці, якая перадала для пружанскіх казармаў партыю казённай цэглы, што зрабіла больш таннай будоўлю і адпавядала ўказанню, што матэрыялы пажадана атрымліваць «…бесплатно или за уменьшенную цену из казенных или общественных имуществ».

Будматэрыялы пад Пружаны траплялі з розных куткоў Расій-скай імперыі. Дахавае жалеза пастаўляў Лысьвенскі завод графа П. Шувалава (Урал), вогнетрывалую цэглу – завод М.Палуектава ў мястэчку Хроліны (Украіна) і валынскія цагельныя заводы, чарапіцу – завод фірмы «Пустэльнік» у Варшаўскім павеце. Не засталіся ў баку і мясцовыя цагельні, што станоўча ўплывала на эканоміку  Пружанскага павета. Будынкі, узведзеныя напрыканцы 1890 – пачатку 1900-х гг., звонку былі аформлены дэкаратыўнай («віленскай») цэглай жоўтага колеру, якая мела клеймы «WH».

У 1896   годзе было пачата будаўніцтва цаглянай трохпавярховай казармы.

Яна ўяўляла сабой распаўсю-джаны тып батальённай казармы, прыняты ў пяхотных палках. У аснову яе канструкцыі паклалі прынцыпы, якія выкарыстоўваліся ў першай палове ХIХ ст. пры ўзвя-дзенні абарончых казармаў рускіх крэпасцяў з нясучымі папярочнымі сценамі.

Казарма – бескалідорнага тыпу. Вышыня салдацкіх памяшканняў — 3,66 м (аб’ём паветра ў разліку 14,6 м3 на аднаго чалавека). Прызначалася для дзвюх артылерыйскіх батарэй (155-190 чалавек у кожнай). Два верхнія паверхі займалі дзве батарэі брыгады. Ніжні паверх – для гаспадарчых патрэб, навучальных класаў.  Раней на першым паверсе артылерыйскіх і кавалерыйскіх казармаў змяшчаліся стайні.

Вонкавыя сцены на верхніх і сярэдніх паверхах мелі таўшчыню ў  2,5 цэглы, ніжнія – у тры. Памер цагліны – 27х13,5х6,5 см, вага — 4,5 кг.  Сцены замацоўваліся жалезнымі звязкамі паміж першым і другім паверхамі і над перамычкай вокнаў верхняга паверха.

Мураваныя будынкі  заставаліся ў «натуральным» выглядзе –  тынкоўка, пабелка і афарбоўка цагляных фасадаў забараняліся.

Акрамя трохпавярховай казармы, на ўсходняй мяжы жылой зоны гарадка пазней з’явілася двухпавярховая. Тое, што канструкцыйна яна адносілася да тыпу артылерыйскіх ранняга перыяду праектавання, у якіх першы паверх займалі стойлы для коней, нарадзіла мясцовую легенду, нібыта першапачаткова гэта была стайня. Але гэта не так. Стайні, згодна з Палажэннямі аб пабудове казармаў, будаваліся аднапавярховымі і размяшчаліся ў баку ад жылых будынкаў асобнай групай. Іх было шэсць, па ліку батарэй у брыгадзе. Пабудаваны яны былі на паўднёвай ускраіне казармаў. У часы знаходжання тут польскага гарнізона  стайні выкарыстоўваліся па прызначэнні. Пасля Другой сусветнай вайны ў мураваных будынках былых стайняў зрабілі жыллё для сем’яў ваенных савецкага гарнізона, а ў 1970-я гг. яны былі разабраны.

Гарнізонная праваслаўная царква, аб’яднаная са сталовай. Фота 1915 г. Будынак не захаваўся

Таксама ў 1896 г. на тэрыторыі артылерыйскіх казармаў  была асвечана праваслаўная Свята-Мікалаеўская царква. Невялікі драўляны храм са званіцай быў сумешчаным з будынкам брыгаднай сталоўкі.

Кватэры для афіцэраў  уладкоўваліся толькі ў выпадку «крайняй неабходнасці» – пры немагчымасці найму жылля ў мясцовага насельніцтва. Такая неабходнасць для 38-й артбрыгады і 38-га артпарка пастаянна існавала.

Ваенны гарадок стаяў пасярод поля, у шасці вярстах ад горада і двух — ад бліжэйшай вёскі. У палажэннях па будаўніцтве казармаў існавала патрабаванне ствараць ваенныя гарадкі «вне городов или, по крайней мере, на их окраинах, преимущественно таких, разрастание которых менее вероятно». Менавіта таму разам з жыллём для салдат і  былі пабудаваны  афіцэрскія флігелі. У першачарговым парадку – кватэры для афіцэраў кіравання брыгадай і камандзіраў батарэй.

Памер жылых памяшканняў, якія займаліся афіцэрамі, залежаў ад пасады і звання. Камандзір брыгады мог мець 227,6 м2 жылой плошчы, у якую ўваходзілі пярэдняя (прыхожая), сем  пакояў (ка-бінет, зала, сталовая, спальні і г.д.), кухня з сенцамі, два пакоі для мужчынскай і жаночай прыслугі, камора. Камандзір батарэі і старшы ўрач мелі права на 136,6 м2, старшы афіцэр, малодшы ўрач і ветэрынар – на 95,6 м2, ад’ютант, казначэй, загадчыкі сталоўкі і бібліятэкі – на 36,4 м2 і г.д.

Пры афіцэрскіх кватэрах патрэбна было мець пральню і хлеў для экіпажаў.

Але ў 1894 г. нормы жылой плошчы ўжо зменшылі.  Паводле правілаў 1889 г. «…женатым и вдовцам с детьми не назначать квартир обширнее, чем холостым». Ваенным міністэрствам былі распрацаваны 22 тыпавыя праекты для афіцэрскіх флігеляў з кватэрамі розных камбінацый. Каштарыс жылых памяшканняў для афіцэраў і чыноўнікаў пяхотнага палка складаў 200-250 тыс. руб. – палову ўсяго кошту будаўніцтва казарменнага комплексу.

Водазабеспячэнне казармаў і афіцэрскіх флігеляў ажыццяўлялася з абліцаваных  каменем калодзежаў з ручной помпай. Уладкаванне водаправода не прадугледжвалася.

Меркаванне ваеннага міністэрства, што «…вслед за постройкой казарм вблизи будут возникать дома частных лиц…»  адносна пружанскіх казармаў спраўдзілася. На паўночнай ускраіне гарадка з часам узнікла невялікая слабада (прыселак), дзе сяліліся адстаўныя вайскоўцы з ніжэйшых чыноў, жыхары вёсак, якія працавалі ў гарнізоне альбо займаліся гандлем, аказаннем паслуг. Напрыклад, салдатам забаранялася чысціць дахі ад снегу, выконваць асенізацыйныя работы і інш. Слабадчане здавалі пакоі ваенным. Так з’явілася вёска, якая атрымала назву Слабодка (або Слабудка).

У расійскай арміі існавала традыцыя даваць ганаровыя імёны новым казарменна-жыллёвым комплексам.  У лютым 1900 г. гарадку 38-й артбрыгады і 38-га лятучага артпарка каля г. Пружаны прысвоілі назву «Міхайлаўскі штаб».

З некалькіх дзясяткаў пабудоў «Міхайлаўскага штаба» да нашых дзён дайшло толькі некалькі. Іх фасады выкананы ў модным на той час стылі эклектыкі. Гэты стыль набыў папулярнасць з 1830-х гг.

У 1870-я гг. распаўсюджваецца яго разнавіднасць – «цагляны стыль». Многія архітэктары лічылі выбар цэглы ў якасці асноўнага матэрыялу найбольш арганічным і рацыянальным прыёмам. «Цагляны стыль» раскрываў шырокія магчымасці для стварэння складаных дэкаратыўных формаў, патрабаваў высокага узроўню майстэрства. Просты і практычны спосаб афармлення фасадаў прыйшоў на змену нядоўгавечнай і нетрывалай тынкоўцы. Пры ўзвядзенні будынка паверхню муроўкі сталі пакідаць аголенай ці афармлялі якаснай цэглай, керамічнымі пліткамі. Выразнасць пабудоў дасягалася выкарыстаннем рэльефнай муроўкі, узор якой выдзяляўся пластыкай і колерам.

Нягледзячы на масавы заказ на будаўніцтва і жорсткія патрабаванні па патанненні работ, іх стандартызацыю, у мастацка-архітэктурных адносінах казарменныя гарадкі таго часу не былі пазбаўлены асаблівасцей і эстэтыкі. Гэта было вынікам удзелу ў стварэнні тыпавых праектаў вядучых пецярбургскіх архітэктараў – І.С. Кітнара, В.А. Шрётэра, Д.Д. Сакалова, якія ўвайшлі ў Галоўную камісію па будаўніцтве казармаў пры Ваенным савеце, створаную ў 1882 г.

Пабудовы 1880-1890-х гг. у заходніх акругах былі выкананы ў стылістыцы, характэрнай творчасці гэтых архітэктараў. Будынкі вылучаюцца стрыманасцю, адсутнасцю вычварнасці. У той жа час, матывы эклектычнага дэкаравання фасадаў супадаюць з афармленнем пецярбургскіх збудаванняў «цаглянага стылю».

У цэнтры і па баках будынкаў, дзе змешчаны лесвічныя пляцоўкі, фасады аформлены ў выглядзе рызалітаў — выступаў, прыгажосць якім надаюць розныя  наборы элементаў і дэталяў: пілястры, нішы, вокны, міжпаверхавыя паяскі, арнаменты. Кідаецца ў вочы падабенства з пецярбургскімі помнікамі псеўдагатычных бакавых і цэнтральных рызалітаў казармаў, уваходаў на лес-віцы афіцэрскіх драўляных флігеляў, з вялікімі рэнесанснымі вокнамі і дэкаратыўнымі сценамі-атыкамі.

Непасрэдна на месцах працавалі тэхнікі мясцовых Часовых будаўнічых камісій. Гэта былі прафесійныя інжынеры-будаўнікі і архітэктары, выпускнікі Пецярбургскага інстытута грамадзянскіх інжынераў і Пецярбург-скай Акадэміі мастацтваў.

Адным з яркіх іх прадстаўнікоў быў Р.Р. Артынаў. У 1893 годзе ён быў прызначаны тэхнікам у камісію па ўзвядзенні казармаў для 151-га Пяцігорскага пяхотнага палка ў Бярозе. Магчыма, пры яго ўдзеле таксама ішла будоўля ў Пружанах і «Міхайлаўскім штабе». Ствараючы праекты казармаў па тыпавых узорах Галоўнай камісіі, тэхнікі праяўлялі творчасць, стваралі індывідуальнае аблічча для кожнага гарадка.

Выдатны ўзор казармы з элементамі пецярбургскай эклектыкі захаваўся ў г. Бяроза, дзе таксама ў 1894 годзе быў створаны гарадок для 151-га пяхотнага Пяцігорскага палка 38-й пяхотнай дывізіі. Падобная трохпавярховая казарма ў «Міхайлаўскім штабе» была знесена ў 2011 г. Захавалася двухпавярховая казарма (цяпер – жылы дом), выкананая ў той жа стылістыцы, але з іншым малюнкам фасада.

Калі параўноўваць казармы, узведзеныя ў розных месцах Варшаўскай ваеннай акругі (у беларускіх Бярозе, Слоніме, Гродна, польскай Астраленцы і інш.), то  будынкі асобных гарадкоў мелі свае архітэктурныя асаблівасці.

Напрыклад, бярозаўскія і пружанскія цагляныя трохпавярховыя казармы на першы погляд ідэнтычныя. Але элементы фасаднага дэкору і ўнутраныя канструкцыі адрозніваюцца. Напрыклад, у пружанскай іншае  размяшчэнне вокнаў на фасадзе. А аднолькавыя элементы, якімі былі дэкарыраваны падаконнікі, знаходзяцца на розных паверхах: у пружанскай казарме — на трэцім, бярозаўскай – на другім). Гэта адносіцца і да афіцэрскіх флігеляў. Усе будынкі тыповыя, але маюць індывідуальнасць.

«Візітоўкай» «Міхайлаўскага штаба», дарэчы, з’яўляліся коміны пабудоў,  па-мастацку выкананыя ў адзіным стылі.

Асобныя ўзоры драўляных двухпавярховых афіцэрскіх флігеляў ХІХ стагоддзя захаваліся толькі ў Польшчы (г. Аўгустаў, г. Астраленка) і Расіі (г. Пскоў). Унікальны, уражваючы як сваёй прыгажосцю, так і высокім узроўнем майстэрства будаўнікоў, адзіны ў Беларусі прыклад такога дойлідства захаваўся і каля Пружан – у Слабудцы. Ён дайшоў да нашага часу амаль у першапачатковым выглядзе. У гэтай пабудове ўвасоблены ўсе архітэктурныя прынцыпы эпохі эклектыкі канца ХІХ стагоддзя. Гэты аднапавярховы драўляны флігель  захапляе разным  афармленнем сцен і мастацкімі ліштвамі вокнаў.

Будынак былога афіцэрскага сходу пацярпеў ад часу. Але і ў такім выглядзе ён вабіць гармоніяй і дэкорам фасадаў, з’яўляецца класічным узорам «цаглянага стылю». Добра захаваны двухпавярховы цагляны афіцэрскі флігель не менш цікавы, хоць яго мастацкае афармленне больш  стрыманае. Акадэмік Л. Бенуа ў часопісе «Зодчий» у снежні 1894 г. пісаў: «Акрамя ўсіх вышэйапісаных больш ці менш цікавых будынкаў… зроблены…  шматмільённыя будынкі выдатных казармаў на зусім новых гаспадарчых пачатках, што дало магчымасць выканаць гэтыя будынкі лепш, больш па-мастацку і танней папярэдніх. У гэтых пабудовах прымалі ўдзел нашы маладыя сілы, якія паказалі сябе на вышыні ведаў і практыкі, акадэмікі: Лыгін, Кале, Рэутаў, Мюлер, … інжынеры: Вяржбіцкі, Сербіновіч, Пашкевіч, Зайцаў і інш.».

Час не захаваў нам усіх  імёнаў тых, хто ствараў на пружанскай зямлі выдатны помнік архітэктуры – казарменны комплекс «Міхайлаўскі штаб». Але адназначна гэта былі інжынеры-будаўнікі з таго шэрага таленавітых архітэктараў, выпускнікоў Інстытута грама-дзянскіх інжынераў і Акадэміі Мастацтваў, аб якіх пісаў акадэмік Бенуа. Да нашых дзён дайшлі адзінкавыя пабудовы. Па іх мы можам скласці ўражанне аб тым, як жылі людзі не такога далёкага мінулага, якія эстэтычныя запатрабаванні грамадства былі на мяжы ХІХ – ХХ стст. і як яны ўвасабляліся нават у такіх утылітарных праектах, як казармы. Хочацца, каб гэтая культурная спадчына збераглася для будучых пакаленняў.

Уладзімір Дадзіёмаў.  Апрацоўка і пераклад  Наталлі Пракаповіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *