Пятница, 13 июня 2025

Михаил Крейдич провел в Ружанах выездной прием

1 100

Як і паабяцаў старшыня райвыканкама падчас аднаго з апошніх візітаў у Ружаны, выязныя прыёмы грамадзян кіраўніком раёна пачалі праводзіцца тут рэгулярна. Аб тым, што такая неабходнасць наспела, сведчыў апошні прыём грамадзян, які М.М.Крэйдзіч правёў у сераду на гэтым тыдні. Жадаючых сустрэцца са старшынёй, каб вырашыць набалелыя пытанні, зноў назбіралася нямала. Шматдзетная маці Ж.М.Харытончык з в.Варанілавічы, якая адна выхоўвае дзевяць дзяцей, прасіла дапамогі з ацяпленнем дома, дзе пражывае сям’я. У прыватнасці, яна жадала, каб дом быў падключаны да кацельні. І другая праблема, якая хвалявала жанчыну, – уладкаванне на работу сына пасля заканчэння навучальнай установы. Разам з даручэннем дырэктару ААТ “Ружаны-Агра” разабрацца і па магчымасці дапамагчы жанчыне старшыня райвыканкама рэкамендаваў вывучыць сітуацыю шматдзетнай сям’і і раённаму ўпраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. IMG_4879

З праблемай, якую ўзнялі жыхаркі пасёлка А.М.Антонава і М.С.Александровіч з нагоды будаўніцтва агароджы вакол рынку ў цэнтры Ружан, а таксама навядзення парадку каля электрападстанцыі і грамадскага туалета, што знаходзяцца побач, кіраўнік раёна азнаёміўся на месцы. Даручэнне райспажыўтаварыству пабудаваць агароджу і навесці адпаведны парадак на рынку было да-дзена тут жа. Жыхаркам в.Калазубы Т.У.Густыр і А.В.Атрашковай давялося не толькі агучыць сваю просьбу – дапамагчы працаўладкавацца ў ААТ “Ружаны-Агра”, але і выслухаць прэтэнзіі да іх з боку дырэктара гэтага сельгаспрадпрыемства. Маючы вопыт не лепшых працоўных адносін з гэтымі грамадзянкамі, А.М.Бурдук паставіў умову: на работу ён прыме іх пасля прадастаўлення адпаведных даведак – аб стане здароўя і кадзіраванні ад алкагалізму. Палічыўшы, што дырэктар, як ніхто іншы, добра валодае сітуацыяй у сельгаставарыстве, М.М.Крэйдзіч з такім рашэннем пагадзіўся.

З такой жа просьбай аб працаўладкаванні звярнуўся на прыём да кіраўніка раёна і жыхар Варанілавіч С.К.Сямко. Гэты візіт меў такі ж вынік, як і ў  папярэднім выпадку. Праўда, чарговага шанцу на працаўладкаванне ў  ААТ “Ружаны-Агра” мужчына так і не атрымаў.

Чарговага наведвальніка — жыхара в.Шчытна Я.М.Блізнюка, які скардзіўся на дрэнны стан дарог у наваколлі вёскі, Міхаіл Мікалаевіч Крэйдзіч папрасіў крыху пачакаць з выкананнем просьбы.

— Калі зрабіць грэйдзіраванне дарог пры ападках, якія пакуль назіраюцца, — сказаў ён, — гэта будзе марна выкананая работа і дарэмна выкінутыя грошы. Каб сапраўды паправіць сітуацыю, неабходныя дарожныя работы будуць зроблены з надыходам спрыяльнага надвор’я.

А вось з нараканнем гэтага чалавека на тое, што ў вёску, дзе засталіся жыць лічаныя састарэлыя людзі, дарэмна прыязджае машына па смецце (бо яго ніхто не выкідае), старшыня райвыканкама часткова пагадзіўся. З гэтай нагоды ён рэкамендаваў дырэктару КУВП “Камунальнік” прааналізаваць сітуацыю і перагледзець графікі збору смецця ў вёсках, дзе пражываюць па два-тры чалавекі.

Пры сваіх інтарэсах засталася пакуль жыхарка Калазубаў В.М.Крайняя, якая жадае, каб ёй бязвыплатна перадалі частку дома, дзе пражывае яе сям’я. Але такога права ў ААТ “Ружаны-Агра”, на балансе якога знаходзіцца жыллё, проста няма.

Цэлы блок пытанняў, з якімі звярнуўся да старшыні райвыканкама жыхар в.Ласасін    М.А.Новік, быў перададзены ў райветслужбу.

— Кантроль якасці малака павінен быць, — зазначыў М.М.Крэйдзіч, — пры чым аднолькавы ў адносінах да ўсіх вяскоўцаў, якія трымаюць кароў.

А вось імпэт, з якім звярнулася на прыём ружанка Л.М.Лаўрэнава, разам з кіраўніком раёна давялося стрымліваць і іншым прысутным службовым асобам. Аргументуючы, што яна выступае ад імя жыхароў пасёлка, Людміла Міхайлаўна ўзнімала ўсемагчымыя праблемы: ад рамонту вуліц і іх азелянення да недахопу тавараў у магазінах. У прыватнасці, на заўвагу аб тым, што камунальшчыкі наогул забыліся пра пасёлак, нягледзячы на штомесячныя адлічэнні жыхароў на капрамонт жылфонда, прадстаўнікі КУВП “Камунальнік” далі пабрабязную інфармацыю за мінулыя гады. Што ж атрымліваецца?

У 2014 годзе адлічэнні насельніцтва г.п.Ружаны на капрамонт склалі каля 190 мільёнаў рублёў, у 2015 годзе – каля 260 мільёнаў. Для параўнання: у 2014 годзе на капітальны рамонт жылфонда пасёлка было асвоена 1 мільярд 425 мільёнаў рублёў – работы вяліся ў жылых дамах №1А па вуліцы Урбановіча і №4 па вуліцы Чырвонаармейскай. У 2015 годзе на рамонт жылля было выдаткавана “Камунальнікам” 1 мільярд 511 мільёнаў рублёў. За гэтыя сродкі былі працягнуты работы ў доме №4 па вуліцы Чырвонаармейскай, завершаны ў доме №6 і пачаты ў доме №2 па гэтай жа вуліцы.

Галіна Каляда. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *