Воскресенье, 15 марта 2026

Міхаіл Грышкевіч уручыў ордэны Маці жанчынам, якія нарадзілі і выхоўваюць пяцёра дзяцей

594

Апошні рабочы дзень напярэдадні Новага года для дзвюх жыхарак Пружанскага раёна стаў адметным і запамінальным.

Старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч уручыў ордэны Маці жанчынам, якія нарадзілі і выхоўваюць пяцёра дзяцей. Узнагароды з рук кіраўніка раёна атрымалі Таццяна Шыпук, якая працуе ўрачом-стаматолагам-тэрапеўтам стаматалагічнага кабінета Ліноўскай амбулаторыі агульнай практыкі (на здымку), і Святлана Якута — супрацоўніца Ружанскага цэнтра культуры і вольнага часу.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання мы пацікавіліся, ці лёгка быць шматдзетнай мамай?

Таццяна Шыпук адказала сумленна:

— Зусім нялёгка быць мамай пецярых дзяцей. Чым старэйшай становішся, тым гэта больш усведамляеш. Дзеці растуць — і, як аказваецца, патрабуюць да сябе больш увагі. З імі трэба размаўляць, як з дарослымі. Да кожнага трэба знаходзіць свой падыход, і да дзяўчынак, і да хлопцаў. Вялікая палёгка ў тым, што яны сябруюць, дапамагаюць адзін аднаму. Старэйшае маё дзіця мае інваліднасць. Астатнія дзеткі сканцэнтраваліся на дапамозе мне, разумеюць, што мне нялёгка. Гэта нас згуртавала.

Для меня атрыманне гэтай высокай узнагароды стала вельмі хвалюючай, але разам з тым прыемнай падзеяй, — кажа Таццяна Міхайлаўна. — Усведамляеш, што мацярынства ў нашай краіне падтрымліваецца на самым высокім узроўні. Калі ў нашай сям‘і пачалі нараджацца дзеці, гэта ўжо быў як дар Божы, не думалася пра тое, што маці, якая выхоўвае шмат дзяцей, дастойная яшчэ і дзяржаўнай узнагароды, што яе заўважаюць, дапамагаюць, бяруць інтэрв’ю. А гэта так і ёсць. Я рада такой падзеі.

Сваімі ўражаннямі ад атрымання высокай узнагароды падзялілася і Святлана Якута:

— Быць шматдзетнай мамай — гэта вельмі адказная місія. Я заўсёды хвалююся за сваіх дзяцей, разважаю, ці добра іх выхоўваю. Мяркую так: якімі вырастаюць нашы дзеці, такая нам будзе ў далейшым наканавана і старасць.

У мяне дзеці вельмі дружныя, заўсёды дапамагаюць адзін аднаму, усё робяць разам. Старэйшай маёй дачцэ ўжо 34 гады, малодшаму сыну — 12 гадоў. Наогул, лічу, што дзяцей трэба выхоўваць у поўным даверы, дабрыні, уважлівасці. Бацькі павінны быць прыкладам для сваіх нашчадкаў. Трэба звяртаць увагу на праблемы сваіх сыноў і дачок, старацца разам іх выправіць. Прызнаюся, што высокая ўзнагарода для мяне стала даволі нечаканай. Хвалююся, але разам з тым прыемна, што шматдзетных маці дзяржава не забывае, дапамагае і, нават, узнагароджвае, — зазначыла Святлана Сяргееўна.

Мы далучаемся да віншаванняў маці з высокай узнагародай. Жадаем ім моцнага здароўя, трываласці і мужнасці ў выхаванні дастойных грамадзян нашай краіны.

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара